Шматлікія акцыі пратэсту супраць грубага ўжывання сілы ў дачыненні да нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў ускалыхнулі ўсю краіну. Паводле дадзеных Праваабарончага Цэнтра “Вясна” па ўсёй краіне за тры дні было затрымана каля 7000 чалавек, 250 чалавек было змешчана ў вайсковы шпіталь у Менску, у 10-ты шпіталь і ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі са шматлікімі раненнямі і траўмамі.
Нобілеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч назвала напады на людзей, якія адбываліся ў Менску ноччу 9, 10 і 11 жніўня праявамі сатанінскай лютасці. Не адно пакаленне беларусаў, выхаванае на кнігах Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Навуменкі не можа змірыцца з фактамі зверскіх катаванняў у мірны час на нашай шматпакутнай зямлі, якая пераадолела фашызм у сваёй гісторыі.
13 -14 жніўня працоўныя калектывы прадпрыемстваў па ўсёй краіне выступілі супраць ужывання грубай сілы адносна мірнага насельніцтва. На прахад-ную з патрабаваннямі выйшлі абураныя працаўнікі “БелАЗа”. Яны сустрэліся з дырэктарам прадпрыемства і мэрам Жодзіна. Работнікі МТЗ у Менску запатрабавалі вызваліць усіх затрыманых, спыніць гвалт, адхіліць Прэзідэнта і прызначыць новыя выбары. 14 жніўня тысячная калонна працаўнікоў МТЗ з плакатамі “Мы не быдло, не народец, мы – работники МТЗ, нас не 20 человек, а 16.000” крочыла па праспекце Незалежнасці сталіцы да Дома ўраду. Салідарнасць, перакананасць і рашучасць аб’ядноўваюць людзей.
Да адміністрацыі з патрабаваннямі звярнуліся працаўнікі Гарадзенскага “Хімвалакна”. Да мясцовых уладаў звярнуўся працоўны калектыў МСП “Белкард”. Спынілі працу на некалькі гадзінаў і выставілі свае патрабаванні працаўнікі Беларускай чыгункі, “Кераміна”, “Нафтана”.
Сталі вядовыя факты сумленных учынкаў прадстаўнікоў розных прафесій, якія больш не згодныя падпарадкоўвацца сістэме хлусні.
Вядоўца праграмы “Арсенал” на тэлеканале Беларусь-1 Уладзімір Бурко сышоў з тэлебачання і звярнуўся да вайскоўцам са зваротам, у якім ён заклікаў афіцэраў да годных паводзінаў. З тэлеканала Беларусь-1 сышоў таксама тэлевядоўца Яўген Перлін. Капітан міліцыі Ягор Емельянаў падаў у адстаўку, бо больш не згодны знаходзіцца ў шэрагах людзей, якія чыняць гвалт над мірным насельніцтвам. Лаўрэаты прэміі Прэзідэнта для адоранай моладзі адмовіліся ад прэмій і званняў, навучэнцы гімназій пачалі вяртаць свае медалі і ўзнагароды.
12 жніўня шматлікія акцыі салідарнасці прайшлі па ўсё краіне. У Менску дзяўчаты і жанчыны, пратэстуючы супраць гвалту над іх мужамі, братамі, сынамі і каханымі, у белых вопратках з кветкамі ў руках станавіліся ў доўгія ланцугі на Плошчы Перамогі, ля будынка Філармоніі, ля станцыі метро Усход.
Да пратэстаў далучыліся дактары 1-ай клінічнай бальніцы, якія ў дзённы час выйшлі на праспект Незалежнасці, і дактары РНПЦ “Кардыялогія”. Медыкі зноў праявілі сваю высокую сумленнасць і гуманнасць. Каля 50 медыцынскіх работнікаў выйшлі з плакатамі “Спыніць гвалт” да будынка Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта ў Пятроўшчыне. Дактары выступілі таксама ў падтрымку свайго калегі, беларускамоўнага лекара, кандыдата медыцынскіх навук, дзіцячага анестэзіолага і рэаніматолага Андрэя Вітушкі, які быў затрыманы разам з жонкай Крысцінай.
На акцыю пратэсту выйшаў творчы калектыў з 85 супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі – Камерны хор і Камерны аркестр, Капэла імя Шырмы з плакатамі “Мы, беларусы, мірныя людзі”. На прыступках буйнейшай сталічнай установы культуры артысты выканалі духоўны гімн Беларусі “Магутны Божа”. Сталічную інтэлігенцыю падтрымалі працаўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва, якія таксама выйшлі на праспект Незалежнасці. Акцыю салідарнасці правялі акторы Нацыя-нальнага беларускага тэатра імя Я. Купалы на чале з Паўлам Латушка.
У Менску многія матулі, жонкі і родныя па трое сутак не маглі адшукаць сваіх сыноў, тэлефануючы ў Ізалятар часовага ўтрымання на зав. Акрэсціна, 36 і ў Жодзіна. Сярод іх – маці моладзевага хрысціянскага актывіста, выкладчыка пачатковай школы Змітра Хведарука – Ірына Пятроўна, бацька Юрася Меляшкевіча – Віктар Рыгоравіч. З горкімі пачуццямі знайшоў свайго сына сярод затрыманых у Жодзіна гісторык і краязнавец Антон Астаповіч. У адну з начэй быў затрыманы вядомы артыст Купалаўскага тэатра Павел Харланчук. Раіса Уладзіміраўна Чудук адшукала і змагла вярнуць дадому з ІЧУ на Акрэсціна свайго трыццацігадовага сына Паўла, магістра тэалогіі. Спадарыня Раіса 10 гадоў працавала на хуткай дапамозе, а потым – у прэсавай службе Міністэрства аховы здароўя.
– Усе шкадуць аб тым, што здарылася! – кажа спадарыня Раіса, – Медыкі настойваюць на тым, што такіх траўмаў не павінна быць у мірны час! Усе пытанні ў грамадстве павінны вырашацца праз дыялог.
Шматлікія акцыі саліда-рнасці з беларускім народам адбыліся ў Вільні, Варшаве і Таронта.
А 16 жніўня ў Менску прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў А.Р. Лукашэнкі і Марш Свабоды.
Падрыхтавала
Эла Дзвінская,
фота з сайта www.tut.by