Сёлета 15 лютага адзначалася 95-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі.
Паліцы кнігарняў і бібліятэк папоўніла новае змястоўнае выданне “Кулуарамі творчай майстэрні Івана Навуменкі”. Манаграфія з’явілася вынікам працы аўтарскага калектыву над падрыхтоўкай да выдання Збору твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах.
“У беларускай літаратуразнаўчай і эдыцыйнай практыцы падрыхтоўка дзесяцітомнага навукова каментаванага Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі, выдатнага празаіка, драматурга, крытыка і публіцыста, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, акадэміка НАН Беларусі, доктара філалагічных навук Івана Навуменкі ажыццяўлялася ўпершыню, – пазначыла ў прадмове да кнігі Алена Манкевіч. – Упершыню была праведзена пошукавая работа ў фондах спецыялізаваных архіваў, музеяў, бібліятэк, прыватным архіве нашчадкаў І. Навуменкі, у выніку чаго былі выяўлены, сабраны, сістэматызаваны і прааналі-заваны практычна ўсе мастацкія творы класіка, распрацавана канцэпцыя выдання з размеркаваннем твораў па тамах.”
У манаграфіі, якую калектыў аўтараў прапанаваў зацікаўленаму чытачу, дадзена агульная характарыстыка творчасці І. Навуменкі, раскрыта змястоўна-праблемнае багацце яго твораў, іх жанравая разнастайнасць, вызначана месца пісьменніка ў беларускай літаратуры. Адкрывае манаграфію раздзел, аўтарам якога з’яўляецца С.С. Лашук, зямляк Івана Навуменкі, галоўны каардынатар працы па падрыхтоўцы да выдання Збору твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах.
С.С. Лашук у сваім раздзеле ўзгадаў яркія моманты жыцця Івана Навуменкі. Не забыты ўдзел юнака ў дзейнасці падпольнай арганізацыі ў Васілевічах, допыты ў засценках жандармерыі, з якой, па шчаслівых абставінах удалося вызваліцца, дзейнасць у партызанскім атрадзе. Веданне нямецкай мовы і вопыт работы ў партызанскай разведцы прадвызначылі франтавы лёс Івана Навуменкі. Дзякуючы яго радыёперахопам ўдалося выйграць некалькі наступальных аперацый, пазбегнуць страт у жывой сіле і тэхніцы.
Вяртанне ардэнаноснага вайскоўца ў родныя Васілевічы ў 1945-тым, праца карэспандэнтам раённай газеты і паступленне на завочнае аддзяленне філфака БДУ сталі важнымі прыступкамі для ажыццяўлення мары будучага пісьменніка.Чырвоны дыплом выдатніка і паступленне ў аспірантуру, праца ў штаце рэспубліканскай газеты “Звязда” і ўдзел у выданні часопіса “Маладосць” вызначылі далейшыя вехі творчасці пісьменніка.
Майстэрству празаіка і раманіста прысвяціў свае раздзелы даследчык Алесь Лапата-Загорскі.
“Паступова Іван Навуменка авалодаў таямніцамі прафесіі, і ўжо самыя першыя апавяданні празаіка, напісаныя ў 1954-56 гадах вызначаліся арыгінальнасцю, мастацкай свежасцю, добрай адшліфаванасцю, выверанай на мілагучнасць фразай і ўвогулле прыкметнай прафесійнай культурай, за якой адчуваўся вопыт дасведчанага журналіста, а галоўнае – беспамылкова ўгадвалася глыбокае разуменне жыцця, уласная навуменская інтэрпрэтацыя, – піша даследчык. – Першыя апавяданні пісьменніка былі надзелены многімі мастацкімі якасцямі, якія будуць характэрнымі для творчасці пісьменніка і ў наступныя гады.” Тэма ваеннага юнацтва ўсебакова даследвалася Іванам Навуменкам у раманах “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах” і “Сорак трэці”.
Жыццёвая праўдзівасць, у нечым нават факталагічная празрыстасць мастацкага аповеду ў раманах І. Навуменкі дае выразную арыенціроўку ў пошуку і знаходжанні прататыпаў герояў раманаў, у распазнанні апісанай геаграфічнай мяс-цовасці, а таксама ў вызначэнні жыццёвага ці гістарычнага факта, які лёг у аснову той ці іншай сюжэтна-мастацкай карціны жыцця. Разам з аўтабіяграфізмам у мастацкай прасторы І. Навуменкі блізка судакранаецца прыём дакументалізму. Даследчыкі творчасці пісьменніка У.П. Каваленка, З. В. Жалезка, В.А. Сяргеева паспрабавалі вывесці пэўную адпаведнасць падзей і герояў рамана з рэальнымі падзеямі, якія адбываліся ў родных пісьменніку Васілевічах. У сваім даследванні мясцовы краязнавец, настаўніца гісторыі Васілевіцкай школы В.Сяргеева змагла даволі пераканаўча суаднесці біяграфіі герояў твораў з рэальнымі прататыпамі жыхароў Васілевіч.
Шмат цікавых назіранняў і вывадаў пра асаблівасці творчай манеры І. Навуменкі зрабіла ў сваім артыкуле Інэса Баўтрэль. Уладзімір Чарота прааналізаваў плён больш, чым пяцідзеясяцігадовай працы І.Я. Навуменкі на ніве крытыкі і літаратуразнаўства.
Новая кніга “Кулуарамі творчай майстэрні Івана Навуменкі” будзе цікавая літаратуразнаўцам, выкладчыкам, аспірантам, студэнтам ВНУ гуманітарнага профілю і ўсім, каму блізкая творчасць Івана Якаўлевіча Навуменкі.
Падрыхтавала
Эла Дзвінская.