Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дзве дзяржаўныя мовы, што гэта?

Дзве дзяржаўныя мовы, што гэта?

31 ліпеня 2020, 21:12 Мова 122
Дзве дзяржаўныя мовы, што гэта?

Добра памятаю рэферэндум 1996 г.   Сярод мноства пытанняў, вынесенных на рэферэндум, было і пытанне аб мове. У народа пыталіся, ці згодны ён (народ ) з двухмоўем. Зразумела, быў згодны, акрамя невялікай часткі насельніцтва, якую паблажліва называлі свядомай, да якой адносіўся і я, чым ганаруся. Не памятаю дакладнай фармулёўкі пытання,  але сэнс заключаўся ў тым, што акрамя роднай мовы (беларуская мова родная хаця б таму, што краіна наша называецца Беларусь),  дадавалася руская мова, таксама ў якасці дзяржаўнай. Такім чынам, у Канстытуцыю была запісана норма, па якой у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Ну дзве, дык дзве, – думалася мне. Нідзе родная мова ад мяне не дзенецца. І праўда. Я магу гаварыць па- беларуску, але толькі ў беларускамоўным асяроддзі,  таму што ў беларускіх крамах не заўсёды разумеюць, чыноўнікі ўсіх рангаў круцяць насамі, a гадоў колькі назад журналісты Лідскага тэлерадыёаб’яднання  на маю просьбу сфармуляваць пытанне па- беларуску ў час апытання на вуліцах горада адказалі, што не размаўляюць па-беларуску?!!! Праўда, цяжка паверыць.  Толькі не ў Беларусі. Калі расійская прапаганда   распавядае аб тым, што ў Латвіі, або дзе яшчэ рускіх людзей прымушаюць ведаць мову тытульнай нацыі, становіцца сорамна і прыкра. А як жа па-іншаму. Ніхто ж не забараняе карыстацца рускай мовай на вуліцы, дома, ды і на рабоце ніхто не прымушае гаварыць на мове гэтай краіны. А мову трэба ведаць для таго, каб арыентавацца ў дакументацыі, напрыклад. Хаця  можна ўладкавацца грузчыкам. Там ўвогуле не будуць прымушаць ведаць мову. Дастаткова ведаць рускую разам з рускім матам. Можна цягаць мяхі і скрыні хоць усё жыццё, і ўсім будзе добра. А можна пера-ехаць на сталае жыццё ў Беларусь,  тут цябе ніхто не будзе прымушаць вучыць беларускую мову.  А навошта? Амаль уся дакументацыя на рускай мове. З другога боку, адпаведна перапісу, як мінімум 60% насельніцтва краіны лічыць беларускую мову роднай. І  нічога страшнага няма ў тым, што мала хто на ёй размаўляе. Так склался гістарычна. Будзе незалежнасць – будзе і мова. Я ў гэтым упэўнены. Можа, нават гэта адбудецца пры маім жыцці, калі пашанцуе.  Праўда, хацелася  б,  каб хутчэй. А каб было хутчэй, мову трэба прапагандаваць.  З гэтай нагоды хочацца  выказаць падзяку калектыву  беларускага радыёаб’ яднання за  тое, што асноўная маса праграм ідзе па – беларуску.  Бяда толькі ў тым, што іх мала хто чуе. У свой час, у кожнай хаце і ў вёсцы, і ў горадзе, была радыёкропка, якая цэлы дзень вяшчала ў асноўным па-беларуску. Цяпер гэтага няма – радыё замяніла тэлебачанне. Больш маладыя  яшчэ маюць магчымасць атрымліваць асалоду ад беларускай мовы, блукаючы па прасторах інтэрнэту. Людзі  ж сталага ўзросту, пенсіянеры ў асноўным глядзяць тэлевізар, глядзяць рускія і беларускія каналы.  Гэта гучыць дзіўна, але гэта факт. Я аб тым, што  беларускую мову на нашым тэлебачанні можна пачуць толькі 21 лютага, калі ва ўсіх краінах адзначаецца дзень роднай мовы.   Зразумела, гэта здзек. Калі ў нас больш за палову насельніцтва лічыць беларускую мову роднай, чаму гэта насельніцтва не мае магчымасці глядзець беларускія навіны па – беларуску. Па вялікім рахунку,  мяне  пазбаўляюць канстуцыйнага права на карыстанне роднай мовай.  У часы СССР навіны на БТ выходзілі на беларускай мове, калі хто не ведае.  Калі ў нас дзве дзяржаўная мовы, чаму на тэлебачанні чувацць толькі адна  Якая яшчэ мова, па думцы ўплывовай міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА, уваходзіць у топ 3 па меладычнасці? Беларуская.  Услед за італьянскай. Любая краіна ганарылася б гэтым. Хто ва Усходняй  Еўропе першадрукар?  Скарына.  Дык чаму немагчыма перавесці адну з беларускіх праграм на родную мову? Хаця б часткова.  У нас жа іх тры.  Так, тры. Таму, што канал “Культура”, на тое і канал “Культура”, каб прапандаваць родную мову. Між іншым, хапае там і расейскай,  фактычна выконваецца закон аб двухмоўі,  і гэта правільна,  калі ў нас такі закон. Што перашкаджае ўвесці дадзеную норму для іншых каналаў, я не ведаю. І нават не здагадываюся. Я разумею, што з боку Расеі на Прэзідэнта аказваецца пастаянны ціск у моўным пытанні.  Ідзе размова аб мяккай беларусізацыі.  Камусьці з  дробных расейскіх чыноўнікаў не падабаецца слова  “малако” на шыльдах беларускіх крамаў замест расейскага “молоко”, нехта не разумее “хуткасны рэжым” і яго мяняюць тэрмінова на “скоростной”. Ну змянілі. І што?  Расейцы сталі больш лагодныя?  А газ немцам прадаюць таней, чым саюзніку.  Ды пішыце хоць усё па-руску. Нічога не зменіцца. А вось як праглынуць Беларусь, будуць пісаць як захочуць і рабіць што хочуць. “Белоруссия и Россия – одна страна, ведь  там и там говорят по-русски”. Такія вось заявы даводзілася часта сустракаць у сродках масавай інфармацыі суседняй краіны. І яны маюць рацыю. Згодны на 100%. Ну, немагчыма адрозніць беларускі канал ад рускага. Хто не верыць – праверце. На пачатку работы тэлевізійнага  канала   вам пажадаюць добрай раніцы, далей будзе агляд навін па-руску, культурных праграм па-руску, спартыўных праграм па-руску і так, пакуль класціся спаць. Пасля вашага тэлебачання людзі сталага веку, якія ў свой час валодалі беларускай мовай, размаўлялі на ёй, пераўтвараюцца ў атрад рускамоўных і лічаць сябе “почти что русскими”.  А   паспрабуйце запытаць   школьніка, што гэта за месяц такі чэрвень, і вам будзе сорамна,  таму што адказу не пачуеце. А між тым, у адрозненне ад рускіх назваў беларускія маюць сэнс. Да прыкладу: верасень, кастрычнік, лістапад  і сентябрь, октябрь ноябрь. Ці снежань, студзень, люты і декабрь, январь, февраль. Адчуваеце розніцу? Між тым расейскай мовай карыстаецца ўсё менш насельніцтва. У Казахстане ўвогуле пераходзяць на лацініцу,  каб  забыцца пра  “великий и могучий”.  Яно і зразумела: пасля анексіі Крыма і спробы стварыць “русский мир” на ўсходзе Украіны Расія трапіла пад жортскія санкцыі,  і кожны кантакт з рэжымам лічыцца непрыстойным.  Разам з тым, пачынаючы з 2014 г., па трох расейскіх каналах пачалі паказваць адыёзныя праграмы, з удзелам так званых расійскіх палітолагаў. Карыстаючыся вядомай формулай “лучшая защита -нападение”, расійская зграя палівае брудам кіраўніцтва Украіны, эліту, народ дружалюбнай нам краіны.Такое ўражанне, што гэта Украіна захапіла расійскую тэрыторыю, а не наадварот. Мой знаёмы глядзіць праграму “60 минут” і “Соловьева” некалькі разоў, балазе сучасныя  тэлевізійныя  функцыі  дазваляюць гэта рабіць, і даўно зрабіў выснову, што Пуцін – самы разумны, і Лукашэнку да яго далёка,  і зусім не супраць, каб Пуцін быў у яго прэзідэнтам. Якім чынам? Правільна, пасля аб’яднання з Pасіяй.   Ну для чаго гэта паказваць? Kаб падымaць рэйтынг Пуціна?  А што, калі замест гэтых пустых і шкодных, праграм увесці свае беларускія. Каб пасля прагляду нацыя кансалідавалася вакол свайго Прэзідэнта  а не абмяркоўвала вартасці чужога, ад якога адвярнуўся ўвесь свет. “Не можа быць нацыі без мовы”, –  гэта словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія пара нарэшце ўчуць кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі. Калі яна беларуская? 

Вяслаў Ярмак,

г. Ліда.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2817
Беларускіх Праведнікаў народаў свету ўвекавечаць помнікам
Грамадства

Беларускіх Праведнікаў народаў свету ўвекавечаць помнікам

21 лістапада 2018, 14:1517
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Далучайцеся да нас