Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Агульная дыктоўка – 2020

Агульная дыктоўка – 2020

23 чэрвеня 2020, 08:39 Мова 26
Агульная дыктоўка – 2020

Яе лічаць роднай больш за палову беларусаў, але ў штодзённым ужытку выкарыстоўваюць значна менш суайчыннікаў. Пра статус і становішчы беларускай мовы ў цэлым сёння гавораць нямала, імкнучыся вывесці са свядомасці людзей трывала засеўшую ідэю пра тое, што беларуская мова не падыходзіць для выражэння думак сучаснага пакалення. Ці так гэта насамрэч, разважаем з удзельнікамі “Агульнай дыктоўкі – 2020”.

У Лідзе 12 гадоў назад пачалі пісаць Агульнанацыянальную дыктоўку. Пры падтрымцы Лідскага райвыканкама дыктоўка набыла масавы характар. Летась Агульнанацыянальную дыктоўку ў Лідскім раёне пісалі 9700 чалавек, сёлета – 9200 чалавек.

У 2017 годзе да ідэі дыктоўкі далучылася такая магутная структура як ААТ “Лідскае піва”. Тут  упершыню прайшла “Агульная дыктоўка”, удзел у якой Іна Хазеева – філолаг праекта – называе “здзяйсненнем уласнай мары”. Тады праверыць свае сілы ў “мове” адважыліся парадку 170 чалавек, праз 4 гады такая колькасць заявак на ўдзел прыходзіла літаральна за дзень.

– Так склалася, што я, чалавек з цалкам рускамоўнай сям’і, вырашыла звязаць сваё жыццё з беларускай мовай. Самастойна абрала філфак, далей пайшла ў аспірантуру па тым жа профілі, працавала ў беларускамоўнай гімназіі. Безумоўна, я сустракалася з думкай пра тое, што беларуская мова – гэта нешта замшэлае, вясковае і непапулярнае. Так, на мой погляд, часцей за ўсё разважаюць людзі сярэдняга ўзросту, тыя, хто імкнецца змяніць сваё напалову беларускае маўленне на рускае. А вось сучасная моладзь (напэўна, на тое яна і моладзь) ідзе супраць думак папярэдняга пакалення. Для іх мова – гэта нешта фанавае. Ці то стылёвыя цішоткі з беларускамоўнымі мемамі, ці гадзіннікі з цытатамі нашых класікаў. Але фанавае хуткім часам ператвараецца ў новую норму. Прыемна, што каманда праекта мае непасрэднае дачыненне да яе фарміравання. Як чалавек, які займаецца арганізацыяй розных адукацыйных падзей, у нейкі момант я вырашыла, што трэба зрабіць штосьці прысвечанае беларускай мове – простае, лёгкае і зразумелае для ўсіх. Неверагодна, але амаль у той жа час я атрымала заклік у “Агульную дыктоўку”. Праект, які, на маю думку, можа моцна пахіснуць усе пералічаныя раней стэрэатыпы.

Каб зразумець, ці можа мець зносіны сучасная моладзь на беларускай мове, па словах Іны, досыць проста паглядзець на ўдзельнікаў “дыктоўкі”. У зале Нацыянальнай бібліятэкі (традыцыйнае месца правядзення дыктоўкі, у 2020 годзе з-за эпідэміялагічнага становішча праект упершыню прайшоў выключнаа анлайн. – Заўв. рэд.) кожны год збіраецца досыць шмат моладзі, хоць за “парты”, па назіраннях арганізатараў праекта, садзяцца прадстаўнікі самых розных пакаленняў.

У гэтым годзе ўдзельнікам дыктоўкі прапанавалі напісаць тэкст Марыі Цітарчук. Аўтар, чые творы таксама ставяць стэрэатыпы пра мову пад вялікія сумневы. Дарэчы, збольшага яны сфармаваны пад уплывам тых твораў, з якімі мы ўсе так ці інакш знаёміліся за школьнай партай.

– Безумоўна, беларуская літаратура значна шырэй за адукацыйныя праграмы. Нездарма яшчэ вялікі Оскар Уальд сцвярджаў: “Азначыць – гэта абмежаваць”. Творчасць сучасных аўтараў ахоплівае шырокае кола этычных, эстэтычных, сацыяльных і філасофскіх праблем, паказваючы, што выкарыстоўваць мову ў сучасных стасунках можна. На жаль, мы не маем шмат магчымасцей расказваць аб гэтым сучаснікам. Упэўнена, праз праекты кшталту “Агульнай дыктоўкі” можна не толькі знаёміць вялікую колькасць людзей з мастакамі нашага часу, але і дапамагаць пазбаўляцца ад агучаных поглядаў.

Агульная дыктоўка сёлета наогул мела адмысловае значэнне. І не толькі таму, што адбывалася дыстанцыйна (хочацца верыць, першы і апошні раз). Па-першае, праект атрымаў дабрачынны характар: за кожнага, хто 6 чэрвеня выйшаў анлайн і напісаў дыктоўка, арганізатары пералічаць на рахунак Міністэрствы аховы здароўя ў падтрымку медыкаў, якія працягваюць барацьбу з COVID-19, па пяць беларускіх рублёў – плюс дадатковую суму за “выдатнікаў”, чые адзнакі будуць роўныя 9 і 10. А па-другое – і, магчыма, гэта вынікае з першага – “Агульная дыктоўка – 2020” паставіла рэкорд па колькасці зарэгістраваных удзельнікаў: звыш 2300 чалавек з 20 краін свету заявілі пра намер праверыць веды беларускай мовы і падтрымаць як родную мову, так і медыцыну. Сярод тых, хто меркаваў нанова адчуць сябе на важнай кантрольнай, хай і за віртуальнай партай, былі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі (найболей актыўнымі аказаліся Менская, а таксама Гарадзенская, Берасцейская і Віцебская вобласці); акрамя таго, адзначае менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ “Лідскае піва” Надзея Звонік, былі рэгістрацыі з Расіі і Украіны, ЗША, Канады, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Бельгіі, Эстоніі, Турцыі.

 

…На гадзінніку без пяці поўдзень. Падрыхтаваўшы аркуш і ручку, папярэджваю сямейнікаў, што на гадзіну мяне ні для каго няма, і пераходжу па спасылцы, дасланай арганізатарамі ў адказ на рэгістрацыю. Удзельнікі ўжо вітаюцца і называюцца, адкуль яны: Менск, Ліда, Ваўкавыск, Полацк, Буда-Кашалёва, Бабруйск, Глыбокае, Віцебск, Маладзечна, Берасце, Барысаў, Мазыр, Смалявічы, Магілёў – а следам блізкае і далёкае замежжа, ад Расіі да Іспаніі. Мімаволі кідаю погляд на лічыльнік карыстальнікаў, якія глядзяць трансляцыю ў прамым эфіры, і спачатку засмучаюся – усяго каля тысячы, нашмат менш, чым было зарэгістравана, – але тут жа прыходзіць думка, што, верагодна, многія пішуць сем’ямі і сяброўскімі кампаніямі, таму падключэнне можа быць адно, а колькасць удзельнікаў больш. Зрэшты, хутка становіцца не да падлікаў і разваг – трансляцыя пачынаецца.

– Вітаю! У 2016 годзе наш брэнд стаў беларускамоўным, і мы сур’ёзна задумаліся над праектам, які смог бы аб’яднаць вакол сябе вялікую колькасць беларускамоўных людзей, – звяртаецца да ўдзельнікаў генеральны дырэктар ААТ “Лідскае піва” Аўдрыюс Мікшыс. – У 2017-м мы ўпершы-ню запрасілі ўсіх у Нацыянальную бібліятэку, каб напісаць “Агуль-ную дыктоўку…

Прывітанні і пажаданні плёну ўдзельнікам перадаюць фі-лолаг праекта Іна Хазеева і куратары акцыі ад кампаніі-арганізатара, і пад напамін, наколькі важна сёння нават на дыстанцыі заставацца разам, мы, расцёршы адвыклыя ад ручкі пальцы, запісваем назву тэксту: “Легенда пра аленя”. Дзіўнае адчуванне – нібы больш чым праз 20 гадоў пераносішся ў школу, за трэцюю парту каля сцяны, хіба толькі сусед ззаду не тыкае ручкай пад лапатку: “Чуеш, а тут кропка ці клічнік?”…

“А м-м-можна павольней, я запісваю?” – крылатая фраза з савецкай кінакласікі неаднаразова гучала…,  дакладней, гэтая фраза гучала б, калі б мы – удзельнікі і арганізатары – па добрай традыцыі сабраліся ў зале Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі сёлета праект упершыню праходзіў анлайн у прамой трансляцыі на платформе YouTube, а таму просьбы “Чытайце павольней, калі ласка” даводзілася пісаць у чат-акенцы, у той жа час працягваючы пісаць ад рукі дыктоўку, – такая вось змушаная эквілібрыстыка…

Тэмай дыктоўкі 2020-га сталі традыцыі і карані. Арганізатары абралі згаданы ўжо тэкст  “Легенда пра аленя” сучаснай пісьменніцы з Гародні Марыі Цітарчук – здавалася б, нескладаны, але поўны вельмі прыгожых, сакавітых беларускіх слоў, што выразна паказала чытанне яго ўслых.

 

Чытаў тэкст Марыі Цітарчук у прамым эфі-ры саліст папулярнай беларускай групы NIZKIZ Аляксандр Іллін. Сёння яго беларускамоўным хітам “Небяспечна”, “Люстэрка”, “Цяпер і далей” (якія выдатна ломяць стэрэатып пра непапулярнасць сярод моладзі беларускай мовы) падпяваюць тысячы фанатаў па ўсім свеце, хоць першапачаткова група лічылася выключна рускамоўнай. Дарэчы, сам Аляксандр (стваральнік усіх тэкстаў NIZKIZ) таксама адчуваў сябе менавіта рускамоўным аўтарам.

– Можна сказаць, сам лёс падвёў нас да таго, каб напісаць першы тэкст на беларускай. Мы рыхтаваліся да выступу на разаграванні адной вядомай айчыннай групы, патрэбен быў беларускамоўны тэкст. Нам прапанавалі перакласці ўжо існы трэк, але я наадрэз адмовіўся, таму што перакананы, што песня павінна быць на той мове, на якой пра яе думаў першапачаткова. Мы напісалі новую песню – “Гуантанама”. Гледачы вельмі добра яе прынялі, а такія рэчы надаюць упэўненасці. Праз нейкі час мы выпусцілі яшчэ адну песню на мове, і яна таксама была прынята добра. Пазней я пачаў пісаць па адчуваннях: калі адчуваю, што тэкст ідзе менавіта на роднай мове, то так і складаю.

Падчас выступаў,  незалежна ад таго, праходзяць яны ў Беларусі ці за мяжой, гледачы аднолькава добра падпяваюць як рускім, так і беларускамоўным хітам NIZKIZ. Хоць з апошнімі трэкамі ў публікі часам узнікаюць смешныя сітуацыі.

– З залы неяк прасілі праспяваць “вежавую камоду Ван Дамма”. Для разумення, у арыгінале гэты радок з песні “Як спыняецца цішыня” гучыць зусім інакш: “Бачылі, каму аддана”. Яшчэ часам просяць песню “пра люстру” (“Люстэрка”. – Заўв. рэд.). Увогуле, пацешных момантаў хапае, досыць паглядзець у каментары пад кліпам “Небяспечна”. Але гэта нават міла, не носьбіты мовы імкнуцца падпяваць, хай і на такой “клінгонскай”. Трэба прызнаць, што і ў нас у Беларусі не ўсе дастаткова ведаюць мову, таму як варыянт прасоўвання мовы, азнаямлення маладых людзей (першым чынам, як мне здаецца) “Агульная дыктоўка” – вельмі цікавая задумка. Упэўнены, што нават у выпадку “завалу” дыктоўкі многія ўсміхнуцца і захочуць дазнацца, што ж яны не так напісалі, дзе памылкі і як палепшыць свае веды, каб хоць бы перад сабой не было сорамна.

Што праўда, чытальнік-саліст, здаецца, хваляваўся больш за нас, таму то спяшаўся, то запа-вольваўся (мабыць, як раз пасля чарговых анлайн-просьбаў “павольней, калі ласка”). Зрэшты, часу на самаправерку і нават на тое, каб перапісаць працу на чыставік, было досыць – фатаграфіі і адсканаваныя копіі дыктовак прымаліся па электроннай пошце да 15 гадзін 6 чэрвеня. Вызначыць свае шанцы на ўваходжанне ў лік выдатнікаў можна ўжо цяпер – на сайце арганізатараў “Агульнай дыктоўкі – 2020” выкладзены тэкст цалкам. (Эх, не быць мне з дзвюма пунктуацыйнымі памылкамі “дзясятачніцай”! – Аўт.) Але канчат-ковых вынікаў акцыі давядзецца пачакаць: адзнакі, таксама сума дабрачыннай дапамогі лекарам, будуць абвешчаны да 19 чэрвеня ўлучна.

І ўсё ж не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што колькасць людзей, зацікаўленых беларускай мовай, штогод расце, што праект ад шчырага сэрца падтрымліваюць выдатныя прадстаўнікі нашай культуры – групы Naviband і Shuma, рэжысёр Іван Пінігін, акцёры Купалаўскага тэатра, пісьменнікі Міхась Валодзін, Андрэй Горват і Людміла Рублеўская, папулярныя тэле- і радыёвядоўцы, і таму “Агульная дыктоўка” – ужо не мода, а новая традыцыя і, калі хочаце, запатрабаванне для ўсіх, хто памятае, шануе і любіць родную мову і літаратуру. Хіба не?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас