Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Успамін пра выбітных асобаў, звязаных з Жыровічамі і Слонімшчынай

Успамін пра выбітных асобаў, звязаных з Жыровічамі і Слонімшчынай

18 чэрвеня 2020, 20:56 Выданні 21
Успамін пра выбітных асобаў, звязаных з Жыровічамі  і Слонімшчынай

Сярод новых выданняў, прысвечаных 500-годдзю Жыровіцкага манастыра, чытач упадабае кнігу гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына “Цяпло Жыровіцкай святыні”.

У нарысах аўтара адлюстравана не толькі гісторыя старажытнага манастыра, цудатворнага абраза і святых крыніц, што выцякаюць з-пад алтара Успенскага сабора, але аповед ідзе пра славутых жыхароў Слонімскага краю, духоўна звязаных з Жыровічамі.

Аўтар распавядае ў кнізе пра лёс беларускага святара Серафіма Жыровіцкага, удзяляе старонкі педагогу, бібліёграфу і бібліятэказнаўцу Яўгену Хлябцэвічу і яго брату Уладзіміру, распавядае пра славутых ураджэнцаў Слонімшчыны – Кандрата Лейку, Гальяша Леўчыка, Рыгора Акулевіча, Валянціна Таўлая і іншых, з павагай і любоўю ўзгадвае свайго настаўніка па БДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойку, які нарадзіўся і жыў у Слоніме.

 

Падзвіжнік бібліятэчнай справы

Яўген Хлябцэвіч нарадзіўся 6 жніўня 1884 года ў вёсцы Жыровічы Слонімскага павета. Бацька яго Іван Андрэевіч быў адукаваным чалавекам, выкладаў грэцкую мову і латынь, потым арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Але яго галоўным клопатам была бібліятэка, дзе зберагаліся беларускія старажытныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных вокладках. Іван Андрэевіч Хлябцэвіч складаў падрабязны каталог і ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. У бібліятэцы часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы і вучыўся ў бацькі, як трэба ведаць і шанаваць кнігі, даследваць гісторыю свайго краю.

У 1897 годзе сям’я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч пачаў служыць святаром. Тут ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А ягоны сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля – Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, падтрымліваў цесныя сувязі з рэдакцыямі беларускі газет “Наша доля” і “Наша Ніва”, дасылаў розныя допісы.

У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбурскі ўніверсітэт. Тут ён  рэдагаваў ” Кніжны і бібліятэчны лісток” пе-цярбурскай газеты “Новая Русь”, дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу. У 1919 годзе Яўген Хлябцэвіч  узначаліў бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраў-лення Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у народны камісарыят асветы. З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве ён пражыў свае апошнія гады. Яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Яўген Хлябцэвіч пакінуў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, з якімі сябраваў.

 

Максім Бурсевіч вучыўся ў Жыровіцкай семінарыі

Знакаміты беларускі дзеяч, педагог і публіцыст Максім Бурсевіч нарадзіўся ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета 9 жніўня 1890 года ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Яму і яго старэйшаму брату ўдалося атрымаць адукацыю ў духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Пасля заканчэння семінарыі Максім паехаў у Ваўкавыскі павет пераняць педагагічны вопыт і знайсці працу. Там ён ажаніўся з Апалінарыяй Мацвеевай, якая стала яго верным сябрам у нялёгкім жыцці. У 1925 годзе Максім Бурсевіч адкрыў у вёсцы прыватную школу. У пачатку 1920-тых гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. Ён пісаў артыкулы, фельетоны, гумарэскі, байкі, друкаваўся ў “Беларускай долі”, “Змаганні”, “Сялянскай праўдзе”, “Савецкай Беларусі”.

А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у Першы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком Цэнтральнага сакратарыята. Потым, як былы пасол, слонімец адбываў пакаранне ў турмах у Лукішках, Вронках, Каранова.

У 1931 годзе ў выніку абме-ну палітычнымі зняволенымі ён патрапіў у БССР. Максім Бурсевіч жыў у Менску і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Ён удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. У другой палове 1933 года Максім Бурсевіч быў беспадстаўна абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме, а 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 года тройкай НКУС па Ленінградскай вобласці Максім Бурсевіч быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання, яго расстралялі 3 лістапада 1937 года, і толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.

 

Лёс аўтара нарысаў пра Жыровічы

Аляксандр Асіпчык нарадзіўся 1 красавіка 1909 года ў вёсцы Пляшкі Слонімскага павета ў сялянскай сям’і Восіпа і Паўліны Асіпчыкаў.  У лістападзе 1915 года сям’я Асіпчыкаў была адпраўлена ў Астрахань. У бежанстве жылося няпроста. Аляксандр хадзіў у школу, скончыў там чатыры класы. Па сканчэнні Першай сусветнай вайны Асіпчыкі вярнуліся на радзіму.

У Слонім Аляксандр Асіпчык з сястрой вярнуўся ў сакавіку 1922 года. Іх забраў Чырвоны Крыж у прытулак Жыровіцкага манастыра. Адтуль дзяцей перавялі ў Варшаву, а потым – у Чанстахова. У вёсцы Дварэц Аляксандр навучыўся сталярству і пайшоў самастойна зарабляць на хлеб. Хутка яго паклікалі ў войска і накіравалі ў чацвёрты полк лётчыкаў у Торунь на вайсковую службу. Пасля праходжання службы А. Асіпчык жыў у Вільні, а потым – у Лідзе. У 1940 годзе ён вярнуўся на родную Слонімшчыну і працаваў настаўнікам у вёсцы Акунінава.

Застаўшыся пасля Другой сусветнай вайны на эміграцыі, у 1947 годзе Аляксандр Асіпчык у Германіі арганізаваў Беларускае Жыровіцкае  праваслаўнае брацтва, галоўнай задачай якога было захаванне праваслаўнай веры і традыцый хрысціянскай дабрадзейнасці. Суполка аказвала дапамогу сваім суродзічам на чужыне, апекавалася царкоўным жыццём, выдавала рэлігійную літаратуру на беларускай мове. У 1947 годзе ў Баварыі Аляксандр Асіпчык выдаў сваю кніжку “Цудатворны абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр” і сам яе аформіў.

У 1950 годзе спадар Асіпчык выехаў у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, потым – у Таронта ў Канадзе, затым жыў і працаваў у Чыкага, Кліўлендзе, выдаваў на чужыне часопіс “Сіла веры” (1949-1965), друкаваўся пад псеўданімам Асіповіч-Асіпчык, Слонімскі А., пад крыптанімам А-віч у эміграцыйных газетах “Бацькаўшчына”, “Беларус” і іншых. Апошнія гады Аляксандр Асіпчык правёў у г. Джэксан у ЗША.

Кнігу Сяргея Чыгрына можна набыць у “Акадэмкнізе” ў Менску.

Падрыхтавала

Эла Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас