Штогод мы з сябрамі ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва ладзім шэраг мерапрыемстваў да Дня аховы помнікаў і памятных мясцін. Сёлета, у сувязі з эпідэміяй каранавіруса, масавыя падзеі замянілі лакальнымі. І 20 красавіка я з маёй пляменніцай Палінай і яе сябрам Мікалаем выправіліся ў старажытнае мястэчка Палыкавічы Магілёўскага раёна.
Палыкавічы знаходзяцца ў вельмі прыгожай пойме Дняпра з захапляльнымі краявідамі. Тут нават хацелі ў 1930-я гады, калі меркавалася, што будзе сталіца ў Магілёве, ладзіць кінастудыю “Беларусьфільм”.
Шлях ад горада да мястэчка вядзе праз лес. А калі пачынаецца спуск да поймы ракі, то з’яўляюцца глыбокія і шырокія яры, парослыя яскравымі кветкамі і векавымі дрэвамі. Па дарозе моладзі паказваў рэдкія і цікавыя расліны: кураслеп (ветраніца лясная), пралескі, брызгліну барадаўчатую… Калі ішлі праз лес, то бачылі некалькі ліній парослых хмызняком акопаў. Бо ў гэтых мясцінах былі моцныя баі ў 1941 і 1944 гадах.
Тут, на самым абрыве перад поймай Дняпра нават захаваўся вялізны нямецкі дот, які ў будучым можа нават варта было б адрастаўраваць і зрабіць цікавым турыс-тычным аб’ектам…
Калі спусціліся па пакручастай сцежцы паміж ялін і дубоў, то апынуліся паміж двух ручаін выцякаючых з яроў. Гэтыя шматлікія лагчыны-яры называюць Папоўскія равы, бо калісьці ў Палыкавічах ля цудадзейнай крыніцы існаваў праваслаўны манастыр. На самой крыніцы, якая калісці лічылася цудадзейнай, гадоў дваццаць таму адбудавалі зноў капліцу Параскевы Пятніцы. А на ўзгорку пабудавалі новую Траецкую царкву са званіцай. Царква старажытная была знішчана ўжо пасля вайны. А старая цагляная капліца, на вялікі жаль, была знішчана ўжо ў наш час пры будаўніцтве новай званіцы. Старажылы дагэтуль распавядаюць, як раней на Троіцу ў Палыкавічы збіраўся кірмаш. З’язджаліся сотні і тысячы сялян з бліжэйшых вёсак на сваіх падводах. З-за ракі народ перапраўляўся на пароме, які быў проста па дарозе пры спуску ад горада. Да рэвалюцыі ў мястэчку жылі князі Ладамірскія, ад маёнтка якіх да нашага часу захаваліся толькі падмуркі.
Я памятаю яшчэ з дзяцінства, што пад кожную надмагільную пліту марадзёрамі быў зроблены падкоп. Зараз могілкі добраўпарад-каваны і мы ў мінулым годзе з гісторыкам Галінай Бяляевай перапісалі і адфоткалі старажытныя помнікі. А зараз, калі прыйшлі, то аднекуль з’явіўся і “новы” помнік князя Мікалая Мікалаевіча Ладамірскага, які памёр у 1891 годзе. Верагодна, што нядаўна добраўпарадкаваліся могілкі і быў знойдзены ў зямлі і гэты гістарычны артэфакт.
У Палыкавічах ёсць таксама помнік археалогіі Барсукова Горка – гарадзішча эпохі жалезнага веку, якое ў 1930-х гадах даследваў вядомы беларускі археолаг Васіль Тарасенка. Але зараз мы туды не дайшлі, бо сіл не хапіла… У наступны раз сходзім, пафоткаем і абавязкова напішам пра гэта краязнаўчы артыкул….
Алег Дзьячкоў, Магілёў.
Фота: Мікалай Зубкоў,
Паліна Лазарэнка, Алег Дзьячкоў.