Распад Савецкага Саюза стварыў роўныя магчымасці для развіцця нацыянальных моў Беларусі і Украіны. Але пасля рэферэндуму 1995 года ў Беларусі і “моўныя” шляхі суседзяў разышліся – беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, у той час як украінская ў гэты час умацоўвала свае пазіцыі. Хоць і не без праблем. Свабода сабрала галоўныя факты па тэме.
Стартавыя пазіцыі для ўкраінскай і беларускай моваў былі падобнымі
У савецкія часы ўкраінская мова прайшла праз тыя ж выпрабаванні, што і беларуская, – рэформа правапісу 1933 года, якая павінна была зблізіць яе з расейскай, звужэнне маштабаў выкарыстання да фальклору і афіцыйных святаў, русіфікацыя ў гарадах, перавод на расейскую мову навучання ў школах і ВНУ, навяз-ванне стэрэатыпаў аб сельскім паходжанні людзей, якія размаўлялі на нацыянальнай мове.
Як і Беларусь, Украіна падзяляецца на Усходнюю і Заходнюю. У заходнюю частку сучаснай украінскай дзяржавы савецкая ўлада прыйшла пазней, у 1939 годзе, яна не зазнала русіфікацыі 19-га стагоддзя, бо ў той час належала большай часткай да Аўстра-Вугоршчыны. Заходняя Украіна больш, чым Заходняя Беларусь, захавала сваю мову і ідэнтычнасць, што дапамагло нацыянальнаму адраджэнню.
Абышліся без моўнага рэферэндуму
Нельга сцвярджаць, што ва Украіне ўсе постсавецкія гады пагрозы статусу ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай не існавала. Кожны раз перад выбарамі некаторыя палітыкі, выкарыстоўваючы рэгіянальныя адметнасці, абяцалі аднолькавыя ўмовы функцыянавання расейскай і ўкраінскай моў. Нават некалькі разоў спрабавалі арганізаваць моўныя рэферэндумы. Але адбыўся толькі адзін – рэгіянальны.
У сакавіку 1994-га, адначасова з выбарамі ў Вярхоўную Раду, паводле рашэння абласных уладаў адбылося “кансультацыйнае апытанне” ў Данецкай і Луганскай абласцях. На ім ад 80 да 90 адсоткаў жыхароў падтрымалі федэралізацыю Украіны, дзяржаўны статус расейскай мовы і больш цесную інтэграцыю ў СНД. Але тады Генеральная пракуратура Украіны абскардзіла законнасць гэтага “апытання” ў судзе, які пастанавіў, што вынікі мясцовага рэферэндуму не маюць прававой сілы.
Расейская мова два гады мела статус рэгіянальнай
Але гэта не спыніла прарасейскіх палітыкаў. Яшчэ многія гады, ажно да 2014-га, калі ва Украіне адбылася Рэвалюцыя Годнасці, яны працягвалі настойваць на ідэі, калі не дзяржаўнага, то афіцыйнага статусу для расейскай мовы і магчымасці яе выкарыстання ў справаводстве.
У выніку ў 2012 годзе парламент Украіны ўхваліў закон “Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі”. Яго ініцыявалі два дэпутаты тагачас-най партыі ўлады – Партыі рэгіёнаў – Сяргей Ківалаў і Вадзім Калеснічэнка (апошні цяпер у вышуку па справе аб дзяржаўнай здрадзе).
Закон выклікаў “паўзучую русіфікацыю”, якую спынілі падзеі 2014 года: расейская мова тады атрымала статус рэгіянальнай у 13 з 27 рэгіёнаў, у тым ліку ў Данецкай, Луганскай, Адэскай абласцях, Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, дзе колькасць носьбітаў расейскай мовы перавышала 10%. Тэле- і радыёкампаніі пачалі там паступова адмаўляцца ад украінскай мовы ў эфіры, замяшчаючы яе расейскаю. У канцы 2013 года, падчас кадэнцыі прэзідэнта Януковіча, толькі кінапаказ і адукацыя заставаліся сферамі, дзе ўкраінская мова трывала захоўвала пазіцыі.
Пасля Рэвалюцыі Годнасці гэты закон “Ківалава-Калеснічэнкі” скасавалі, а новы ўхвалілі толькі ў 2019 годзе. Але перад тым новы, паслярэвалюцыйны ўрад Украіны паспеў зрабіць іншыя крокі, каб вярнуць украінскай мове страчаныя пазіцыі.
Новая хваля моўнага адраджэння пасля 2014-га
Моўныя квоты на ўкраінамоўную прадукцыю для ўсіх тэлевізійных ды радыёарганізацый былі ўведзены ў 1994 годзе, але перыядычна ўносіліся змены ў іхнія аб’ёмы.
У часы прэзідэнцтва Януковіча гэтыя патрабаванні ўвогуле скасавалі, але ўжо ў 2017 годзе Вярхоўная Рада Украіны іх не толькі аднавіла, але і павялічыла з 35 да 75 адсоткаў.
Украінская мова пачала хутка вяртацца ў эфір, перыядычныя выданні, на эстраду. З бюджэту пачалі сістэмна выдзяляць грошы на падтрымку ўкраінскай кнігі і кіно. Гэта падтрымлівала грамадства – пасля расейскай збройнай агрэсіі ва Украіне ўсё больш расейскамоўных грамадзян пераходзіла ў побыце на ўкраінскую мову.
Расейская мова ва Украіне не забаронена, яна прысутнічае ў СМІ і шоў-бізнесе, на кніжным рынку, у крамах і на транспарце, але ўжо нельга сказаць, што яна там дамінуе. Закон абавязвае весці рэкламу тавараў і паслуг па-ўкраінску.
Украінізацыя школ і ВНУ
Ва Украіне прайшла адукацыйная рэформа, адным са складнікаў якой стаў пераход на ўкраінскую мову ўсёй сістэмы навучання. Што праўда, поўнай украінізацыі школ яшчэ не адбылося, але колькасць навучальных устаноў з расейскай мовай навучання зменшылася.
Ва Украіне працуе 16 176 сярэдніх школ, у якіх навучаецца 3,9 мільёна вучняў.
З 2014 году расейскамоўных школ стала ўтрая менш. Паводле Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, у 2014-2015 навучальным годзе іх было 621, а ў 2018-2019-м – ужо 194 (з іх 43 – прыватныя). Большасць расейскамоўных школ застаецца ў Харкаўскай (66), Запарожскай (35), Адэскай (34) і Дняпроўскай (31) абласцях. У трохмільённым Кіеве цяпер чатыры расейскамоўныя школы.
Але ўжо сёлета з верасня, паводле заканадаўства, усе сярэднія школы мусяць перайсці на ўкраінскую мову навучання. Магчымасць вучыцца на расейскай ці іншай нацыянальнай мове застанецца толькі ў пачатковай школе і толькі ў тым выпадку, калі дзеці належаць да пэўнай нацыянальнай групы.
У вышэйшых навучальных установах (а іх ва Украіне больш за 240), згодна з заканадаўствам, мова навучальнага працэсу – дзяржаўная мова. У той жа час іншаземцы могуць выбраць для навучання адну з трох моў – ангельскую, украінскую ці расейскую. Гэтыя палажэнні закона выконваюцца.
Новы правапіс
У траўні 2019 года ўрад Украіны зацвердзіў новы ўкраінскі правапіс, які пасля грамадскага абмеркавання прапанавала Нацыянальная камісія ў пытаннях правапісу.
Ва ўкраінскую арфаграфію вярнуліся многія нормы, якія дзейнічалі да моўнай рэформы 1933 года. Новыя правілы ахопліваюць не толькі ўласна правапіс, але і граматыку, пунктуацыю, а таксама адпаведныя эпосе электронных тэкстаў патрабаванні да іх афармлення.
Новы ўкраінскі правапіс набліжаны да моўнай традыцыі і народнага маўлення. Іншамоўныя словы перадаюцца адпаведна заходнееўрапейскай традыцыі засваення. Зацверджана магчымасць выкарыстання фемінітываў.
Ва ўкраінскі алфавіт вярнулася літара “Г-выбуховае”.
Моўны амбудсмен
Усе захады, якія цягам пяці гадоў прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі накіроўваліся на падтрымку ўкраінскай мовы, трансфармаваліся ў новы моўны закон 2019 года.
Закон прадугледжвае нормы, якія забяспечваюць функцыянаванне ўкраінскай мовы як афіцыйнай ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы – у дзяржаўнай службе, сферы абслугоўвання, у правасуддзі, ахове здароўя, навуцы, культуры.
Ва Украіне ўпершыню за гіс-торыю незалежнасці з’явіўся новы інстытут для абароны дзяржаўнай мовы – моўны амбудсмен (упаўнаважаны па абароне дзяржаўнай мовы). Паводле закона, менавіта ён павінен кантраляваць выкананне гэтага закона і дзяржаўных праграм развіцця ўкраінскай мовы, а таксама разглядаць звязаныя з гэтым скаргі грамадзян і юрыдычных асобаў.
Што праўда, гэты інстытут пакуль не запрацаваў напоўніцу. Прызначаная ў канцы 2019 году на гэтую пасаду Тацяна Манахава сышла ў адстаўку, абвінаваціўшы ўрад у адсутнасці палітычнай волі, каб забяспечыць функцыянаванне гэтага інстытута. На яе думку, урад сабатаваў стварэнне працоўных органаў і не забяспечваў дастатковага фінансавання.
Прэзідэнт Зяленскі загаварыў
па-ўкраінску
Адразу пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў 2019 года, яшчэ не ўступіўшы ў прэзідэнцкія паўнамоцтвы, Уладзімір Зяленскі выказаў пэўныя сумневы ў канстытуцыйнасці моўнага закона, які ўхваляўся ў разгар выбарчага цыклу. Ён паабяцаў прааналізаваць закон, “каб пераканацца, што ў ім выкананы ўсе канстытуцыйныя правы і інтарэсы ўсіх грамадзян Украіны”.
Але гэтая заява развіцця не атрымала. Зяленскі, які да прэзідэнцтва, будучы акторам, часцей са сцэны гаварыў па-расейску, на пасадзе кіраўніка дзяржавы паслядоўна перайшоў у публічных выступах на ўкраінскую мову.
Усе ягоныя папярэднікі – Леанід Краўчук, Леанід Кучма, Віктар Юшчанка, Віктар Януковіч, Пятро Парашэнка – у афіцыйных выступах і ў кантакце з падначаленымі прамаўлялі на дзяржаўнай украінскай мове.
Украінская мова – працоўная для дзяржаўнага апарату
Украінская мова за апошнія 30 гадоў стала не толькі паводле закона, але і фактычна працоўнай для ўсяго дзяржаўнага апарату, парламенту, праваахоўных органаў, арміі і флоту.
Па-ўкраінску выступаюць палітыкі ў парламенце і мясцовых радах, публікуюцца законы і рашэнні ўраду ды іншых адміністрацыйных органаў, вядуцца судовыя спрэчкі, выпісваюцца штрафы і рэцэпты лекаў, аддаюцца загады на фронце на Данбасе, дзе працягваецца неабвешчаная Расеяй вайна з Украінай.
Усе дзяржаўныя службоўцы паводле закона абавязаны карыстацца дзяржаўнай украінскай мовай, а ўсе грамадзяне, якія паступаюць на дзяржаўную службу, абавязаны пацвердзіць адпаведным сертыфікатам свае веды дзяржаўнай мовы, у тым ліку прэзідэнт, прэм’ер-міністр, міністры, дэпутаты ды іншыя кіраўнікі дзяржаўных органаў.
Вырас прэстыж украінскай мовы
На моўную сітуацыю ўплываюць не толькі законы, нацыянальнае абуджэнне, ініцыятывы, але і пэўная інерцыя ў грамадстве. На вуліцах у Кіеве і цяпер можна пачуць адначасова і ўкраінскую мову, і расейскую, на захадзе Украіны часцей гавораць па-ўкраінску, а на ўсходзе – па-расейску або на змяшанай расейска-ўкраінскай гаворцы, якую тут называюць суржыкам (аналаг беларускай трасянкі). Але сацыёлагі адзначаюць, што апошнім часам прэстыж украінскай мовы сярод звычайных людзей вырас.
Паводле вынікаў апошніх сацыялягічных апытанняў, чатыры пятыя грамадзян Украіны (81%) мяркуюць, што ўкраінская мова – важны атрыбут незалежнасці краіны, і жадаюць большага ўжывання ўкраінскай мовы ад чыноўнікаў і СМІ.
Як сведчаць вынікі сацапытання фонду “Дэмакратычныя ініцыятывы” імя Ілька Кучарыва, такое стаўленне да ўкраінскай мовы аб’ядноўвае жыхароў усіх рэгіёнаў Украіны, прычым найменшы адсотак прыхільнікаў такой ацэнкі на ўсходзе складае 64%.
Адказваючы на пытанне, які мае быць статус расейскай мовы ва Украіне, 69% апытаных украінцаў адзначылі, што яе можна свабодна выкарыстоўваць у прыватным жыцці, але ўкраінская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай. Яшчэ 15% апытаных мяркуюць, што расейская мова павінна атрымаць статус афіцыйнай у некаторых рэгіёнах Украіны, а 12% – мець статус другой дзяржаўнай мовы.
Паводле звестак сацыёлагаў, прыхільнікі ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай жывуць на захадзе і ў цэнтры Украіны, у той час як статус афіцыйнай або другой дзяржаўнай мовы для расейскай найбольш падтрымліваюць на поўдні і ўсходзе Украіны.
Згодна з апошнім перапісам насельніцтва 2001 года, 67,5% грамадзян назвалі роднай украінскую мову – гэта было на 2,8% больш, чым у 1989 годзе. Але па-ранейшаму высокай – на ўзроўні 29,6% – заставалася колькасць расейскамоўных грамадзян, адначасова павялічылася і доля іншых нацыянальных моў.
Алена Літвінава,
Радыё Свабода.