Генадзь Мікалаевіч Бураўкін (28 жніўня 1936, в. Шуляціна, цяпер в. Тродавічы Расонскага раёна Віцебскай вобласці БССР – 30 траўня 2014, Менск) – беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч
Нарадзіўся ў сям’і службоўца ільнозавода. Дзяцін-ства Генадзя прыпала на 2-ю сусветную вайну, калі пачалася вайна яму было пяць гадоў. Бацька – Мікaлaй Сцяпанавіч – партызаніў, потым перайшоў лінію фронту, вая-ваў у дзейнай арміі, цяжка паранены пад Ржэвам. Маці – Феадосія Ягораўна – засталася з дзецьмі.
Генадзь Бураўкін успамінаў:
– Самае страшнае было наперадзе, калі зімой 1943-га года прыйшлі ў вёску карнікі, помсцячы сем’ям партызан і ўсім вяскоўцам. Карнікі выгналі людзей з хат, выстраілі перад кулямётам і доўга трымалі на холадзе. Мы стаялі на ўзгорку трыма радамі: першы рад мужчыны і дзяды, другі – заплаканыя жанчыны з малымі на руках і трэці – мы, каму шэсць – дзесяць – дванаццаць гадоў. На нас быў нацэлены кулямёт. Мы чакалі стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма. Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню, а маці нашы плакалі і чамусьці пачалі абдымацца. Я тады не ведаў, што дзверы лазні забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць бензіну. Я тады многае не разумеў. Шчаслівы выпадак выратаваў людзей. Я не памятаю твару таго, хто вызваліў нас. Памятаю толькі, што гэта быў стары немец-салдат. Ён не ўмеў гаварыць па-руску і ўсё махаў рукамі ў бок лесу. Мы ўсе ўцяклі і выратаваліся.
Да восьмага класа Генадзь вучыўся ў Расонскай школе, потым у Полацку, куды пераехалі бацькі. Скончыў сярэднюю школу ў 1954 годзе. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта, скончыў яго ў 1959 годзе. У 1964 годзе ўступіў у КПСС.
Працаваць пачаў у часопісе “Камуніст Беларусі”, потым перайшоў на радыё, затым быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце “Літаратура і мастацтва”. У 1968-1972 гадах працаваў уласным карэспандэнтам па Беларусі газеты “Правда”, у 1972-1973 гадах узначальваў рэдакцыю часопіса “Маладосць”. З “Маладосці” перайшоў на пасаду старшыні Дзяpжкaмiтэтa БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1978-1990). Пасада надала паэту высокі грамадскі і партыйны статус. Генадзь Бураўкін стаў дэпутатам Bяpxoўнaгa Сaвeтa БССР (1980-1990) і членам ЦК КПБ (1981-1990). Быў адным з іні-цыятараў прыняцця Закона аб мовах. У 1990-1994 гадах быў пастаянным прадстаўніком БССР у ААН. Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар. У 1994-1995 гадах быў намеснікам міністра культуры і друку БССР. У 1995-2001 гадах працаваў у часопісе “Вожык”.
Друкаваўся з 1952 года. Яшчэ ў школе пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх апублікавала раённая газета.Творы Генадзя Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. У зборніках “Майская просінь” (1960), “З любоўю і нянавісцю зямною” (1963), “Дыханне” (1966), “Жніво” (1971), “Выток” (1974), “Варта вернасці” (1978), “Пяшчота” (1985), “Гняздо для птушкі радасці” (1986), “Узмах крыла” (1995) і іншых раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадзянскі тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная.
У 1997-1999 гадах быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны. Пры ім газета “Наша слова” была перададзена ў Ліду, дзе выходзіла з 1997 да канца 2021 года, а цяпер выходзіць, як “Наша слова.pdf”.
У 2000 годзе, сумесна з Радзімам Гарэцкім і Рыгорам Барадуліным, ініцыяваў і арганізаваў Усебеларускі з’езд за незалежнасць.
Член Беларускага ПЭН-Цэнтра, Рады беларускай інтэлігенцыі, Савета заснавальнікаў грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра “Беларуская перспектыва”.
З 2008 года кіраўнік назіральнага савета спадарожнікавага тэлеканала, які вяшчае на беларускай мове.
У цяжкім стане здароўя, за два тыдні да смерці, выказаў сваё галоўнае жаданне – убачыць выданне кнігі сваіх вершаў апошняга часу “Нагаварыцца з зоркамі”. Апошнюю волю Генадзя Бураўкіна здзейснілі.
Памёр 30 траўня 2014 года. Пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.
Паводле СМІ.

