6 траўня адзначае 80-годдзе Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Уладзімір Ліпскі – аўтар больш як сямідзесяці кніг прозы, публіцыстыкі, казак для дзяцей, нязменны рэдактар часопіса “Вясёлка”. Ён падзяліўся ўспамінамі свайго ваеннага дзяцінства і прапановай, з якой звярнуўся ў Менгарвыканкам.
– Калі пачалася вайна, мне быў адзін год і адзін месяц. Пра падзеі мне пазней распавядала маці. Партызанскі разведчык уляцеў у вёску на кані і скамандаваў: “Хутчэй ратуйцеся, ідзе нямецкі карны атрад!” Мама загарнула мяне ў посцілку, а астатнім загадала: “Чапляйцеся за мяне”, – і пабеглі! Бацька зняў са сцяны абразак, узяў з печы чыгунок бульбы і ўхапіў даёнку, каб падаіць карову, якая пасвілася паблізу. Усё астатняе кінулі. Нашы Шоўкавічы згарэлі датла. Усё лета, восень, зіму мы жылі ў лесе ў зямлянках, куранях і толькі вясной вярнуліся на папялішча. Я плакаў, і мне, малому, было не шкада ні хаты, ні хлява, а было шкада цацак, якія згарэлі. (Калі я распавядаю пра гэты выпадак дзецям, вочкі ў іх набрыньваюць слязьмі.)
Потым бацька збудаваў маленькую хатку, дзе месціліся дарослыя і дзеці. Карова нарадзіла цялятка, і мы ўзялі яе ў хатку на некаторы час, грэліся ля кароўкі і пілі малачко.
У мяне застаўся шрам на назе, і бацька нагадаў мне пра іншы выпадак. Калі ў мяне распухла нага, ён непрыкметна ляснымі сцяжынамі адвёў мяне ў партызанскі атрад. (Ён моцна рызыкаваў: пры неасцярожным кроку і малейшым шолаху галінкі ў нас маглі стрэліць вартавыя.) Там мне зрабілі аперацыю, і рана загаілася.
Потым шмат думаў і разважаў, што мог быць забітым пры любым выпадку, бо ў вёску неаднаразова прыходзілі немцы. Размова ў іх часам была вельмі кароткая…
Усё менш застаецца сведкаў тых трагічных і гераічных часоў.
Таму ў мяне нарадзілася ідэя стварыць помнік-мемарыял дзецям вайны ва ўшанаванне подзвіга маленькіх пакутнікаў і памочнікаў дарослых, хто перанёс увесь цяжар вайны.
Мемарыяльны комплекс я прапаную стварыць у скверы каля Опернага тэатра, недалёка ад помніка Марату Казею. Туды маглі б прыходзіць школьнікі з настаўнікамі, вывучаць адпа-ведныя тэмы па гісторыі, ускладаць кветкі.
Варта было б абвесціць конкурс, запрасіўшы студэнтаў, будучых архітэктараў і скульптараў. З лістом я звярнуўся ў Менгарвыканкам. Магчыма, разам мы дагрукаемся з такой прапановай да тых, хто прымае адпаведныя рашэнні.
Я быў ініцыятарам выдання кнігі “Я помню ўсё” . Мы рабілі яе з Міколам Чарняўскім. Туды ўвайшлі ўспаміны Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна і іншых пра ваеннае дзяцінства. Асобнікі кнігі я ўручаў дзецям у Музеі Вялікай Айчыннай вайны.
У апошнім нумары “Вясёлкі” я надрукаваў апавяданне “Салдацкае пісьмо”. Пакуль мама пайшла ў краму, хлопчык апрануў пі-лотку, загарнуўся ў плашч-палатку, напісаў матулі ліст: “Мама, я пайшоў на фронт! Не хвалюйся, вярнуся з Перамогай!”, – і залез у шафу, як у свой танк. Матуля пры-йшла дадому, прысела на канапу, прачытала ліст і заплакала. Хлопчык не ведаў, што мама не гуляе ў вайну, а бачыла на свае вочы пакуты людзей…
Да майго юбілею дзіцячыя бібліятэкі краіны абвесцілі конкурс. Дзеці, з якімі я сябрую ўсё жыццё, малявалі малюнкі, пісалі вершы. Прыдзецца мне застацца маладзейшым, чым у пашпарце, да таго моманту, як скончыцца эпідэмія, калі я змагу запрасіць усіх на сапраўдную юбілейную вечарыну!
Запісала Эла Оліна,
Фота аўтара.