24 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачне работу выстава, прымеркаваная да 75-годдзя Канферэнцыі ў Сан-Францыска па ўтварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Міжнароднага дня дэлегата. Архіўныя фотадакументы і іншыя рарытэты часу ўтварэння ААН будуць прадстаўлены для азнаямлення наведвальнікам музея да 24 траўня. Для віртуальнага наведвання выставы будуць арганізаваны анлайн-экскурсіі на інфармацыйных платформах музея (у Instagram, Facebook, на Youtube-канале).
Мір і бяспека найбольш цэняцца людзьмі ў гады пасляваеннага ліхалецця. Так, горкі вопыт Другой сусветнай вайны яшчэ раз нагадаў чалавецтву: бесперапынныя геапалітычныя сутыкненні не садзейнічаюць росквіту той ці іншай дзяржавы, не спрыяюць атрыманню ўлады над тымі ці іншымі з нацый. Дзяржавы незалежныя і раўнапраўныя. Гэта аснова не толькі сучасных нацыянальных палітык, але і міжнароднай праватворчасці. На жаль, такая простая ісціна, што важна “жыць разам, у згодзе, як добрыя суседзі”, была замацавана дэ-юрэ толькі ў 1945 г. 26 чэрвеня ўпаўнаважаныя прадстаўнікі 50 дзяржаў падпісалі самы важны дакумент XX стагоддзя – Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Утварэнне такога роду міжнароднай арганізацыі, канешне, звязана з трагічным вынікам спаборніцтва паміж краінамі за сусветнае панаванне. Пасля таго, як Сцяг Перамогі быў узняты над Рэйхстагам не адна толькі Германія вымушана была пагадзіцца: хто прыходзіць з мячом, ад мяча і гіне. Імкненне ўладарыць праз зброю ці сілу не можа і не павінна быць узнагароджана вянком Перамогі. Сярод дыпламатаў-беларусаў, паставіўшых свой подпіс пад Статутам ААН у чэрвені 1945 г., быў Кузьма Венядыктавіч Кісялёў. Мундзір знакамітага дзеяча БССР, які добра бачны на яго плячах на ўрачыстых фотаздымках – у Доме ветэранаў у Сан-Францыска, захаваны на памяць усім пакаленням беларусаў.
Нацыянальны гістарычны музей шануе міратворчую дзейнасць беларускага народа і ў год святкавання 75-годдзя далучэння Беларусі да дзяржаў – заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прапануе наведаць унікальную выстаўку, на якой будуць упершыню прадэманстраваны фотаздымкі гістарычнага значэння з архіва ААН, а таксама асабістыя рэчы беларускіх дыпламатаў, што, безумоўна, з’яўляецца сведчаннем велізарнай ролі Беларусі ва ўтварэнні Арганізацыі. У гэтым годзе, 25 красавіка 2020 года, – роўна 75 гадоў пасля ўрачыстага адкрыцця Канферэнцыі ў Сан-Францыска, што заклала падмурак дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, – упершыню адбудзецца святкаванне Міжнароднага дня дэлегата, устаноўленага Генеральнай Асамблеяй ААН па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь. Дэлегаты з’яўляюцца важнымі асобамі ў рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, знаходзяцца ў пошуку рашэння глабальных праблем сродкамі дыпламатыі пры падтрымцы асноўных прынцыпаў Арганізацыі. Арганізатары выставы – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Адрас: г. Менск, вул. Карла Маркса, 12.
Радыё Рацыя.