Наш шлях да Беларусі заўсёды быў нялёгккім. Часамі трагічным. На нашым шляху да Беларусі была паланізацыя і русіфікацыя, саветанізацыя і камунізацыя…
Мой жыццёвы шлях пачаўся напрыканцы трыццатых гадоў мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі, якая тады была пад Польшчай. Вядома, двухгадовым хлапчуком я не мог адчу-ваць уплыву польскай мовы на маё выхаванне, на выхаванне дзяцей, што жылі пад Польшчай. Мала цяміў у гэтай праблеме і пасляваенным падросткам, які вучыўся у савецкай школе, і якая на маю думку была болей беларуская, чым яна ёсць сёння. Бо беларускай школы практычна зусім няма. Адукацыя і выхаванне будучага пакалення ў Беларусі ідзе ў чужой мове, у мове суседняй дзяржавы. Мы фактычна ідзём не да Беларусі, а зусім у адваротным напрамку. Незалежная і суверэнная Беларусь сама сябе знішчае. У гэтым трагедыя нацыі. Шлях, па якім мы сёння ідзём, а лепш сказаць, нас вядуць, ён знішчальны для беларускай нацыі.
Пісьменнік Анатоль Зэкаў у “Народнай волі” змясціў артыкул “Калі мы станем беларусамі?”, у якім разам з чытачамі “Народнай волі” шукае шлях беларусаў да Беларусі.
Хто і што замінае нам быць беларусамі? Якая сіла стаіць на шляху беларусаў да Беларусі? Вось аб гэтым давайце пагутарым, паразважаем, памяркуем падрабязней.
Мы – вялікі народ
“Беларусы! Мы – вялікі народ… Шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. I ўсе размаўляем па-нашаму. Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў, свайго кроўнага, спрадвечнага беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум, будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запавядаць”… – Так казаў Максім Багдановіч, – класік беларускай літаратуры. Вялікі беларус! Беларус з беларусаў! Чыё сэрца аб роднай старонцы балела. Балела аб Беларусі, аб беларусах.
Ці чуем мы голас паэта? Ці выконваем запавет паэта – грамадзяніна, паэта – патрыёта, сапраўднага беларуса?
Каб адказаць на гэтыя пытанні неабходна заглянуць не толькі ў гістарычнае мінулае нашай старонкі, але прайсціся сцежкамі – дарожкамі дня сёняшняга і задумацца над лёсам беларускай нацыі ў будучыні.
Мова і нацыянальная свядомасць
Мова ляжыць у аснове нацыянальнай свядомасці кожнага чалавека паасобку і народа ў цэлым. Мова – гэта не проста сродак зносін паміж людзьмі. Мова – адзін з паказчыкаў (галоўных) ідэнтыфікацыі народа, нацыі. Гэта тое, што дазваляе захоўваць незалежнасць краіны, яе суверэнітэт, яе культурную разнастайнасць. Мова з’яўляецца падмуркам нацыянальнай свядомасці.
Як ужо паведмляла “Наша слова” напрыканцы верасня адзначаўся “Еўрапейскі дзень моў”. Як гэты дзень адзначыла Беларусь? Аніяк. Беларусь яго проста не заўважыла.
У сёняшнім свеце налічваюцца сотні моў, якія абслугоў-ваюць народы розных краін. I адметнасцю гэтых народаў з’яў-ляюцца не толькі тэрыторыя (зямля), на якой жывуць гэтыя на-роды, але і іхнія мовы, якія ляжаць у аснове нацыянальнай культуры, народных традыцый і абрадаў, а таксама гісторыі краіны. I ўсё гэта ўплывае на фарміраванне нацыянальнай свядомасці. Вось тут ёсць неабходнасць разабрацца ў тым, што абазначае само слова “свядомасць”. Свядомасць – гэта здольнасць чалавека мысліць, разважаць і вызначаць свае адносіны да навакольнага жыцця, здольнасць кантраляваць свае ўчынкі, пачуцці… Свядомасць – гэта характар, натура, стан чалавека, грамадзяніна, які здольны разумець сваё месца, ролю і адказнасць за жыццё народа, нацыі, краіны.
Як вядома, жыццё чалавецтва трымаецца на разнастайнасці моў, культур, традыцый, гісторыі. I перш-наперш народ пазнаецца па мове. Мова – гэта душа народа, кроў нацыі. I як чалавек адносіцца да роднай, нацыянальнай мовы, можна пазнаць стан душы яго, яго нацыянальную свядомасць. Нацыянальная свядомасць народа фармуецца грамадскім жыццём краіны, адносінамі ўлады да нацыянальных каштоўнасцей дзяржавы, адносінамі творчай эліты да мовы, станам адукацыі ў дзяржаве, культурай грамадскага жыцця, дзяржаўнай ідыялогіяй і г.д.
Нацыянальная свядомасць нараджаецца ў сям’і. З малаком маці дзіця пазнае навакольны свет. Зразумела: дзіця загаворыць на той мове, якую чуе ад бацькоў. Якая мова ў сёняшніх бацькоў? Пераважна руская. Далей дзеці ідуць у садок, школу. Якая мова там? Амаль на сто адсоткаў – расійская. У вышэйшыя навучальныя установы, якія працуюць па-расійску, юныя дараванні ўжо прыходзяць з вопытам гаварыць на чужой мове, на мове суседняй дзяржавы. З раніцы і да вечара радыё і тэлебачанне нясе ў дзіцячыя голавы і душы расійскую гаворку. Дык, якая свядомасць выхоўваецца ў людзей у такіх умовах? Здагадацца няцяжка. Сям’я, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы, ліцэі, ВНУ па-вінны выхоўваць нацыянальную свядомасць. А каб яны маглі гэта рабіць, яны павінны быць беларускамоўнымі. Але дзяржава, мабыць, не зацікаўлена ў тым, каб будучае пакаленне нашай краіны выхоўвалася ў беларускай сям’і, беларускамоўных навучальных установах, слухала беларускае радыё, бачыла беларускае кіно і тэлебачанне, чытала беларускія кніжкі, газеты і часопісы. Усяго гэтага практычна ў дзяржаве няма. I каб пазбавіць усяго гэтага людзей, дзяржава прыдумала “двухмоўе”, якога практычна няма, бо воляй дзяржавы ўсё працуе толькі на расійскай мове.
Янка Брыль казаў:”Каб беларуса прымусіў быць беларусам, то гэта быў бы сапраўдны беларус”. Ці трэба прымушаць беларуса быць беларусамі? Канешне, не! Але ж нас прымушаюць быць небеларусамі. Хто гэта робіць? Здагадацца не цяжка.
Яшчэ даўным-даўно расійская імператрыца Кацярына II сказала: “Пакарыць гэты народ (зн.беларусаў) зброяй немагчыма…Гэта зробіць расійскія школа, чыноўнік і царква”. I зрабілі. Школы беларускай няма, чыноўнікі рускамоўныя, царква таксама рускамоўная. Практычна нацыянальна свядомага беларуса няма каму выхоўваць. Ды ў гэтым дзяржава і не мае інтарэсу.
Трэба канкрэтныя факты, прыклады? Калі ласка! Аб чым гавораць вуліцы вёсак і гарадоў? Гарады перапоўнены, а прасцей сказаць, патанаюць ў назвах: Камсамольская і Камуністычная, Пралетарская і Інтэрнацыянальная, Сацыялістычная і Індустрыяльная, Суворава і Чапаева, Кірава і Калініна, Куйбышава і Свярдлова… А вуліцы і плошчы Леніна складаюць цэнтры ўсіх гарадоў краіны. Якую свядомасць могуць выхоўваць назвы гэтых вуліц?
А зараз звернем увагу, на якой мове аформлены шыльды з назвамі вуліц. Пераважна на рускай мове. Шыльды з белару-скімі назвамі з’явіліся толькі пасля майго паходу ў гарвыканкам, дзе прышлося паваяваць за іх з гарвыканкамаўскімі чыноўнікамі. Праўда, тут я сустрэў жанчыну з прагрэсіўнымі нацыянальнымі поглядамі, якая на той час ведала ідэалагічнай работай. З’явіліся шыльды ў беларускім афармленні, хоць і меншых памераў, і з меншымі літарамі, і ў меншай колькасці. Неяк спецыяльна пералічыў шыльды з назвамі вуліц. У выніку атрымалася: на малых (кароткіх) вуліцах шыльды беларуска/рускія – 1/3; на вялікіх – 1/8-10. Паражэнне церпіць родная мова беларусаў.
ІІІто тычыцца рэкламнай прадукцыі, то тут абсалютны лідар – мова суседняй дзяржавы. Вось вам і роўнасць моў!
У Пінску, які здаўна лічыцца горадам студэнтаў, сталіцай беларускага Палесся, а мінулы год насіў гордую назву “Культурная сталіца Рэспублікі Беларусь”, усе каледжы і Палескі ўніверсітэт маюць рускамоўныя назвы. I, думаеце, знойдзеце групы, плыні, курсы, якія навучаюцца і выхоўваюцца па-беларуску? Як бы ні так!
Няма беларускіх школ і гімназій. Газеты толькі рускамоў-ныя. Дык адкуль возьмецца нацыянальныя гонар і свядомасць?
Наведаў некалькі бібліятэк. I што я там убачыў? На паліцы беларускай літаратуры ўсяго некалькі дзесяткаў кніг. А дзе ж яны: Янка Купала і Якуб Колас, Багушэвіч і Багдановіч, Танк і Броўка, Брыль і Караткевіч, Быкаў і Мележ, Шамякін і На-вуменка, Гілевіч і Бураўкін? У кнігасховішчы! Так мне рас-тлумачылі гаспадары. Вось вам, людцы добрыя, і нацыянальная свядомасць.
У межах праграмы культурнай сталіцы ў горад завіталі паэты з Менска. Як я зразумеў, каб паказаць, якія паэты-пісьмен-нікі ў пашане. Прывезлі двух паэтаў з “правільнага” саюза. Мера-прыемства вялося на расійскай мове, расійскамоўная паэтка хвалілася ўзнагародамі, якія атрымала з рук прэзідэнта РФ У.У. Пуціна. За што ўзнагароды? Паспрабуйце здагадацца з аднаго разу. Мясцовы паэт (таксама рускамоўны) Кулеш, які кляўся , што ён любіць родную мову, але піша па руску. Вось гэта любоў! Тут уручылі рускамоўнаму паэту з Пінска медаль М. Багдано-віча. Вядома ж, не за выхаванне нацыянальнай свядомасці. Парадокс. Гэта інакш не назавеш. Але ж з такіх трагічных пара-доксаў складаецца рэчаіснасць нашага жыцця. А вось яшчэ адзін негатыўны прыклад адносін да беларускай мовы, з дапамогай якой павінна фарміравацца нацыянальная свядомасць. Гляжу рэгулярна праграму на трэцім беларускім “Навіны культуры”, якую вядзе Ганна Панцялеева. Усё ідзе добра, прыгожа, прыстойна. Але, як толькі пачынаецца гутарка Ганны з прадстаўнікамі творчай эліты, то твар вядоўцы мяняецца. Яна лісліва мяняе тон і пераходзіць на рускую мову. Так сталася і ў апошняй перадачы, калі Ганна гутарыла з новым старшынём саюза мастакоў Беларусі, які вёў гутарку па-руску. Вось ранейшы старшыня заўсёды гаварыў па-беларуску. Дык хто ж новы старшыня? Якую ж свядомасць будуць выхоўваць мастакі?
Нельга абыйсці той факт, што ў бібліятэках нельга знайсці беларускамоўныя часопісы “Дзеяслоў”, “Верасень”. Чаму? Бо яны выдаюцца “неправільным” саюзам пісьменнікаў. Мне здаец-ца, што Саюз беларускіх пісьменнікаў спецыяльна раскалолі на два саюзы, каб знішчыць беларускасць. I што мы маем ў выніку? Таксама здагадацца не цяжка. Беларуская мова, культура, нацыя знішчаецца. I знішчаецца мэтанакіравана. I як гэта не парадак-сальна, знішчаецца ўладай, дзяржавай з маўклівай згоды і пры абыякавасці народа. Сёння пакуль яны жывуць толькі энтузіазмам асобных груп беларусаў, якім лёс будучыні нашай краіны яшчэ баліць.
Уладзімір Гук, старшыня Пінскай
арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.