Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Міжнародны дзень паэзіі на “Экватары”

Міжнародны дзень паэзіі на “Экватары”

6 красавіка 2020, 18:57 Культура 14
Міжнародны дзень паэзіі на “Экватары”

Няпростыя зараз часы. Але, нягледзячы на гэта, літаратурны клуб “Экватар” усё ж такі вырашыў хаця б невялічкім колам адсвяткаваць Міжнародны дзень паэзіі, які значыцца ў календары 21 сакавіка. У рэшце рэшт, каранцін у нашай краіне пакуль не абвешчаны, і забаронены толькі масавыя мерапрыемствы.

Дык вось, самыя смелыя творчыя асобы, якія маюць дачыненне да экватарыяльнай суполкі, сабраліся 22 сакавіка ў біб-ліятэцы № 1 імя Л. М. Талстога. Распачала паседжанне шэф-рэдактар клуба Інга Вінарская, якая прывітала прысутных і цёпла павіншавала іх з Міжнародным паэтычным святам. Таксама Інга распавяла пра шэраг канцэртаў, якія правяла канцэртная брыгада клуба ў лютым 2020 года. Асобна вядоўца спынілася на канцэрце ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, які быў праведзены 23 лютага, і прадэманстравала сабраўшымся Грамату, якой быў узнагароджаны літаратурны клуб “Экватар” пасля гэтага канцэрту.

Святочную праграму 22 сакавіка, прысвечаную Міжнароднаму дню паэзіі, распачала прафесійная паэтка і пісьменніца Вольга Любашына. Яна чароўным, мілагучным голасам прачытала напамяць шэраг сваіх вершаў. Дарэчы, канцэрт у Ваеннай акадэміі падрыхтавала і правяла менавіта Вольга, прычым на высокім узроўні.

Паэт Вячаслаў Данілаў піша вельмі прафесійныя, але пераважна сумныя вершы. Некалькі з іх ён прачытаў прысутным. Але вядоўца настаяла, каб прагучалі і аптымістычныя, вясёлыя вершы гэтага аўтара. Тады прысутныя пачулі опус пра высокую баскетбалістку ў кароткай спадніцы і з глыбокім дэкальтэ, і твор гэты быў прывітаны ўсмешкамі прысутных.

Сямейная пара – Міша Піліпец і Каця Дрозд – частыя госці на мерапрыемствах літаратурнага клуба “Экватар”. На святкаванне Міжнароднага дня паэзіі яны прыйшлі  таксама. Міша Піліпец прачытаў шэраг сваіх вершаў для прысутных. Каця Дрозд выканала некалькі Мішыных вершаў – яна заўсёды так робіць, бо сама вершаў не піша, але з’яўляецца вялікай прыхільніцай і Мішынай паэзіі, і паэзіі ўвогуле.

Паэтка Клаўдзія Максімава не прысутнічала на мерапрыемствах “Экватара” з восені мінулага года, і на гэта ў яе была важкая прычына: Клаўдзія амаль паўгады знаходзілася ў азіяцкім турнэ. Жанына наведала шэраг краінаў таго рэгіёну, у прыватнасці, некалькі месяцаў правяла на індыйскім Гаа. Сабраныя пачулі ад Клаўдзіі нізку вершаў, якую паэтка прывезла са сваёй вандроўкі.

Сямейства Быкавых прыехала на паседжанне “Экватара” ў складзе бацькі Рамана, маці Валянціны і сына Дзмітрыя. Валянціна Быкава прачытала прысутным свой верш, які вядоўца назвала баладай ці нават паэмай, бо верш быў дастаткова доўгі. Што тычыцца Рамана і Дзмітрыя, то разам яны стварылі творчы дуэт “Змітрок”. Абодва спяваюць і граюць на гітарах: Раман – на звычайнай, Дзмітрый – на электрычнай. Песні яны выконваюць на вершы Рамана. Прысутныя пачулі звыш дзесяці песень у выкананні дуэта “Змітрок”, прычым Раман і Дзмітрый выходзілі да аўдыторыі двойчы – такія вось два “аддзяленні” імправізаванага канцэрту атрымаліся.

Супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Таццяна Барысюк шчыра павіншавала прысутных са святам – Міжнародным днём паэзіі. Яна трохі распавяла прысутным пра сваю работу ў Інстытуце літаратуразнаўства, а працуе яна ў аддзеле міжнародных літаратурных сувязей. Потым Таццяна прачытала шэраг сваіх вершаў з нізкі “Платанічнае каханне”, якая была надрукавана ў альманаху “Літаратурны экватар” № 8 (10) за 2019 год.

Напрыканцы паседжання выступала Інга Вінарская. Яна запрапанавала прысутным падумаць, а потым кожнаму па чарзе назваць сваю любімую лічбу. Па гэтых лічбах Інга адгортвала нумары старонак сваёй кнігі “Солнце поэтов” і чытала вершы, што знаходзіліся на старонках з названымі лічбамі-нумарамі. Атрымалася цікава. Нешта містычнае ў гэтым было. І нездарма, бо звычку менавіта так чытаць вершы для аўдыторыі Інга Вінарская некалі пераняла ў знакамітай рускай паэткі Рымы Казаковай, з якой добра была знаёмая.

Кожнага выступоўцу сабраная аўдыторыя шчыра вітала воплескамі. У той дзень у бібліятэцы Талстога панаваў цудоўны творчы настрой. Разышліся ўсе радасныя і натхнёныя.

Дасць Бог, хутка літаратурны клуб “Экватар” збярэцца зноў!

Інга Вінарская,

паэтка, пісьменніца, журналістка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас