17 сакавіка споўнілася 30 гадоў з моманту выхаду першага нумара тады яшчэ бюлетэня “Наша слова”. Што праўда, дата выхаду пазначана як “сакавік 1990 года”, але неяк у якасці дня выхаду прыжылося менавіта 17 сакавіка.
30 гадоў – цэлая эпоха, палова свядомага жыцця чалавека, імгненне ў жыцці народа. Сёлетні нумар – 1475-ты ў агульнай нумарацыі. Колькі надрукавана палос, якім накладам – гэтага так проста і не палічыш. Былі ў газеты і лепшыя, і горшыя часы, але нягледзячы на ўвесь Інтэрнэт, на ўсё тэлебачанне і іншыя электронныя СМІ дажыла такі газета да 30-годдзя. Хоць паменшаным наклада, хоць 1500 кожны тыдзень, а выходзіць. І многае з таго, што сёння ўдаецца ТБМ, не ўдалося б, не атрымалася б без “Нашага слова”.
Газета з нумара ў нумар піша пра дзейнасць арганізацый ТБМ, пра праблемы беларускай мовы, якіх не становіцца менш, тым не менш “Наша слова” не траціць аптымізму. Мы бачым змены ў грамадстве, як яно, беларускае грамадства, становіцца больш адукаваным, мы чуем, як людзі на прамілы Бог просяць адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. Беларускае грамадства гатова развярнуцца да беларускай мовы сёння, як гэта было ў пачатку 90-х мінулага стагоддзя. Патрэбна воля кіраўніцтва Беларусі, магчыма, заўтра ці паслязаўтра і нашая стойкасць сёння, заўтра, паслязаўтра і заўсёды. І мы выстаім, бо мы – беларусы.
Станіслаў Суднік.
З 30-годдзем, “Наша слова”!
Заснаваная ТБМ газета адзначае свой трыццацігадовы юбілей.
За гэты час зроблена столькі, што ў адным артыкуле гэта немагчыма пералічыць. Былі зорныя часы, калі працавала прафесійная рэдакцыя, якую ўзначальваў пісьменнік Эрнест Ялугін. Газета мела значную чытацкую аўдыторыю, вялікую падпіску, прадавалася ў шапіках. “Наша слова” публікавала вострыя матэрыялы, датычныя нашай гісторыі і сучаснасці. Нягледзячы на тое, што ў тыя часы было шмат незалежнай дэмакратычнай прэсы, “Наша слова” займела сваё адметнае аблічча і заняло сваё месца сярод іншых перыядычных друкаваных выданняў. На старонках газеты друкаваліся творы прызнаных майстроў слова, а таксама спробы маладых. Сярод артыкулаў розных часоў мы можам знайсці цікавыя творы па гісторыі, культуры, філалогіі. І ўсё ж асноўная мэта нашай газеты – распавядаць пра справы ТБМ. Таму вялікае месца на старонках газеты адводзіцца публікацыям пра дзейнасць ТБМ-скіх структур у Баранавічах, Магілёве, Лідзе, Віцебску, Оршы і многіх іншых. Без перабольшання – “Наша слова” з’яўляецца архівістам і люстэркам жыцця нашай беларускай інтэлігенцыі ад 1990 года і па сённяшні дзень.
30 гадоў! За гэты час сышлі ў нябыт многія газеты, у тым ліку друкаваныя органы палітычных партый. “Наша слова” выстаяла. Выстаяла, нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя працэсы. “Наша слова” жыве. Яно прабіваецца да чытача, адольваючы матэрыяльныя перашкоды, падзенне чытацкай аўдыторыі, ціск на беларускае слова ва ўсіх сферах нашага жыцця. Жыве, дзякуючы найперш баявітасці яе сённяшняга рэдактара Станіслава Судніка. Менавіта ён узяў на сябе адказнасць за выданне га-зеты ў цяжкі час і фактычна адзін выпускае яе ў свет не ў сталіцы, а ў звычайным раённым гарадку Лідзе.
Жыве, дзякуючы тым сапраўдным сябрам арганізацыі, хто пастаянна выпісвае газету сам, хто раздае яе сярод сяброў і зна-ёмых, заахвочваючы да чытання нашага роднага слова.
Жыве, дзякуючы падтрымцы ФПБ, якая на працягу дзясятка гадоў выдзяляе спонсарскую дапамогу для падпіскі на газету шматлікіх школьных і раённых бібліятэк Беларусі.
Жыве, дзякуючы ахвяраванням многіх людзей.
Дарагія сябры ТБМ!
Шаноўныя чытачы “Нашага слова”! 30-гадовы юбілей “Нашага слова” – выдатная падзея для нас усіх. Мы маем поўнае права ганарыцца нашай газетай, нашай арганізацыяй і нашай супольнай дзейнасцю. Але для таго, каб “Наша слова” працягвала сваю хаду, нам трэба пашыраць кола падпісчыкаў, чытачоў і прыхільнікаў газеты. Віншую вас усіх з юбілеем!
Віншую шаноўнага рэдактара Станіслава Судніка і яго памочнікаў і жадаю моцы, упэўненасці, добрага настрою і лепшых умоў для працы з “Нашым словам”.
Старшыня ТБМ Алена Анісім.
“Наша слова”: 30 год разам са шчырымі беларусамі
Адно са старэйшых недзяржаўных выданняў у сярэдзіне сакавіка адзначае свой 30-ці гадовы юбілей. Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы “Аб’яднаныя МасМедыя”, сябрам якога з’яўляецца “Наша слова”, з задавальненнем дасылае свае шчырыя віншаванні штатным супрацоўнікам і ўсім прыхільнікам, якія клапоцяцца і прыкладваюць намаганні, каб родная мова поўнавартасна гаспадарыла на Бацькаўшчыне, каб яна яднала нашых грамадзян і дапамагла зрабіць жыццё заможным і прыстойным!
Выданне ўзнікла ў адносна далёкім 1990 годзе напярэдадні Дня Волі. За ўсе мінулыя гады яно не здрадзіла сваёй мэце – быць вольным, шчырым са сваімі чытачамі і карысным для ўсіх, хто добра разумее, што нельга разменьваць родную мову на якія б ні было матэрыяльныя каштоўнасці. Больш за 23 гады выданне ўзначальвае і забяспечвае яго крэатыўнымі ідэямі, падымае на новыя вышыні шаноўны спадар Станіслаў Суднік. Вялікая падзяка і павага гэтаму энтузіязму і адданасці!
Жыве “Наша слова”!
З найлепшымі віншаваннямі і пажаданнямі, сябры Асацыяцыі.