Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Высь нацыі – МОВА”

“Высь нацыі – МОВА”

17 сакавіка 2020, 00:38 Мова 14
“Высь нацыі – МОВА”

Да Свята роднай мовы наш зямляк, Сяргей Сцяпанавіч Панізнік,  даслаў мне такія словы, якія прагучалі падчас раённага конкурсу чытальнікаў:

А “Тыдню Роднай Мовы”

кліч “- На дабрыдзень!” – ловы:

салдаціку, міністру,

таксісту, журналісту

і ўсім, хто зняў аковы,

чаўпню паклаў у сховы,–

р а д н ю с е н ь к і м і  быць

і нам, як альпіністам,

Высь Нацыі любіць !

 

Трэці год запар на Верхнядзвіншчыне Дзень роднай мовы праходзіць так шырока. Раённай арганізацыі “Тварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” давялося шмат пашчыраваць, каб гэты дзень  прайшоў годна і заўважна. І, канешне, свята не абышлося без чарговай дапамогі з боку абласнога грамадскага аб’яднання “Самакіраванне і грамадства” на чале з Хрыстафорам Жаляпавым, арганізацыі, з якой мы зладзілі не адну творчую сустрэчу з вядомымі людзьмі на Верхнядзвіншчыне.

Варта сказаць крыху пра гісторыю таго, як свята стала так адзначацца на Верхнядзвіншчыне. Першае мерапрыемства, а гэта конкурс чытальнікаў, прайшоў у СШ № 2 г. Верхнядзвінска ў 2018 годзе, і тады нам, актывістам ТБМ-эмаўцам, вялікую дапамогу аказала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай працы Алена Мікалаеўна Слямнёва, якая і ў гэтым годзе не засталася ўбаку: у школе прайшла сустрэча вучняў і настаўнікаў з пісьменніцай Ірынай Жарнасек, а Алена Мікалаеўна ўвайшла ў склад журы раённага конкурсу чытальнікаў, у  якім  ў гэтым годзе ўдзельнічалі ўсе школы раёна.

З мінулага года свята роднай мовы было ўключана ў план мерапрыемстваў аддзела адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама: першы крок быў зроблены ў 2018 годзе ў СШ № 2, а затым, па прапанове Таварыства беларускай мовы, да  святкавання Дня роднай мовы ў 2019 годзе  далучыўся Цэнтр дзяцей і моладзі, і  на гэтым свяце гучалі ўжо не толькі вершы беларускіх паэтаў, але і песні беларускіх  кампазітараў. Госцем  свята быў знакаміты ў нашай вобласці краязнавец з Мёраў Вітаўт Антонавіч Ермалёнак, які прэзентаваў падчас сустрэчы і свае дзве новыя кнігі. Менавіта тады, у 2019 годзе, і было прынята рашэнне аб ўключэнні святкавання Дня роднай мовы ў план раённых мерапрыемстваў аддзела адукацыі. Гэтым годам Цэнтрам дзяцей і моладзі было распрацавана адмысловае Палажэнне, на падставе якога конкурс праходзіў у трох групах: малодшай – 1-4 клас, сярэдняй – 5-8клас, і ў старэйшай узроставай катэгорыі ўдзел прымалі вучні 9-10 класаў. Трыццаць два ўдзельнікі конкурсу ў гэты дзень чыталі  вершы А. Вярцінскага, Н. Гілевіча, П. Панчанкі, П. Броўкі, Г. Бураўкіна, Я. Янішчыц, А. Куляшова і іншых беларускіх паэтаў. Літаральна напачатку конкурсу да арганізатараў падыйшла дзяўчынка з СШ № 2 Таццяна Лаўрыновіч і папрасіла, каб яе таксама ўключылі ў праграму. А яшчэ яна адкрывала свята выкананнем песні пра Беларусь.

У складзе незалежнага журы – Ірына Жарнасек, якая для ўзнагароджання пераможцаў прывезла свае кнігі, экссуддзя нашага  раёна Вячаслаў Якімаў, які выдаў дзве кнігі пра гісторыю свайго краю, краязнавец і паэт Антон Бубала, намеснік дырэктара СШ № 2 Алена Слямнёва, мастак Валеры Шчасны, дырэктар раённай бібліятэкі Люд міла Куўшынава.

Як прызнаўся, падводзячы вынікі конкурсу, Антон Бубала, якому ад імя жу ры было дадзена права агучыць імёны пераможцаў, жарсці сярод сябраў журы былі вострыя. Са-праўды, было відаць, што і дзеці, і настаўнікі, якія выкладаюць родную мову, старанна падрыхтаваліся да мерапрыемства: дзеці падрыхтаавалі да конкурсу творы вядомых беларускіх паэтаў, адпаведныя строі чытальнікаў, паўнюткая зала і шчырыя апладысменты заахвочвалі канкурсантаў.

Арганізатары паклапаціліся і аб ўзнагародах не толькі пераможцаў, але і заахвочвання ўсіх удзельнікаў Свята роднай мовы. Пераможцы ў першай узроставай, малодшай групе атрымалі мяккія цацкі, кнігі П. Севярынца, У. Папковіча, І. Жарнасек і дыпломы, пра якія хочацца сказаць асобна: дыпломы ўяўлялі сабой разгорнутую кнігу з партрэтамі Н. Гілевіча, Я. Янішчыц і Н. Арсенневай з іх вершамі пра родную мову. Іх атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу. Другая ўзроставая група ў падарунак атрымала кнігі Ірыны Жарнасек, а больш старэйшыя  вучні – кнігі Франца Сіўко, якія ён перадаў спецыяльна  для Свята роднай мовы.

У лік пераможцаў у старэйшай узроставай групе – Масальскі Ягор з Верхнядзвінскай гімназіі, Родзік Насця з Шайцераўскай школы і Казак Вераніка з Бігосаўскай СШ.

У сярэдняй узроставай групе першыя тры месцы журы аддало Макеенка Ксеніі з Верхнядзінскай гімназіі, Маслоўскаму Дзянісу з Прыдзвінска-Бароўскай СШ і Літвінавай Вікторыі з Асвейскай СШ.

Сярод самых маленькіх удзельнікаў пераможцамі прызнаны Янкоўская Ірына з Сар’янскай школы, Шалонька Дзмітры з СШ № 2 і Рубін Дзіяна з Боркавіцкай школы.

Напрыканцы усіх чакалі салодкія пачастункі і фотасесіі з настаўнікамі і пераможцамі конкурсу.

У гэты раз мы, як арганізатары, падрыхтавалі спецыяльныя запрашэнні на Свята роднай мовы. Але засмуціла тое,  што калі ўжо нават абласныя кіраўнікі ў Віцебску пісалі беларускамоўную дыктоўку, мясцовае начальства было занята сваімі справамі і не прыйшло на свята.

Узгадаем словы Яўгеніі Янішчыц:

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш

                 што свет даўно не вузкі!

Ды калі ты не бязродны сын –

Гавары са мной па-беларуску!

Валянціна Болбат,

ТБМ, Верхнядзвінск.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1419
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0217
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Далучайцеся да нас