• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 26 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
З чарады Страцім-Лебедзя…

З чарады Страцім-Лебедзя…

10 сакавіка 2020, 17:49 Грамадства 3
З чарады Страцім-Лебедзя…

Навіна аб смерці блізкага чалавека заўсёды засцігае знянацку, як гром з яснага неба… І ты, агаломшаны гэтай навіной, робішся абсалютна абязброеным і бездапаможным перад жыццём і лёсам. І пачынаеш пакутліва сумнявацца ў існасці Божага промыслу… Ну чаму? Чаму? Чаму так? Мо таму, што “не па барадзе, а па чарадзе смерць ідзе…”? Алесь Пісьмянкоў, Ала Канапелька, Анатоль Сыс, Уладзімір Марук, Таццяна Сапач, Міхал Анемпадыстаў, Уладзіслаў Ахроменка… У гэтым жалобным шэрагу з нядаўняга часу і – Эдуард Дубянецкі… Ён быў паэтам з рыцарскім абліччам і анёльскай душой – абсалютна шчырым, даверлівым і бяскрыўдным у адносінах да  людзей і ні разу не паскардзіўся на бязлітасны лёс, і не выказаў крыўды на Бога за сваю фізічную загану… На гэта здольныя толькі сапраўдныя  волаты Духу… Тыя, хто робіць першы крок на Птушыны шлях без самоты і шкадавання, бо “кнігу маюць”… Паэт Эдуард Дубянецкі з іх акрыленай чарады…

 

 

Памяці Эдуарда Дубянецкага

 

Отговорила роща золотая…

 С. Ясенін.

 

Нібыта хтосьці зло пажарціў, –

яшчэ учора вершы сніў…

– Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Ну што ж ты, дружа, нарабіў?!

Жыцця на дробязь не растраціў…

Хлуснёй душу не замуціў…

– Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Ты, як анёл, узнёсла жыў…

Аб моры мару даляглядзіў…

Не шкадаваў балесных крыл…

– Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Чым Богу ты не дагадзіў?

Завету Геніюш не здрадзіў…

Больш за жыццё

                          свой Край любіў…

– Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Не ў час твой гай адгаманіў…

 Эдуард Акулін.

25 лютага 2020 г. 20:25.

Эдуард Дубянецкі

Паэт, гісторык, культуролаг, эсэіст. Аўтар кнігі паэзіі “Душы маёй няскончаны палёт” (2011), а таксама навукова-папулярных кніг, энцыклапедычных даведнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, беларусазнаўству, культуралогіі. Кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Чудзін на Берасцейшчыне. Памёр 25 лютага 2020 года.

 

Беларуская мова

 

Беларуская мова –

То крылы,

Што дае міласэрна Ўсявышні

Нам для ўзлёту

Знямелай душы…

 

Беларуская мова –

Малітва,

Што гучыць пранікнёна і льецца

Жыццядайным святлом

На імшы…

 

Беларуская мова –

Ліхтарык

Для таго,

Хто зблудзіў цёмнай ноччу

І не ведае шлях

Да шашы…

 

Беларуская мова –

Цягнік ты,

Здольны вывезці хутка народ 

На прастор

Ціхай радасці вольны

З хцівай пашчы

Бязвер’я глушы…

 

Зрабі з маім сном, што захочаш…

 

Калі мой сон

ізноў

сплываці будзе

уніз па рэчцы,

ты яго спыні…

 

Спыні

і на руках сваіх вільготных

у дом пусты

свой прынясі ўначы,

а потым

у ложак свой яго,

нібыта котку,

з сабою побач

пакладзі і прытулі,

альбо,

як бруднае

і непатрэбнае люстэрка,

ушчэнт разбі яго,

без роспачы разбі…

 

Канфармісты

 

Іх не турбуе лёс краіны,

Іх крэда – быць ніжэй травы

І гнуць перад начальствам спіны,

Жыць, як бязвольныя рабы.

 

Іх не хвалюе скон народа,

А толькі шмоткі, сэкс, харчы.

Для іх пусты гук “дух”, “свабода”.

Іх прынцып –

                 “лепш заўжды маўчы!”

 

Яны б хацелі жыць так вечна,

Бы рыбы ў касяку, маўчаць,

І плыць у рацэ жыцця бяспечна

Усёй сям’ёй сваёй. Аднак  

Ім здолее хтось пракрычаць

З нашчадкаў шчырых:

                        “Ганьба! Ганьба!”

Беларускі баян

 

Рыгору Барадуліну

 

Кшчоны вы нябёсамі і Богам,

каб служыць

                  святыні нашай — мове!

Каб насуперак

                  усім бедам і трывогам

эліксірам быць

                     чароўным у знямозе!

 

Голас Ваш узнёслы вышэй гор

узлятае, мудры

                       дзядзька наш Рыгор!

Вы – паэзіі цудоўнай акіян,

чараўнік і беларускі наш Баян! 

 

Паэзія

 

Адзін другога пераконваў:

“Паэзія – гэта пошук

дна бяздоннага маўчання”

Другі яму рашуча запярэчыў:

“Не! – гэта адчуванне

бязмежнага болю

ў нетрах спрадвечнай мілосці”.

А трэці паспрабаваў іх

прымірыць:

“Паэзія – гэта спасціжэнне

спрадвечнага маўчання

мілосці на дне неабсяжнага болю”.

 

Творчасць

 

У лабірынце слоў нямых

блукаю,

нястомна я шукаю сярод іх

такія словы,

каб з іх можна было скласці,

нібыта пазл,

таямнічы верш,

які б змог вырвацца

з прасторы нематы,

і ў рэшце рэшт

загаварыць

са мной, з табой,

а мо

і з цэлым светам…

 

Там…

 

Там штось шапоча пасівелая рака,

вісяць, бы яблыкі,

                        на дрэве неба зоркі,

там выглядае лодка рыбака

чаўном Харона. І ляжаць пагоркі,

 

нібы вярблюды

                      у пустыні; вецер там

містычнай цішынёй зачараваны,

бы немаўлятка, спіць.

                              З нябёс бальзам 

спакою льецца.

                     Дзіўны час нірваны…

 

Журботны дыялог

 

“Жыццё маё сцякала,

Бы вада

З халоднага

І вострага ляза…”

 

“Маё жыццё –

Гаркавая сляза,

Што ўпала на зямлю калісь

І знікла,

І знікла незаўважна,

Бы раса…”

 

[Той дыялог

Дзвюх мёртвых душ

Пачулі

Пясок маўклівы

Й задуменная трава].

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1219
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0317
У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца
ТБМ

У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца

11 лютага 2020, 23:4216
Далучайцеся да нас