Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Беліцкім Доме культуры правялі раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”

У Беліцкім Доме культуры правялі раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”

26 лютага 2020, 01:19 Культура 29
У Беліцкім Доме культуры правялі раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”

Вось  ужо ў шосты раз у мінулую нядзелю – 16 лютага – аграгарадок Беліца Лідскага раёна прымаў раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”. На гэты раз установы культуры Лідскага раёна прэзентавалі стравы з дароў прыроды. Тэма вельмі актуальная ў наш час, бо дары прыроды спрадвеку служаць на карысць здароўю чалавецтва і ўсё больш людзей імкнецца весці здаровы лад жыцця і надае вялікую ўвагу свайму харчаванню. Работнікі ўстаноў рыхтавалі стравы па рэцэптах продкаў, таму атрымаліся сапраўдныя экалагічныя шэдэўры, і ўвачавідкі, што нашы продкі мелі рацыю.

Карп па-царску і карп па-беліцку, галкі рыбныя і грыбныя па-тарноўску, пірагі рыбныя, камы грыбныя і рыбныя, юшка па-пескаўску, блінны пірог з сушанай садавіной, яблыкі печаныя з мёдам і яблыкі мочаныя, збіцень і розныя напоі з ягад. Усё проста немагчыма пералічыць.

Фактычна асноўнымі элементамі дзікай прыроды, якія былі задзейнічаны кухарамі, сталі грыбы, ягады, арэхі, рыба (лешч, карасі). Спрэчка, ці лічыць карпа, выгадаванага ў сажалцы, і яблыкі, выгадаваныя ў садзе, дарамі прыроды, развязкі не мела. Кожны застаўся пры сваім. 

Удала ўпісаліся ў свята традыцыйнай кухні і міфалагічныя беларускія персанажы, якія рыхтавалі касцюміраванае дэфіле. Кожная клубная ўстанова паказвала свайго персанажа, які быў ім бліжэй: русалак паказвала прынёманская Беліца, а паўночнае Дворышча паказвала Зюзю. Паказвалі і Хатніка, і Вадзеніка, і Жыценя, і Цёцю, і Лёлю, і Ладу, і Оха, і Белуна ці Белабога. А вось Перуна не было, хай спіць сабе недзе да вясны, не яго пара.

Пескаўцы прадставілі сваю мясцовую істоту – Пачастунка, які жыве ў каморы з прыпасамі і спрыяе іх папаўненню, калі гаспадар шчодры і гасцінны. А калі гаспадар сквапны, то Пачастунак не дбае, каб прыпасы папаўняліся, а наадварот насылае на іх то плесень, то гніль, то цвіль. За гэтага Пачастунка журы вывела Пескаўцы на трэцяе месца.

У журы ўваходзілі спецыялісты з Гародні і Ліды. Узначальваў журы ўжо не першы раз старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, рэдактар “Нашага слова” і “Лідскага летапісца” Станіслаў Суднік, які падчас узнагароджання сказаў, што Лідчына стаіць на парозе стварэння Музея беларускай міфалогіі, але калі і як гэта рэалізуецца, ведае, мабыць, толькі яго будучы  Хатнік, які пакуль на людзі не паказваецца.

   У выніку пераможцамі раённага конкурсу “Спазнай смак сваёй кухні” сталі Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр – I месца, Першамайскі Дом культуры – II  месца, Пескаўскі і Ваверскі Дамы культуры падзялілі III месца. Астатнія клубныя ўстановы таксама атрымалі дыпломы і падарункі.

Трэба адзначыць вялікі ўклад і клопат, якія праявіла пры арганізацыі свята метадыст Цэнтра народнай творчасці Ганна Некраш, бо падобныя конкурсы фінансуюцца вельмі слаба, а часцей – ніяк. Патрэбны велізарны досвед і аўтарытэт, каб арганізаваць нешта падобнае.

Традыцыйна і бліскуча вяла ўсю імпрэзу Тамара Зенюкевіч.

Вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся да гэтай цудоўнай, выключна беларускай дзеі.

Яраслаў Грынкевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас