Наступіў 2020-ты – трэці і апошні Год малой радзімы. У папярэднія два гады, дзякуючы ініцыятыве нашых грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў, у Асіповіцкім раёне зроблена нямала.
Не засталося ўбаку і грамадскае аб’яднанне ТБМ імя Ф. Скарыны, у статуце якога, акрамя абароны роднай мовы, адна з галоўных задач – садзейнічанне зберажэнню і развіццю нацыянальнай культуры, гістарычнай памяці. Што тычыцца роднай мовы, то наша аб’яднанне звярталася да кіраўнікоў асіповіцкіх прадпрыемстваў з прапановай маркіраваць выпусканую імі прадукцыю па-беларуску, але падтрымкі не атрымала. Аргументавалі тым, што многія грамадзяне ў нас не чытаюць па-беларуску і што на этыкетках тавараў не хапае месца. Не ўвасобілася пакуль ў жыццё і наша прапанова агучваць у грамадскім транспарце прыпынкі па-беларуску.
Тады мы вырашылі на мясцовым узроўні ад моўных праблем перайсці да звязаных з непасрэдным жыццём землякоў, нашай культурай, гістарычнай памяццю. Усе, хто хоць раз наведваў Дараганава, ведаюць, як цяжка ў такім невялікім, але раскіданым паселішчы, дзе налічваецца 14 вуліц і 2 завулкі, адшукаць патрэбны адрас розным службам: медыкам, газавікам, камунальнікам і інш. Дзякуючы нашай ініцыятыве і істотнай дапамозе мясцовага жыхара Цалуйкі В.М. была выраблена і ўстаноўлена неабходная колькасць указальнікаў вуліц, некаторых устаноў.
Ужо больш за 120 гадоў праз наш пасёлак праходзіць чыгунка, пабудаваная ад Асіповічаў да Старых Дарог (40 вёрст) за 8 месяцаў сямействам Дараганаў. Іх нашчадкі неаднойчы наведвалі Асіповіччыну. Сёлета ў жніўні з прыватнай паездкай завітала да нас аж 17 прадстаўнікоў роду Дараганаў з Масквы, Тулы, Пецярбурга, Швецыі. Гэты візіт падштурхнуў да ідэі неяк адзначыць, што мы памятаем, чыё імя носіць наша паселішча і чыгуначная станцыя. Ідэя была агучана перад кіраўніцтвам школьнага краязнаўчага музея, школы і сельсавета. Яна была ўхвалена, з’явіліся цікавыя праекты памятнага знака. Усе разам мы звярнуліся да кіраўніцтва Магілёўскага аддзялення беларускай чыгункі, і яно таксама нас падтрымала і паабяцала матэрыяльную дапамогу. Справа закруцілася. Мясцовы жыхар – Дунайка А. вырабіў памятны знак з металу. Урачыстае адкрыццё знака адбылося 28 снежня 2019 года. Зараз пасажыры праз вокны цягнікоў з задавальненнем разглядаюць цікавостку на дараганаўскім пероне.
Безумоўна, ажыццяўленне ініцыятыў лёгкім не бывае. Акрамя матэрыльных сродкаў, патрабуецца нямала маральных намаганняў, пераадоленне шматлікіх, як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных, перашкод.
Наперадзе яшчэ адзін год, прысвечаны малой радзіме, за які можна паспець рэалізаваць многае. А прыкласці намаганні, мяркую, ёсць да чаго ў кожным населеным пункце. Было б жаданне, а не спадзяванне, што нехта штосьці выканае за нас. Бо скардзіцца і дзяліцца настальгічнымі пачуццямі пры наведванні мясцін свай-го дзяцінства і юнацтва – што бывае вельмі часта – недастаткова. Трэба рабіць нешта канкрэтнае.
Улічваючы, што гэты год у нашым раёне – перыяд падрыхтоўкі да абласных дажынак, мяркуем прапанаваць усім зацікаўленым і датычным да гэтага мерапрыемства зрабіць знешняе афармленне вуліц, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый нашага горада, дзе гэта неабходна, па-беларуску, каб райцэнтр набыў усё ж такі беларускі твар.
Сямён Бародзіч,
старшыня Асіповіцкага
ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”.