29 студзеня сябры і паплечнікі ўшанавалі памяць вядомага публіцыста, эколага, пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Цімафеевіча Якавенкі. Яго не стала 22 студзеня 2018 года…
Чалавекам дзеяння, добразычлівым, энергічным і тэмпераментным узгадалі Васіля Якавенку яго калегі і сябры, журналісты, пісьменнікі, навукоўцы, творчыя асобы: Валеры Дранчук, Анатоль Астапенка, Аляксей Рагуля, Уладзімір Раманоўскі, Яўген Максімаў, Андрэй Плясанаў і іншыя. Госці вечарыны прагледзелі дакументальную кінастужку і падборку памятных фотаздымкаў пісьменніка.
В. Ц. Якавенка прайшоў свой шлях ад геолага, разведчыка нафты і іншых кары-сных выкапняў да майстра грунтоўнай, вострай публіцыстыкі і выдатнага празаіка, узняўся да вышынь сацыяльна-філасофскага асэнсавання беларускай гісторыі.
Ён быў працавітатым і ўпартым у дасягненні мэты, любіў родную зямлю і пісаў пра яе з замілаваннем у кнігах экалагічных нарысаў, артыкулаў і эсэ: “Пакуль сонца ў зеніце”, “Крушэнне на ростані”, “Нячывелле”, “Прывід Шанхая над Свіслаччу” і іншых.
В. Ц. Якавенка працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя” і ў Саюзе кінематаграфістаў БССР, быў членам камісіі ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР па экалогіі ў 1989 годзе.
Разам з журналістамі і эколагамі ён выдаваў вострую і актуальную экалагічную газету “Набат” у 1991-96 гадах пры “Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзе Чарнобыль”, які ён узначальваў, перадаваў галоснасці матэрыялы, якія раскрывалі радыяцыйную абстаноўку, агучваў рэальныя лічбы забруджання зямель і прадуктаў харчавання, выязджаў у камандыроўкі ў ЗША, Германію, Японію, дапамагаў у аздараўленні дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў за мяжой.
Ён быў старшынём аргкамітэта БНФ. З імпэтам ён здзяйсняў культуралагічныя экспедыцыі, стварыў літаратурныя партрэты Васіля Быкава, Міхася Карпука, Ігната Дуброўскага і іншых пісьменнікаў, мастакоў і грамадскіх дзеячаў. Ён распрацаваў дакументальна-мастацкі метад адлюстравання рэчаіснасці, напісаў гістарычны раман “Надлом”, стварыў трылогію “Пакутны век”, пакінуў свой запавет у апошнім рамане “Абярэг”.
Васіль Цімафеевіч быў арганізатарам паспяховых кампаній у абарону беларускай мовы ў 2009, 2011 гадах, выступаў у абарону роднай мовы, пісаў звароты ў органы заканадаўчай і выканаўчай улады. Папярэджваў, што беларуская мова ўнесена ў Чырвоную кнігу моваў – атлас “Мовы свету ў небяспецы”.
Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім распавяла прысутным на вечарыне пра сумесныя дзеянні ў абарону беларускай мовы і навуковыя канферэнцыі па захаванні культурнай спадчыны.
– Васіль Якавенка быў знакавай постаццю ў нашай беларускай рэчаіснасці. Памятаю, як ён ладзіў Кангрэс па лініі ЮНЭСКА, які называўся “Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі”. Калі я прачытала раман “Пакутны век”, была вельмі ўзрушана гэтай эпахальнай кнігай нацыянальнага маштабу. Калі мы звяртаемся да яго планаў і задумаў, гэта дае нам апору і арыентыр у нашай сёняшняй дзейнасці, дае нам натхненне трымаць Беларусь у сэрцы і бараніць яе як незалежную краіну. Нам сёння не стае Васіля Цімафеевіча з ягонай энергіяй і яго намерамі, яго разнастайнасцю, – адзначыла спадарыня Алена Анісім.
– Асноўнай рысай яго была праўдзівасць і прынцыповасць. Ён заўсёды ішоў да людзей з адкрытай душой. У апошні час мы працавалі над выданнем пяцітомніка філосафа Мікалая Крукоўскага, Васіль быў ініцыятарам гэтай працы, аналагаў якой на Беларусі практычна не было. Унікальнай з’явай стаў выхад спадчыны беларускага філосафа ў Расіі. Ён належаў да кола Дон-Кіхотаў, якія ў наш час ужо знікаюць.
Кандыдат філалагічных навук, прафесар БДУКіМ Аляксей Уладзіміравіч Рагуля адзначыў эпічны характар творчасці Якавенкі.
– Ён уключаўся ў кола праблем, якія ставілі буйнейшыя філосафы і пісьменнікі. Ён абагульняў пад адзіным сэнсам падзеі розных часоў, узгадваў вытокі нашага этнасу і сягаў думкай у будучыню. У яго кнігах галоўным пунктам адліку з’яўляецца мужнае сведчанне праўды чалавечай існасці.
Прывітанне паплечнікам і чытачам ад адной з гераінь “Пакутнага веку” Марыі Дзямковіч з ЗША перадала дачка пісьменніка Алена Васільеўна Якавенка.
“Я заўсёды бачыў Васіля заклапочаным, дзелавітым, – напісаў у лісце да родных спадара Васіля Ягор Фядзюшын. – Стваралася ўражанне, што ідэі кіпелі ў яго галаве, патрабавалі выхаду і рэаліза-цыі. І ён іх рэалізоўваў: праводзіў канферэнцыі, круглыя сталы, дыскусіі. І пры гэтым ён пісаў раманы, такія, як “Пакутны век”, дзе гаворка ішла пра глыбінныя, тэктанічныя змены ў грамадстве і пра лёс народа, пошукаў выйсця з гістарычных калізій.
Узгадваючы яго, заўсёды бачу яго засяроджаным на пошуках новага пава-роту сюжэту, характару. Ён быццам бы жыў у некалькіх вымярэннях адразу. І пры гэтым заставаўся сканцэнтраваным. Унутрана ён быў мяккім і мог адчуць на-строй іншага. Ён рабіў шмат: праводзіў канферэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы.
Ён разумеў няпростыя лёсы беларусаў.”
Алесь Клышка прысвяціў свайму сябру і паплечніку верш “Васілёва зямля”:
Два гады, як няма Васіля.
І колькі яшчэ на вяку нашым міне?
На родных магілах стыне зямля.
І толькі любоў у нашых сэрцах не стыне.
Паблажлівы погляд, вільготныя вочы,
У справах Радзімы прамы і адданы.
Чулае сэрца, да справы ахвочы,
Мужна цярпеў і абразы, і раны.
Гналі ўсе, як Хрыста на Галгофу,
Піналі паўсюль – свае і “тыя”
Кожны забіў свой цвік патроху,
Нахабна, упэўнена, быццам “святыя”.
Такі лёс герояў на Беларусі:
Чужыя не знішчаць – заб’юць свае,
Наканавана пражыць у скрусе,
Пакуль Гасподзь не забярэ.
Але за ўсё, што змагаўся Васіль:
Балоты Палесся, шчырасць слоў,
За годную памяць герояў… А цвіль
Згіне навекі, не з’явіцца зноў.
Два гады як няма Васіля.
Што для свету нядоўгі век.
Будзе квітнець Васілёва зямля,
Для нашай Радзімы ёсць “Абярэг”.
Эла Дзвінская,
Фота Валерыя Філіповіча.