Рэцэнзія на кнігу “Уводзіны ў філасофію. Нарысы. Тэксты”
Мінск. Выдавец Зміцер Колас, 2019 г.
Пад агульнай рэдакцыяй
Паўла Баркоўскага, дацэнта, кандыдата філасофскіх навук.
Укладанне Паўла Баркоўскага, Лявона Баршчэўскага, Анатоля Сідарэвіча.
Рэцэнзенты:
Уладзімір Конан, доктар філасофскіх навук,
Ядвіга Яскевіч, доктар філасофскіх навук,
Ігар Бабкоў, кандыдат філасофскіх навук.
Аўтары ўступных артыкулаў:
дацэнты, кандыдаты філасофскіх навук Рыгор Грудніцкі, Павел Баркоўскі.
Сучасны навукова – тэхнічны прагрэс усім сваім існаваннем не ў стане адмовіць традыцыйныя і адначасова новыя пытанні аб сутнасці быцця, у тым ліку чалавечага жыцця, аб пошуках ісціны, аб магчымасцях чалавечага пазнання. У рэчышчы філасофіі на гэтыя, ды ім падобныя пытанні, і на сённяшні дзень існуе вялікая колькасць адказаў, ці вялікая колькасць філасофій. Паводле савецкага і расійскага філосафа Тэадора Айзермана, “існаванне мноства несумяшчальных адна з другой філасофій вельмі ўскладняе адказ на пытанне “што такое філасофія? Але гэтыя абставіны сведчаць аб тым, што цяжкасцей адказу на такое пытанне тым больш, чым больш фактычных дадзеных для яго развязвання” (Ойзерман, Т.И. Метафи-лософия. Теория историко – философского процесса. М.: КАНОН, 2009. С. 61.)
- Філасофія: яе сэнс, прызначэне. Пра катэгорыі філасофіі
У першым раздзеле (стар. 5 – 54) змешчаны тэксты, якія павінны дапамагчы студэнту ў раскрыцці пытання “што такое філасофія”. Ва ўступе аўтары – складальнікі робяць тлумачэнні, што адказ на пытанне, што такое філасофія, палягае ў рэчышчы разумення светапогляду, які праяўляецца гістарычна і які “абумоўлены мэтамі эпохі, яе каштоўнасцямі, уласцівым ёй тыпам культуры”. Азначэнне філасофіі дасягаецца праз аналіз суадносін філасофіі і міфалогіі; філасофіі і рэлігіі. Робіцца выснова: філасофія “ўзнікае як спосаб рацыянальна – крытычнага пераадолення міфа, як тэа-рэтычны спосаб асэнсавання свету і чалавека, незалежны ад рэлігійна – міфалагічнай фантазіі” (с. 9).
Хрэстаматыйныя тэксты першага раздзела стартуюць са спадчыны Платона (ва ўступным слове тлумачыцца прычына такога падыходу, с. 5), хоць пачынальнікам філасофіі ў еўрапейскай традыцыі лічыцца Піфагор з ягонай містыфікацыяй лікаў, якому і прыпісваецца аўтарства слова “філасофія”. Затым наступае перыяд натурфіласофіі: мілецкай (іянійскай), элейскай, філасофіі атамістыкі, што і складае неразрыўны ланцуг антычнай філасофіі. У V ст. да н. э. складваецца школа сафістаў, якія ў адрозненні ад натур-філосафаў ужо мелі справу не з прыроднымі прадметамі, а толькі з чалавечымі абстракцыямі. Сафісты былі першымі платнымі настаўнікамі мудрасці, якія ўзмацнілі спеклятыўнасць (абстрактнасць) філасофіі. Пад мудрасцю сафісты разумелі не пошукі ісціны, а толькі ўменне любымі прыёмамі даказваць ці абвяргаць ісцінасць ці ілжывасць чалавечых думак. Менавіта з крытычнасці гэтых сафістычных практыкаванняў прайшоўшы праз спадчыну Сакрата / Платона, закладваліся асновы фармальнай логікі, якая строга і завершана паўстала ў філасофіі вялікага стагірыта – Арыстоцеля.
Платон / Сакрат – вяршыня у равіцці антычнай філасофіі (складальнікі і пачынаюць сваю хрэстаматыю менавіта з яго). Для таго, каб зразумець філасофію Платона неабходна спачатку ўведаць спадчыну Сакрата як ягонага настаўніка ад якога не засталося ніякай пісьмовай памяці.Сакрат узгадваецца толькі ў філасофскіх трактатах ягонага вучня – Платона, у якіх ён выступае галоўным персанажам. Сакрат прынцыпова не прызнаваў пісьма як такога: для яго слова напісанае – гэта слова мёртвае, а ісціну можна адшукваць толькі праз слова жывое, слова агучанае.
Аўтарам удалося дбайна і сцісла пераказаць дыялагічнасць філасофіі Платона/Сакрата, выкарыстоўваючы для гэтага, у прыватнасці, выбраныя дыялогі Платона ў беларускіх перакладах Яна Пятроўскага (1905 г., Слуцк – 2002 г., Гэйсэнвіль, ЗША). Ян Пятроўскі папулярызатар філасофскай спадчыны Платона і перакладчык яе са старажытнагрэцкай мовы на беларускую. Паводле Я. Пятроўскага, “пераклады, для прыкладу, дыялёгаў Плятона, нясуць з сабою слоўнік новых філязафічных тэрмінаў, выражэньняў, стылю і канцэпцыяў дагэтуль нячуваных у нас, новыя дэфініцыі. Бо і ў грунце рэчы, бяз гэтых канцэпцыяў, бяз гэтых паняцьцяў і дэфініцыяў, бяз разумных нормаў і прынцыпаў, гэтак старажытны свет, як і сучасны, не могуць абыйсьціся на шляху людзскасьці да новых гарызонтаў”. Пятроўскі, Ян. Старажытная грэцкая клясыка (у межах нашае супольнасьці). Gainesville, Florida USA. 1979. с. 9.
Пераклаўшы тэкст дыялёгу “Крытон”, Я. Пятроўскі адзначаў, што “ён выдаўся мне вельмі бе-ларускім. У ім закраналіся ўсе тыя аспекты пытаньняў, якімі займаюцца ў сваім жыцьці ўсе дочкі і сыны беларускага наро-да”. Пятроўскі, Ян. На васьмідзесятыя ўгодкі (фрагмэнты). Gainesville. Florida USA. 1985. с. 8.
Пераклады дыялогаў Пла-тона, выкананыя Янам Пятроўскім, наступныя: “Сімпозыён Іён”, “Горгіяс”, “Протагорас Гіппіяс Вялікшы”, “Пармэнідэс Мэнон”.
Не толькі сэнс філасофіі як спецыфічнага феномена, але і большая частка яе зместу будуць недастаткова зразумелымі, калі яе выкладаць па аналогіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі безадносна гісторыка-нацыянальнага кантэксту і экскурсу ў гісторыю філасофіі. Што тычыцца такіх навук “без прынцыпаў” як фізіка, хімія, біялогія, то іх вельмі мала цікавяць сацыяльныя ўмовы, эканамічны стан, палітычная сістэма грамадства ў дачыненні да тых ці іншых думак, канцэпцый, адкрыццяў законаў, у якіх гэтыя навукі афармляліся. А вось з філасофіяй сітуацыя зусім іншая менавіта таму, што яна перад усім – светапогляд нейкай канкрэтнай гістарычнай эпохі і чалавека. Напрыклад, выка-рыстанне закона зберажэння і ператварэння энергіі ў межах фізічнай навукі не цягне за сабою аўтаматычнага звароту да асэнсавання светапоглядных абставін, у якіх ён быў сфармуляваны. Філасофскае асэнсаванне гэтага закона патрабуе не толькі паняційнага тлумачэння, але і аналізу эвалюцыі лінгвістычнага разгляду тэрмінаў “энергія”, “ператварэнне”, “зберажэнне” і г.д.
У першы раздзел рэцэнзаванай кнігі “Уводзіны ў філасофію” ўключаны аўтэнтычныя тэксты з твораў 25 аўтараў самых розных філасофскіх напрамкаў, эпох, традыцый. На працягу доўгай дарогі свайго развіцця, уключаючы і сённяшні дзень, перад філасофіяй паўстае пытанне, што такое філасофія, яе функцыянальнасць у чалавечым грамадстве? Рэнэ Дэкарт, французскі філосаф, матэматык ХVII ст. у сваёй працы “Пачаткі філасофіі” адзначаў, што “Філасофія (калі ўжо яна распаўсюджваецца на ўсё даступнае чалавечаму пазнанню) адна толькі і адрознівае нас ад дзікуноў і варвараў і што грамадзянскі ды адукацыйны ўзровень кожнага народа тым вышэйшы, чым лепш у ім філасофствуюць” (с.17). Значыць, у аснове філасофіі прысутнічае мудрасць; але не любая мудрасць – філасофія. Гэта відаць на прыкладзе спадчыны антычных сямі мудрацоў у ва ўсіх іх класіфікацыях. З двух дзясяткаў старажытнагрэцкіх мудрацоў толькі адзін Фалес – прадстаўнік Мілецкай (Іянійскай) школы з’яўляецца філосафам, бо ён упершыню з пазіцый наіўнага, стыхійнага матэрыялізму сфармуляваў ідэю, што свет паступова сфармаваўся з вады, як першарэчыва кропельна – вадкаснага стану. Усе астатнія мудрацы закраналі толькі прыватныя пытанні з палітыкі, маралі, рэлігіі, права, кахання і г. д. Накшталт, выказванне мудраца-заканатворца Салона: “Ад багацця ўзнікае перанасычэнне, а ад яго пыха” – з’яўляецца мудрасцю, але не філасофскай ідэяй адносна Сусвету, прыроды і г. д.
- З гісторыі філасофіі
Ва Уступе аўтары Павел Баркоўскі і Рыгор Грудніцкі слушна адзначаюць, што ў стаўленні да філасофскай класікі сучасная філасофія – “гэта спалучэнне самых розных школ і плыняў” і вылучаюць наступныя з іх: сацыяльна – крытычная; прагматыка – аналітычная, структуральна – постмадэрная і экзістэнцынальна – фенаменалагічная (с. 56). Уяўляецца неабходнасць пункцірна закранаць хоць бы аўтарскім тэкстам (дзеля ўсеабдымнага ўяўлення адносна ўсясветнай філасофіі), геаграфічныя арэалы ўзнікнення філасофіі: Індыя, Кітай, Грэцыя – Рым; старажытнаіндыйскую і старажытнакітайскую філасофію як трывалы складнік усясветнага досведу ў гісторыі філасофіі.
Гісторыя філасофіі – навука асобага роду, задача якой – вывучэнне падзей, якія непадуладны вонкавым назіранням. Па-гэтаму яна напрамую не даследуе праблемы прыроды, грамадства, дзяржавы, чалавека, а толькі выражаныя лагічным шляхам думкі адносна іх і шмат чаго іншага. Праз уключэнне хрэстаматыйных выбраных тэкстаў з сусветнай і айчыннай філасофскай традыцыі ў кнізе “Уводзіны ў філасофію” праводзіцца думка аб тым, што гісторыя філасофіі – гэта не храналагічная роспаведзь аб жыцці і творчасці асобных філосафаў ці прызнанне нейкага адзінамернага пазнаваўчага працэсу, а гэта складаны працэс працякання жыцця ў пэўны гістарычны час канкрэтнага народа, які і з’яўляецца суб’ектам і аб’ектам філасофскага аналізу. Паводле Г.Ф.В. Гегеля, у самой філасофіі ўтрымліваецца відавочная ўнутраная супярэчнасць, таму што па сваёй прыродзе “філасофія хоча спазнаць нязменнае, вечнае, існае самое па сабе і для сябе; яе мэта – праўда” (c. 58). Атрымліваецца, што калі філасофія ўтрымлівае сваю гісторыю, сваё мінулае, то “ў ёй нельга знайсці праўду, бо праўда не ёсць мінулым” (с. 58).
Другім важным момантам гегелеўскага разумення гісторыі філасофіі было прызнанне шматстайнасці ў існаванні мноства філасофій, якія ў аднолькавай ступені прэтэндуюць толькі на ісціннасць сваёй філасофіі.
Неабходна адзначыць, што аўтары хрэстаматыйнага дапаможніка вельмі да месца і да сённяшняга часу выкарысталі тэксты з працы Г.В.Ф. Гегеля “Лекцыі пра гісторыю філасофіі” ў перакладзе Рыгора Грудніцкага аб суадносінах самых разнастайных філасофій (у тым ліку нацыянальных) з іх напрамкамі, школамі, гістарычнымі эпохамі, традыцыямі і ўсясветнай філасофіі. З гегелеўскага разумення вынікае, што якімі б рознымі ні былі філасофіі, “яны ўсё ж маюць тое агульнае паміж сабою, што ўсе яны ёсць філасофіяй” (с. 59). Ва ўступным слове Паўла Баркоўскага адзначаецца, што “можна бясконца спрачацца, ці існуе філасофія ў нацыянальных межах або яна з’яўляецца выключна ўніверсалісцкім праектам, але нельга адмовіць тое, што тая ці іншая культура вельмі моцна ўплывала на станаўленне і фармаванне канкрэтнай філасофскай традыцыі, як тое адбылося ў Старажытнай Грэцыі ці ў Нямеччыне за новым часам (с. 6). Гегель вобразна параўновае суаднясенне ўсясветнай філасофіі і прыватных філасофій па аналогіі суднясення паняцяў садавіна, вішні, слівы, вінаград. Садавіна не існуе сама па сабе, а ўвасабляецца толькі праз вішні, слівы, вінаград; метафарычна ўсясветная філасофія ўпадабляецца садавіне, якая не здольна выяўляцца безадносна да шматстайнасці мноства філасофій.
III. Онталогія
У гэтым раздзеле слушна ўзята за аснову праца Рыгора Грудніцкага “Філасофія: вучэбна – метадычны комплекс: для студэнтаў усіх спецыяльнасцей” – Наваполацк: ПДУ, 2005. У этымалагічным падыходзе слова “онталогія” азначае (онто – існае; логос –слова😉 слова, вучэнне аб існым, вучэнне аб быцці, і ў гэтым раздзеле тлумачыцца шырокае і вузкае разуменне аб існаванні прыроды.
У шырокім сэнсе прырода – гэта ўся разнастайнасць формаў быцця, аб’ектыўная рэальнасць, матэрыя, г.зн. усё тое, што існуе па-за чалавечай свядомасцю і незалежна ад яе. У вузкім сэнсе прырода як аб’ект філасофскага пазнання – гэта сукупнасць натуральных умоў існавання чалавека і грамадства (с. 79).
У антычнасці пабудова ідэальнай дзяржавы дапускала магчымасць паралельна з гэтым развязвання шэрагу агульнафіласофскіх праблем, у якіх разглядаюцца пытанні таямнічасці і загадкавасці існавання ці неіснавання космасу, прыроды, грамадства, чалавека. Для адказаў на гэтыя ды іншыя пытанні неабходна была існаваць пэўная мадэль грамадскага парадку.
Гісторыка – філасофскі экскурс у раздзеле “Онталогія” шырока прадстаўлены тэкстамі рознай аб’ёмнасці: 23 аўтарамі – філосафамі, пачынаючы ад спадчыны антычнага Анаксагора, ахопліваючы: філасофію ранняй схаластыкі (Аўгустын); дуалізм французскага філосафа, матэматыка, механіка – Рэнэ Дэкарта; суб’ектыўны ідэалізм – шатландца Дэвіда Юма; прадстаўніка не кантынентальнай і адначасова некласічнай філасофіі, аднаго са стваральніка матэтычнай логікі, – англічаніна Бертрана Расэла; немца Марціна Гайдэгера з ягонай экзістэнцыянальнай аналітыкай у разуменні быційнасці і часу; і завяршаючы спадчынай чэшскага філосафа, праваабаронца Яна Патачкі, паслядоўніка філасофіі фенаменалогіі і вучэння аб пост – Еўропе.
Філасофская спадчына, як вышэй узгаданых філосафаў, так і астатніх прадстаўленых аўтарамі ў раздзеле “Онталогія” раскрыта паспяхова. Але адсутнасць, ці толькі нязначная фрагментарнасць спадчыны таго ці іншага філосафа выклікаюць у асобных момантах патрэбу не толькі цытавання ягоных аўтэнтычных тэкстаў, але і ўказання ягонай філасофскай “спецыялізацыі”. Напрыклад, (стар. 81) спадчына Зянона прысвечана філасофскаму асэнсавання руху, ці існуе ён, ці не існуе, ці магыма фіксацыя яго? і г.д. Філасофія Зянона носіць апарыйны характар. Апорыя – гэта тупіковасць у лагічных разважаннях адносна руху і немагчымасць даказаць ці абвергнуць існаванне руху ў рэальнасці. Зянонам створана шмат апорый, якія закранаюць праблемы логікі, матэматыкі, лінгвістыкі, фізікі. Да нашага часу дайшло іх толькі некалькі, галоўнымі з якіх выступаюць: “Дыхатомія”, “Ахілес і чарапаха”, “Лятучая страла”, “Стадый”.
Ва ўсіх апорыях Зянона не адмаўляецца рэальны рух, а тлумачыцца, што пачуццёвая фіксацыя руху і лагічны аналіз яго даюць яму розныя малюнкі. Пытанне ў тым, як розумам выразіць рух. З дапамогай логікі немагчыма схапіць усе моманты “цяпер”, у якіх знаходзіцца прадмет і як ён пераходзіць з аднаго моманту “цяпер” у іншае “цяпер”. Раскладваючы працэс руху, розум “прыпыняе” яго, паколькі ён кожны момант “цяпер” фіксуецца ў стане “спакою”. Таму розум падказвае іншую, чым пачуццёвы вопыт выснову: “рух ёсць сума спакояў”, г.зн. што рух адсутнічае, ён немагчымы.
Філасофія ў Беларусі
Тысячагадовая традыцыя развіцця філасофіі не абмінала і беларускую гісторыю. Філасофія выкарыстоўвалася ў беларускіх сярэднявяковых схаластычных школах для абгрунтавання існавання Бога. Выкладалася яна ў Віленскім універсітэце (ХVI – ХIХ ст.ст.) не толькі на гуманітарыстыцы, але і на прыродазнаўчых аддзяленнях і медыцыне. Асэнсаванне тамтэйшымі навучэнцамі філасофскай праблематыкі ў пэўнай ступені спрычынілася і на ўзнікненне таемных універсітэцкіх палітычных аб’яднанняў філаматаў і філарэтаў. Гэта і запачаткавала, як адну з прычын закрыцця адзінага ўніверсітэта на тагачасных беларускіх землях у г.зв. “Паўночна – Заходнім краі” Расійскай імперыі. Універсітэцкі кшталт выкладання філасофіі з’яўляўся таксама характэрным для Полацкай езуіцкай акадэміі ( ХIХ ст.).
У савецкай Беларусі вывучэнне філасофіі адбывалася ў фо-рме камуністычнай ідэалогіі і дэнацыяналізацыі нярускага (мясцовага) насельніцтва. Гістарычны збег палітычных, вайсковых, міжнародных абставін не дазваляў нават адукаванай частцы беларускага народа, знаёміцца з набыткамі філасофіі па-беларуску. Камуністычна – каланіяльная ідэалогія ў савецкай Беларусі засноўвалася на трывала напрацаваным падмурку расійскай імперскасці з яе ўспрыняццем усяго беларускага як толькі часткі “рускай гісторыі – тэрыторыі – народа”. Выключэнне не складала і сфера філасофіі, а ў канцэнтраваным савецкім падыходзе гэта праяўлялася ў глумлівым “філасофія на беларускай мове?” І на сённяшні дзень на слыху сентэнцыі, накшталт таго, што “філасофскай лексікі па-беларуску ніколі не існавала і не існуе”. На такога роду “сцвярджэнні” можна адказваць толькі рытарычна: “А ці магчыма адшукаць уласна філасофскую лексіку на рускай ці якой іншай “жывой” мове?” Арыгіналы філасофскай лексікі прысутнічаюць толькі ў “мёртвых” мовах: старажытнагрэцкай і лаціне. Усе іншыя нацыянальныя і не толькі філасофскія (інжынерная, тэхнічная, медыцынская і г.д. ) мовы, у тым ліку і сучасная грэчаская сілкуюцца выключна з лінгвістычных сховішчаў Антычнасці. Таму любая мова імкнецца ў вечнасць, і яна заўсёды прырыхтавана ўбіраць у сябе не толькі ўсё самае сучаснае, але і мінулае, што адпавядае наяўным патрэбам носьбітаў гэтай мовы. Ж-Ж Русо сцвярджаў, што ў мове ёсць магчымасць “прачытаць” гісторыю і свабоды, і рабства.
Першыя невыразныя пробліскі спробаў карэляцыі філасофіі і беларускай мовы адбываліся ў пачатку 90-х гадоў з аб’яўленнем незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты час свет пабачылі некалькі навучальных дапаможнікаў, але скарыстацца імі з мэтай выкладання філасофскіх дысцыплін па-беларуску ў выключна рускамоўным адукацыйным працэсе было складана.
У кнігу “Уводзіны ў філасофію” ўключаны тэксты блізу160 аўтараў, у тым ліку беларускіх: Акудовіч Валянцін – беларускі літаратурны крытык, эсэіст, філосаф; Бабкоў Ігар – беларускі філосаф і літаратар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАНБ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт; Павел Баркоўскі – дацэнт кафедры філасофіі культуры БДУ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Грудніцкі Рыгор – дацэнт, кандыдат філасофскіх навук, былы загадчык кафедры філасофіі По-лацкага дзяржанага ўніверсітэта; Крукоўскі Мікалай – беларускі філосаф, культуролаг і педагог, прафесар, доктар філасофскіх навук, працаваў у БДУ і БДУКіМ; Санько Сяргей – вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАНБ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Сцёпін Вячаслаў – беларускі і расійскі філосаф навукі і педагог, акадэмік РАН, доктар філасофскіх навук, прафесар. Тузава Тамара – беларускі філосаф, педагог, загадчыца кафедры філасофіі і паліталогіі прыватнага Інстытута правазнаўства , г. Мінск; Фурс Уладзімір – беларускі філосаф, сацыяльны тэарэтык, доктар філасофскіх навук, прафесар. Працаваў у БДУ і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.
У цэлым высокая адмысловасць рэцэнзаванай кнігі прадвызначаецца двума момантамі: упершыню дапаможнік па філасофіі выйшаў па-беларуску, што вельмі важна і надзённа; шырокай рэпрэзентпатыўнасцю хрэстаматыйнай спадчыны ўсясветнай філасофіі, і гэта таксама ўпершыню ў Беларусі.
Рэцэнзент –
выканавец абавязкаў загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі культуры ПУ “Універсітэт імя Ніла Гілевіча”