У 2019 г. наша арганізацыя як і раней працавала па ўзгодненым плане.
У пачатку 2019 г. Асамблея НДА ўзнагародзіла нашу арганізацыю за распачатую ініцыятыву – заснаванне Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Узнагароду прыняў ганаровы старшыня ТБМ, в.а. рэктара Алег Трусаў. Мерапрыемства прайшло ў студзені 2019 г.
Традыцыйныя Агульнанацыянальныя дыктоўкі, якія адбываюцца пад эгідай Міжнароднага дня роднай мовы, пашыраюць месцы свайго правядзення і прыцягваюць усё большую колькасць удзельнікаў. У сувязі з гэтым трэба адзначыць найперш нашы арганізацыі ў Лідзе, Магілёве, дзе мерапрыемствы праводзяцца пад патранатам і пры непасрэдным удзеле дзяржаўных органаў улады.
Адной з важных падзей стаў удзел старшыні ТБМ Алены Анісім і ганаровага старшыні Алега Трусава ў Вялікай размове 1 сакавіка 2019 г. Падчас гэтага мерапрыемства, калі з’явілася магчымасць звярнуцца да кіраўніка краіны, Алег Трусаў падняў пытанне пра адсутнасць беларускай мовы ў судах. На практыцы гэта прыводзіць да таго, што ўзнікае дадатковая неабходнасць для суддзяў за дзяржаўныя грошы наймаць перакладчыкаў з рускай мовы. Выказванне мела далейшыя наступствы: Алегу Трусаву прапанавалі прывесці канкрэтныя прыклады такіх сітуацый і назваць прозвішчы суддзяў. Да гэтай справы падключыліся розныя людзі, найперш нашы актывісты, такія як Генік Лойка, Валянцін Стэфановіч і інш. У выніку некалькіх сустрэч на самым высокім дзяржаўным узроўні пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі быў створаны экспертны савет. Кампетэнцыяй гэтага органа з’яўляецца арганізацыя і зацвярджэнне перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову. Так, з ліпеня па снежань ужо перакладзены Кодэкс аб шлюбе і сям’і, некалькі частак Грамадзянскага кодэкса, а таксама Выбарчы кодэкс. У 2020 г. гэта справа будзе працягвацца, план быў прыняты напрыканцы 2019 г.
Важным мерапрыемствам 2019 г. стала таксама святкаванне 101-й гадавіны БНР, у якім бралі ўдзел акрамя іншых нашых сяброў Алена Анісім і Алег Трусаў. У сувязі з гэтым, хочам прыгадаць, што шэраг нашых сяброў быў узнагароджаны медалём “100 год БНР” менавіта ў 2019 г.
Як вы ўсе ведаеце, у 2019 г. ТБМ сустрэла свой 30-гадовы юбілей. Многія нашы арганізацыі годна адзначылі (а некаторыя працягваюць адзначаць) гэтую дату. Так, у Менску ў чэрвені, у дзень, калі адбыўся Устаноўчы сход, мы правялі прэс-канферэнцыю. У верасні, калі наша арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана ў сталіцы ў гатэлі “Манастырскі” прайшла вельмі грунтоўная канферэнцыя, а таксама ўрачысты прыём з нагоды юбілею. Асноўная заслуга ў правядзенні канферэнцыі належыць, безумоўна, намесніку старшыні ТБМ Дзянісу Тушынскаму, а таксама сябрам сакратарыята.
У мінулым годзе былі праведзены па паскоранай праграме выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Згодна з нашым агульным рашэннем сябры ТБМ бралі ўдзел у гэтай палітычнай кампаніі. Аднак ніводнага прадстаўніка дэмакратычнай грамадскасці на гэты раз у Палату прадстаўнікоў не прапусцілі. Так, добрасумленна сабраныя подпісы за вылучэнне старшыні ТБМ Алены Анісім былі скасаваныя, абскарджанне плёну не дало. Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі, які вылучаўся ад партыі зялёных, быў зарэгістраваны і правёў сваю кампанію вельмі актыўна. Тым не менш, дэпутатам па яго акрузе стаў не народны абраннік, а чалавек ад улады.
Згадваючы пра 2019 г., варта ўспомніць пра свята беларускага пісьменства, якое адбывалася ў верасні ў Слоніме. Знакавай падзеяй на гэтым свяце стала адкрыццё помніка Льву Сапегу. Сцяг ТБМ таксама лунаў у гэты дзень у Слоніме, дзякуючы таму, што яго дэманстравалі гарадзенцы, былі таксама і нашы магілёўскія сябры.
Напрыканцы года 22 лістапада ў Вільні адбылася гістарычная падзея – перазахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 г. на чале з нашым нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім. Сябра нашага сакратарыяту Алесь Лагвінец прыклаў шмат намаганняў і не толькі дапамог многім зрабіць візы ў кароткі час, але і арганізаваў транспарт, парупіўся пра начлег і забяспечыў візуальныя рэчы – сцягі і інш. Безумоўна, ён заслугоўвае вялікай падзякі і пашаны.
Па ініцыятыве Віталя Станішэўскага разам з намеснікам старшыні Дзянісам Тушынскім мы правялі маніторынг наяўнасці беларускамоўных школ і класаў, груп у садках па ўсёй Беларусі. Вынікі яшчэ чакаюць сваёй апрацоўкі. Спадзяюся, што разам з журналістамі мы падрыхтуем інфаграфіку па гэтай тэме.
Займаліся мы ў мінулым годзе і арганізацыйна-бюракратычнымі справамі. Так, мы падпісалі чарговую дамову на працяг арэнды нашага офіса па вул. Румянцава, 13. Калі ўсё будзе добра, то мы маем час да 2023 г. Галоўнае, своечасова знаходзіць грошы і аплачваць камунальныя паслугі і арэнду.
Як і раней, у нас дзейнічаюць курсы польскай, украінскай мовы. Штосераду ў нас адбываюцца паседжанні клуба Прамова. Суботу і нядзелю працуюць курсы пры Універсітэце імя Ніла Гілевіча.
Гэта толькі кароткі пералік тых мерапрыемстваў, што прайшлі ў мінулым годзе. Спадзяюся, што мяне дапоўняць сябры Рады, бо немагчыма ў адным дакладзе назваць усё, што рабілі нашы сябры па ўсіх раёнах Беларусі. Тым не менш, хацела б адзначыць актыўную дзейнасць Лідскай, Магілёўскай, Баранавіцкай, Аршанскай, Віцебскай, Менскай арганізацый. Пакуль яшчэ маем пытанні з дзейнасцю нашай арганізацыі Менскай абласной, дзе праяўляюць актыўнасць Нясвіжская і Гарадзейская арганізацыі, Слуцкая, але не відаць дзеянняў на абласным узроўні. Нас непакоіць таксама сітуацыя ў Гомельскай вобласці. Кіраўнікі арганізацыі і гарадской, і абласной мала выходзяць на сувязь. Фактычна ігнаруюць правядзенне Радаў. У сувязі з правядзеннем у 2020 г. чарговага з’езда ТБМ мы павінны будзем канкрэтна рэагаваць на гэтыя факты.
Шаноўныя сябры! Нягледзячы на ўсю складанасць, а часам і недарэчнасць сітуацыі ў нашай краіне з дзяржаўнай беларускай мовай, мы не можам упадаць у адчай. Сёння з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для пашырэння ўжывання беларускай мовы праз новыя ІТ-тэхналогіі. Так, ёсць асобныя энтузіясты, якія гатовы часам зусім бясплатна перакладаць розныя камп’ютарныя праграмы і платформы на беларускую мову. Гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць пашырыць беларускую мову для навучання і ў нашай краіне, і для замежнікаў. Пытанне за тым, каб пры ТБМ фармаваць каманду аднадумцаў, якія будуць працаваць у гэтай сферы.
Нас чакае як заўсёды няпросты год. Шматлікія інтэгратары з усходняга боку зусім не хаваюць сваіх намераў паглынуць Беларусь. Зразумела, што пры такім развіцці падзей нічога добрага не чакае ні беларускую мову, ні сапраўдных патрыётаў. Наша ж улада працуе зусім не на свой народ. Але мы не маем права здавацца. Нашу працу ніхто за нас не зро-біць. Таму будзем гуртаваць сваіх паплечнікаў, прасоўваць свае ідэі. І на сваім чарговым з’ездзе падвядзём вынікі сваёй няспыннай мэтаскіраванай працы.