26 студзеня, акурат у дзень 30-годдзя прыняцця закона “Аб мовах у БССР” 1990 года, у Менску прайшло планавае паседжанне Рады ТБМ. На Раду былі вынесены наступныя пытанні:
- Справаздача старшыні ТБМ аб дзейнасці арганізацыі ў 2019 г.
- Справаздачы намеснікаў старшыні ТБМ – У. Коласа, С. Судніка, А. Давідовіча, Д. Тушынскага.
- Прыняцце плана дзейнасці ТБМ на 2020 год.
- Аб правядзенні чарговага з’езда ТБМ.
- Прыняццё Зварота “Беларуская мова – галоўны чыннік абароны незалежнасці краіны”.
- Аб складзе сакратарыята.
- Рознае.
Былі заслуханы даклады старшыні ТБМ (публікуецца на ст. 2) і намеснікаў, у якіх былі прадстаўлены самыя розныя бакі дзейнасці ТБМ у 2019 годзе, а гэта і ўніверсітэт, і 30-годдзе ТБМ, і ўдзел у выбарах, і Агульнанацыянальныя дыктоўкі, і ўдзел у перапахаванні паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, і шмат чаго іншага.
Станіслаў Суднік прадставіў Радзе “Летапіс ТБМ. 2014 – 2019”. У кнізе 156 старонак, на якіх у сціслай форме пададзена дзейнасць Таварыства за пяць гадоў. І ў першую чаргу ў “Летапісе” паказаны падзеі, што на працягу пяцігодкі знайшлі адлюстраванне на старонках газеты “Наша слова”, якому, дарэчы, 17 скавіка гэтага года таксама спаўняецца 30 гадоў.
Быў прыняты план дзейнасці на 2020 года. Прынялі пастанову і вызначылі дату чарговага XIV з’езда ТБМ – 18 кастрычніка 2020 года.
Рада прыняла зварот “Беларуская мова – галоўны чыннік абароны незалежнасці краіны” і абмеркавала ўдзел ТБМ у Кангрэсе за незалежнасць. Рада пацвердзіла права ТБМ скарыстаць сваю квоту ў 40 чалавек, калі падрыхтоўка кангрэса будзе ісці ў нацыянальным рэчышчы і пытанні мовы будуць годна і шырока паднятыя.
Рада ТБМ разгледзела варыянты тэкстаў, якія могуць быць рэкамендаваны ТБМ для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Будуць прапанаваны тэксты, звязаныя з 75-годдзем Перамогі, са 100-годдзем Слуцкага збройнага чыну і з юбілеем У. Караткевіча. Зрэшты, кожная арганізацыя вольная зрабіць свой уласны выбар тэкста для дыктоўкі.
У чарговы раз была паднята тэма фестывалю беларускай мовы.
У сувязі з правядзенне Кангрэса за незалежнасць 15 сакавіка ў Менску, шырокага святкавання 30-годдзя (17 сакавіка) “Нашага слова” ў Менску пакуль не плануецца. Юбілей газеты ТБМ хутчэй за ўсё будзе адзначаны ў Лідзе, хаця ёсць яшчэ час, каб падумаць.
ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” ў 2020 годзе зноў чакае велізарны аб’ём працы па адстойванні асноўнага чынніка нашай незалежнасці – беларускай мовы.
Яраслаў Грынкевіч.