12 студзеня магілёўскія гарадская арганізацыz ТБМ імя Францішка Скарыны ўрачыста адзначалf 30-годдзе. Юбілейная вечарына супала з святкаваннем Новага года, якое шмат год ладзіць наша суполка.
Каля сотні прыхільнікаў беларушчыны прыйшлі ў тайм-кафэ “Неба”, каб адзначыць 30-ю гадавіну дзейнасці Магілёўскіх абласной і гарадской арганізацый Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На імпрэзу прыехалі старшыня ТБМ Алена Анісім і ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Таксама былі запрошаны вядомыя і паважаныя асобы, якія стаялі ля вытокаў стварэння Таварыства беларускай мовы, кіравалі абласнымі і гарадскімі арганізацыямі ТБМ.
Як адзначыў кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў, які быў вядоўцам на святкаванні, 30 гадоў магілёўскай суполцы споўнілася ў снежні 2019 года. Паводле філолага, былога старшыні абласной арганізацыі Яраслава Клімуця (жывая легенда філфака Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, літаратуразнаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў), 19 снежня 1989 года адбылася ўстноўчая канферэнцыя рэгіянальнай арганізацыі, якую ён разам з іншымі рупліўцамі беларушчыны ладзіў ужо як сябра аргкамітэта па стварэнні ТБМ.
– Тады прыходзілася пераадольваць многа перашкод. Асноўнае – што нельга было дамовіцца з месцам правядзення сходу. Пакуль не прыйшоў ліст з ЦК кампартыі, што трэба не стрымліваць, а садзейнічаць. Пра гэта нашым камуністам напомнілі маскоўскія камуністы. Тады мы ўжо здолелі і правесці канферэнцыю, – успомніў былы старшыня.
Цяперашні старшыня абласной арганізацыі Міхась Булавацкі нагадаў, што намаганнямі ТБМ-аўцаў у Магілёве штогод праходзіць “Беларускае пяціборства” – інтэлектуальнае спаборніцтва па пяці дысцыплінах. Сёлета яно мае адбыцца ўжо 18-ы раз.
Пра тое, што менавіта мова ёсць вельмі важным чыннікам у існванні нацыянальнай дзяржавы, казаў і былы старшыня ТБМ Алег Трусаў – гісторык, які родам з Мсціслава.
– Магілёўцы і мсціслаўцы ніколі не паміралі на сваёй лаўцы. Мы заўсёды былі фарпостам супраць Залатой арды і спадкаемцаў Залатой арды, якія не раз хадзілі на нашу зямлю і зноў хочуць прыйсці, – казаў навуковец і грамадскі дзеяч.
Ён узгадаў, што некалькі гадоў таму ў Мсціславе знайшлі парэшткі рыцара, які абараняў Мсціслаў у самым пачатку 16-га стагоддзя.
– Адкрылі ўрачыста помнік. Але там быў яшчэ меч. І гэты меч чорныя капальнікі скралі, вывезлі ў Расію, але магілёўцы выкупілі гэты меч, і ён зноў вернецца ў Магілёў, – паведаміў Трусаў удзельнікам сустрэчы. Дарэчы, прэзентацыя мяча адбылася ў Музеі гісторыі Магілёва 15 студзеня.
Шчырыя словы ў адрас Магілёўскай арганізацыі ТБМ казалі шматлікія госці. Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць магілёўскую арганізацыю з юбілеем, былі прадстаўнікі ўкраінскай і яўрэйскай дыяспары. Генадзь Гузій ад украінцаў Магілёва падараваў ТБМ-аўцам некалькі кніг, адзначыўшы, што мова – гэта сэрца нацыі, а Аляксей Каплан ад Магілёўскай яўрэйскай грамады – насценны дыванок з выявай Марка Шагала. У сваім віншавальным слове Каплан нагадаў прысутным пра іўрыт, які доўгі час быў кніжнай мовай, але намаганнямі такіх рупліўцаў як Эліэзэр Бэн-Егуда, які нарадзіўся ў 1858 годзе ў Беларусі, мае цяпер трывалыя пазіцыі сярод нашых сучаснікаў.
Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім, віншуючы магілёўцаў, адзначыла:
– Тое, што ў ТБМ-аўскай хаце ідзе парадак, відаць па ўсім. А тое, што ў магілёўскай арганізацыі ёсць парадак, відаць кожнаму, хто мае вочы. Бо дастаткова толькі зазірнуць у Вайбер і адразу даведаешся пра ўсе справы, ініцыятывы, праекты, ідэі і г.д.
Паводле Анісім, магілёўская арганізацыя жывая, жвавая, энергічная і не жыве толькі тымі здзяйсненнямі, што адбываліся на працягу 30 год, але і вылучае новыя ідэі.
– Не забывайма, што справа нашай незалежнасці застаецца ў нашых руках. І нездарма мы ездзілі ўсе разам з розных гарадоў Беларусі на перапахаванне Кастуся Каліноўскага. Дзяржава нас туды не пасылала, але мы ведаем, дзе нам трэба быць і без розных там кіраўнікоў, – сказала госця з Менска.
Яна пажадала, каб “наша ўлада была нашай не толькі па крыві, па месцы нараджэння, але нашай па духу”. Алена Анісім нагадала пра Кангрэс за незалеж-насць, што мае адбыцца 15 сакавіка, якое ў дзяржаўным календары святаў пазначана як Дзень Канстытуцыі.
Падчас віншаванняў Алег Дзьячкоў уручыў граматы шэрагу актывістаў. Былі адзначаны ганаровымі Падзякамі ад імя Таварыства і тыя магілёўцы, якія спрыяюць пашырэнню беларускай мо-вы і культуры ў горадзе.
Завіталі на ўрачыстую імпрэзу і калядоўшчыкі з невялікай традыцыйнай праграмай, – зычанні-віншаванні і невялікая інтэрмедыя. Калядоўшчыкаў узнагародзілі ў традыцыйным калядным эквіваленце – цукеркамі, каўбасой і тортам. Задаволеныя былі ўсе: і Дзед з Казою, Механоша і Зораноша, Цыганка з Мядзведзем, Музыка і нават эксклюзiўны калядны персанаж – патрабавальны і афіцыёзны Перапiсчык насельнiцтва!
Гурт каляднікаў прыдаў урачыстай імпрэзе калядны настрой і пачалася музычна-забаўляльная частка. Прагучалі песні, быў арганізаваны святочны стол, а таксама танцы. Танчылі сваё – беларускія народныя танцы, як заўсёды весела і бадзёра.
Грамадскаму аб’яднанню ў гэтыя дні споўнілася 30 год, і, нягледзячы на ўсе намаганні і прынятую абласную праграму папулярызацыі беларускай мовы, сферы ўжытку роднай мовы пашыраюцца з цяжкасцю, як і грамадскія працэсы ў гэтым накірунку. Але пакуль ёсць такія энтузіясты, як Алег Дзьячкоў, які прарывае плаціну абыякавасці, імкнецца да ісціны і ўвесь час турбуе ўлады сваімі пытаннямі і ініцыятывамі, не знікае ўпэўненасць, што родная мова абавязкова вернецца да магілёўцаў!
Наталля Шамянкова.
Фота: Васіль Навічонак.