Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Добры падарунак да юбілею ТБМ

Добры падарунак да юбілею ТБМ

22 студзеня 2020, 21:06 Выданні, ТБМ 16
Добры падарунак да юбілею ТБМ

У 2019 годзе ТБМ імя Францішка Скарыны годна адзначала свой 30-гадовы юбілей. Своеасаблівым падарункам да яго з’яўляецца кніга ксяндза-каноніка Уладзіслава Завальнюка, сябра Рады ТБМ “Да Бога – на роднай мове”.

У гэтай кнізе аўтар разглядае тысячагадовую гісторыю беларускай мовы і яе прыход ў каталіцкую царкву як мову набажэнстваў, мову святароў і вернікаў, што звяртаюцца да Бога на роднай мове ў сваіх святынях.

Не адразу нацыянальныя мовы атрымалі такія правы ў каталіцкай царкве, як афіцыйная мова набажэнстваў латынь. Канчаткова гэтае пытанне вырашыў Другі Ватыканскі Сабор, які праходзіў з кастрычніка 1962 г. па 7 снежня 1965 г. Было канчаткова вырашана, што ў набажэнствах могуць выкарыстоўвацца акрамя латыні і нацыянальныя мовы, у тым ліку і беларуская.

Вытокі сучаснай беларускай мовы, на думку аўтара кнігі, сягаюць у 7 ст. н.э., калі праславянская мова існавала як асобнае моўнае адзінства са сваімі дыялектамі.

У час вялікага перасялення народаў славяне занялі значную частку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і таму ў 7-8 стст. н.э. праславянская мова распадаецца на блізкія, але самастойныя славянскія мовы. Вялікую ролю ў жыцці ўсходніх славян, у тым ліку і беларусаў, адыграў водны шлях “з варагаў у грэкі”, які паскорыў стварэнне першай беларускай дзяржавы Полацкага княства, што мела складаныя дачыненні са сваім супернікам і канкурэнтам Кіеўскай дзяржавай, якая канчаткова распалася на асобныя дзяржавы-княствы ў пачатку ХІІ ст.

Аўтар слушна адмаўляе існаванне ў ІХ-ХІІ ст. агульнай для усходніх славянаў старажытнарускай народнасці, якую прыдумалі з палітычнымі мэтамі сталінскія гісторыкі ў сярэдзіне ХХ ст. Вядома, што і адзінай “старажытнарускай мовы” таксама не было.

Аднак славянскае пісьменства існавала задоўга да Кіеўскай дзяржавы і ўзнікла ў 863 г. н.э., дзякуючы Кірылу і Мефодзію, якія стварылі славянскую азбуку. Першымі яе засвоілі заходнія славяне – маравы, а потым і паўднёвыя – балгары. Рымскі папа Андрыян ІІ у 868 г. дазволіў карыстацца славенскай мовай у храмах падчас набажэнства разам з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай. Таму Кірыл і Мяфодзій пераклалі грэчаскія богаслужэбныя кнігі на стараславянскую або старабалгарскую мову, якая, як і латынь – мёртвая мова, але мова, якая ўжываецца ў праваслаўных храмах.

Ва ўсходніх славян гэтая мова стала царкоўнаславянскай мовай, альбо ўсходнім варыянтам стараславянскай мовы.

Каштоўным помнікам усходнеславянскага пісьменства з’яўляецца Крыж Ефрасінні Полацкай, які па стылістыцы ёсць помнікам побытавай мовы палачанаў ХІІ ст. з асобнымі беларускімі словамі, што ўвасоблена ў надпісах на яго пазалочаных пласцінах. Акрамя Ефрасінні Полацкай другім знаным старажытнабеларускім дзеячом Хрысціянскай царквы з’яўляецца Кірыла Тураўскі, які стварыў самабытны стыль урачыстага царкоўнага красамоўства на царкоўнаславянскай мове, што легла ў аснову сучаснай беларускай мовы.

У выглядзе старабеларускай мовы існавала дзяржаўная мова новай беларускай дзяржавы ВКЛ на працягу ХІV- XVІІ стст. У канцы ХV ст. адбылося размежаваннне заходнерускай дзелавой мовы (старабеларускай, русінскай) і вялікарускай (маскоўскай) мовы. 

Асобны варыянт (беларускі звод) царкоўнаславянскай мовы распрацаваў у ХVІ ст. Францішак Скарына. Пра гэта сведчаць яго выданні, насычаныя беларусізмамі. Аўтар кнігі лічыць, што ўвядзенне Скарынам у Святое Пісанне элементаў і формаў жывой беларускай мовы вельмі паўплывала на далейшы лёс рэлігійнай літаратуры ў Беларусі. Усё гэта праявілася ў творах Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Дзякуючы Скарыну беларусы сталі другім (пасля чэхаў) славянскім народам, які атрымаў друкаваную Біблію на роднай мове.

Вялікую ролю ў развіцці беларускай мовы ў ХVІ ст. адыгралі тры Статуты ВКЛ. Былі распрацаваны, дзякуючы ім, юры-дычная лексіка, тэрміналогія і адпаведны літаратурны стыль.

У ХVІ ст. амаль усе вышэйшыя пасады ў Каталіцкім касцёле ВКЛ займалі пераважна беларусы і літоўцы. З ХІV да ХVІІ стст. усіх каталіцкіх біскупаў у ВКЛ было 18 чалавек, з іх толькі 3 палякі, а астатнія – беларусы і літоўцы. Таму каталіцкае духавенства, якое праводзіла набажэнствы на латыні, ва ўрадавай і прыватнай перапісцы актыўна карысталася беларускай мовай. Пра гэта сведчыць і каралеўскі прывілей 1567 г. дадзены па-беларуску Віленскай Капітуле.

У другой палове ХVІ ст. шмат кніжак на беларускай мове выдалі пратэстанты, асабліва кальвіністы. Беларускую мову разам з царкоўнаславянскай вывучалі ў ХVІ- ХVІІ стст. у праваслаўных брацкіх школах. Пасля Уніі 1596 г. каталіцкі касцёл станавіўся польскім, а праваслаўная царква расейскай. Аднак менавіта ўніяты захавалі беларускую мову ў сваіх школах і гаварылі казанні ў цэрквах па-беларуску.

Пад уплывам спаланізаванай шляхты ў 1696 г. дзяржаўнай мовай у ВКЛ стала польская і з гэтага часу да 30-х гадоў ХІХ ст., як слушна піша аўтар, польская мова стала асноўнай у грамадскім і культурным жыцці ў Беларусі. У 1839 г. паўтара мільёны беларусаў-уніятаў запісалі ў рускае праваслаўе, прычым усе запісы ў Касцёле пачалі весці толькі на рускай мове. Расійскі ўрад каля мільёна беларусаў католікаў запісаў у палякі, што яшчэ больш пашырала выкарыстанне ў Касцёле польскай мовы.

Пасля паўстання Каліноўскага ў 1869 урад дазволіў карыстацца ў касцёле рускай мовай і, здавалася, для беларускай мовы паратунку няма.

Аднак з 30-х гадоў ХІХ ст. пачала фармавацца новая беларуская літаратурная мова на базе сялянскіх гаворак і дыялектаў. Кастусь Каліноўскі пачаў выдаваць нелегальную беларускую газету “Мужыцкая праўда”. Яго справу ў канцы ХІХ ст. прадоўжыў Францішак Багушэвіч, і пачалося беларускае адраджэнне, якое ўзмацнілася пасля расійскай рэвалюцыі 1905 г. З’явіліся каталіцкія святары, якія пачалі спрыяць вяртанню беларускай мовы ў Касцёл. Гэта біскуп Стэфан Дзенісевіч з Магілёўшчыны, ксёндз Францішак Будзька, ксёндз і беларускі паэт Аляксандр Абрамовіч (А. Зязюля), біскуп Эдвард Роп, біскуп Юры Матулевіч, Казімір Сваяк і іншыя.

Пасля раздзелу Беларусі ў Рызе ў 1921 г. на польскую і са-вецкую часткі сітуацыя ў Касцёле кардынальна змянілася. 

У другой Рэчы Паспалітай, дзе фармальна ўсе канфесіі былі роўныя, ролю дзяржаўнай рэлігіі адыгрываў польскі Касцёл, менавіта польскі, а не беларускі. Але ў Вільні і іншых мясцовасцях Заходняй Беларусі існавала беларуская мова ў рэлігійным жыцці беларусаў. Адным з лідараў у пашырэнні беларускай мовы сярод католікаў быў Адам Станкевіч (1892-1949). Ён з 1919 г. вёў у Вільні душпастарскую дзейнасць і ўзначальваў партыю “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”. З 1922 па 1928 г. быў паслом польскага Сейма, выдаваў газету “Беларуская крыніца”, часопіс “Хрысціянская думка”, напісаў шмат кніг і навуковых артыкулаў, быў перш-наперш беларускім святаром.

Таксама ў кнізе Завальнюка ёсць падрабязныя звесткі пра дзейнасць на беларускай глебе Фабіяна Абрантовіча, Андрэя Цікоты і айцоў-марыянаў.

У БССР дзейнасць каталіцкага касцёла адразу была абмежавана, а ў 30-х гадах ХХ ст. практычна забаронена. Тым не менш да 1932 г. дзейнічаў Чырвоны касцёл, касцёл на Залатой горцы і іншыя храмы, былі і беларускамоўныя святары. Так, адзін з іх Адам Пучкар-Хмялеўскі ў 1926 г. на з’ездзе каталіцкіх святароў прапанаваў стварыць у Беларусі каталіцкую дыяцэзію на чале з беларускім біскупам, падпарадкаванай непасрэдна Ватыкану. Але гэтую ідэю не падтрымалі. Большасць святароў былі рэпрэсіраваны і загінулі ў канцы 30-х гадоў ХХ стст.

Шмат выпрабаванняў вытрымаў беларускі касцёл у гады Другой сусветнай вайны. Да верасня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Бе-ларусі было 617 ксяндзоў, 606 праваслаўных святароў і 293 равіны. Пасля 17 верасня і да чэрвеня 1941 г. новая савецкая ўлада пачала іх арыштоўваць і зачыняць храмы.

Нямецкія акупанты спачатку прыхільна ставіліся да каталіцкага духавенства і дазвалялі яго дзейнасць. Але ў 1942 г. адносіны да Касцёла, які падтрымліваў дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі змяніліся. Усіх ксяндзоў узялі на ўлік і нават забаранілі казанні на польскай мове. Таксама акупанты не ўхвалялі аднаўленне дзейнасці Касцёла і ва Усходняй Беларусі. Ксяндзоў арыштоўвалі і шмат каго расстралялі. Трагічны лёс напаткаў і ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які адседзеў два гады ў польскай турме (1927-1929) у Варшаве за сваю беларускую дзейнасць. У 1941 г. ён з Вільні прыехаў у Менск, дзе з верасня стаў галоўным школьным інспектарам у генеральным камісарыяце і адначасова служыў у Чырвоным касцёле, а таксама ў Кафедральным касцёле Менска. У снежні 1942 года ён быў арыштаваны фашыстамі і 24 снежня забіты ў Трасцянцы.

Пасля выгнання фашыстаў з Менска касцёлы некаторы час там дзейнічалі, але неўзабаве былі зачынены, а святары альбо арыштаваны, альбо пакінулі Беларусь.

Аднак беларускі касцёл не загінуў і пачаў актыўна дзейнічаць у эміграцыі, найперш у Лондане і Ватыкане.

Асобны раздзел кнігі (16) прысвечаны дзейнасці беларускіх айцоў-марыянаў у Лондане. Гэта Язэп Германовіч, Леў Гарошка, Часлаў Сіновіч і Аляксандр Надсан. Менавіта айцец Надсан стварыў у Лондане беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі і Англа-беларускае навуковае таварыства. Менавіта ён фактычна адрадзіў беларускую ўніяцкую царкву і пераклаў на родную мову больш за 40 літургічных службаў. У 1989 г. у Чырвоным касцёле ён адправіў святую Літургію за Беларусь, першую ў Менску каталіцкую службу ўсходняга абраду на беларускай мове.

Акрамя таго на тэрыторыі БССР жыў і дзейнічаў беларускамоўны святар, адзін з заснавальнікаў ТБМ айцец Уладзіслаў Чарняўскі, які з кастрычніка 1953 г. стаў пробашчам парафіі ў в. Вішнева Валожынскага раёна. Шмат год, пачынаючы з 1968 г., ён перакладаў на беларускую мову Біблію і зрабіў касцёл у Вішневе асяродкам беларушчыны.

У канцы 1980 г. у Менску адкрыўся першы касцёл Узвышэння Святога Храма на Кальварыйскіх могілках. Першае набажэнства адбылося тут 25 снежня.

У 1988 г. у СССР змянілася рэлігійная палітыка і змаганне з рэлігіяй скончылася. Вернікам пачалі вяртаць забраныя храмы і дазволілі будаваць новыя. Так, у 1990 г. вернікам спачатку ў Менску вярнулі Чырвоны касцёл, а ў 1993 г. – Кафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1990 г. у Гродне адкрылі каталіцкую семінарыю, а ў 1994 г. усталявалі дыпламатычныя зносіны з Ватыканам.

Зараз каталіцкі касцёл адыгрывае істотную ролю ў рэлігійным жыцці Беларусі і з’яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй. Таксама ў нашай краіне дзейнічае і грэка-каталіцкая царква, якая ўсе набажэнствы вядзе на беларускай мове.

Пра сучасную дзейнасць каталіцкага касцёла на Беларусі распавядаюць апошнія раздзелы кнігі айца Завальнюка, якую я раю прачытаць усім прыхільнікам беларушчыны ў нашай краіне і за яе межамі.

Алег Трусаў,

канд. гіст. навук,

ганаровы старшыня ТБМ

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Далучайцеся да нас