Міхась Варанец:
Было ўзрушэнне – не на нас напалі, а мы…
29 снежня 2019 года – 40 год з дня ўводу Савецкай Арміі ў Афганістан. Рэдакцыя “Нашага слова” звярнулася да ўдзельніка вайны ў Афганістане Міхася Варанца з просьбай распавесці, як гэтая навіна была ўспрынята савецкімі вайскоўцамі, увогуле пра атмасферу тых часоў у Савецкім Саюзе.
Даведка: Міхась Варанец нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Мікулічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1979 годзе закончыў Данецкае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войскаў. У 1982-1984 гадах служыў у Афганістане намеснікам камандзіра мотастралковай роты па палітычнай частцы. Узнагароджаны медалём “За адвагу”. Маёр запасу. З 1993 года, пасля выхаду на пенсію, жыве ў Слоніме.
– Цяпер агульнавядома, што 27 снежня 1979 года савецкія вайсковыя спецгрупы штурмам захапілі ўрадавую рэзідэнцыю Тадж-Бек у Кабуле і забілі кіраўніка Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан Хафізулу Аміна. Рашэнне пра ўвод савецкіх войскаў у ДРА Палітбюро ЦК КПСС прыняло яшчэ раней – 12 снежня.
Я ж, як і ўсе савецкія людзі, даведаўся пра ўвод 29 снежня. Не скажу, што шок, але гэта была нечаканасць для мяне і, думаю, для пераважнай большасці савецкіх грамадзянаў. СССР жа за мір ва ўсім свеце! Савецкі Саюз – аплот міру і сацыялізму! І песні былі адпаведныя, кшталту, “хотят ли русские войны, спросите вы у тишины…”. А тут ўвялі войскі ў суседнюю дзяржаву, з якой мы былі ў сяброўскіх адносінах і якую прылічалі да “краінаў сацыялістычнай арыентацыі”?! Потым радыё, тэлебачанне, газеты, партыйныя лектары растлумачылі, што да чаго, і ўсё тая ж пераважная большасць савецкіх грамадзянаў, у тым ліку і я, паверылі, што ў Афганістане мы “абараняем паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы”. Але напачатку было ўзрушэнне, гэта была незвычайная падзея – не на нас напалі, а мы… .
– Што ведаў пра падзеі ў Афганістане да таго, як сам туды трапіў?
– Роўна праз год пасля ўваходу Савецкай Арміі ў Афганістан, мяне перавялі з Байканура, дзе пачынаў афіцэрскую службу, у горад Ашхабад Туркестанскай вайсковай акругі, намеснікам камандзіра вучэбнай мотастралковай роты па палітычнай частцы. Рота рыхтавала сяржантаў – камандзіраў аддзяленняў для службы ў складзе АКСВА (Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў у Афганістане – рэд.). У акружной газеце ўжо тады былі публікацыі пра баявую падрыхтоўку, вучэнні ў падраздзяленнях АКСВ. У гэтых публікацыях слова “бой” бралася ў двукоссе, маўляў, вучэбны бой. А з расказаў афіцэраў, якія там пабывалі, было вядома, што ў Афганістане пакрысе разгортваецца сапраўдная вайна.
Найбольш уразіла наступнае. У студзені 1982 года мяне адкамандзіравалі ў ашхабадскі вайсковы шпіталь. Там ляжалі сотні хворых на гепатыт (па-простаму – жаўтуха) салдат і сяржантаў з Афганістана, якіх адправілі сюды на лячэнне. Месцаў не хапала, і яны жылі ў палатках у спартанскіх умовах. Лячэнне абы-якое, кантролю амаль аніякага, бо вайсковыя медыкі былі перагружаны сваімі непасрэднымі абавязкамі. І народ пачаў разбягацца. Хтосьці па дзеўках, хтосьці тут жа, у Ашхабадзе, уладкаваўся працаваць на нейкае прадпрыемства ці на шабашку. Самыя смелыя паехалі на пабыўку дахаты. Гэта ў асноўным выхадцы з Сярэдняй Азіі і Каўказа. Той жа беларус так не зробіць, бо што ён дома скажа?! Гэта ж фактычна дызертырства. Вышэйшае начальства адкамандзіравала ў шпіталь некалькі афіцэраў, каб элементарна палічыць гэтых хворых, сабраць паразбягаўшыхся. Устаноўка была такая: хто вяртаецца ў шпіталь, таму нічога не будзе. Так яно і было.
– Пэўна, такія праблемы былі звязаны з тым, што нехта там наверсе нешта не дадумаў, не прадбачыў такую колькасць хворых?
– З аднаго боку, так. Але і пазней было тое самае. Падчас службы ў Афганістане салдаты і сяржанты маёй роты лячыліся ад гэтай жа жаўтухі ва ўзбекскім горадзе Тэрмезе, што ля самай савецка-афганскай мяжы, таксама у палатках, і там было тое самае – бардак і абы-якое лячэнне. Ужо паз-ней я зразумеў, што гэта такая савецкая рэчаіснасць, а не аб’ектыўныя цяжкасці на шляху пабудовы камуністычнага грамадства. Ну, напрыклад, 1979 год, мірны час, Байканур. Космас – самае перадавое ў Савецкім Саюзе!
“Зато мы делаем ракеты
И перекрыли Енисей,
А также в области балета
Мы впереди планеты всей”.
Па праўдзе, тады не ведаў гэтую песню, хоць напісана яна ў 1964 годзе. І вось у 1979-1980 гадах у сталіцы Байканура горадзе Ленінску (70 тысяч жыхароў на той час) увесь гарадскі стадыён быў радамі-вуліцамі застаўлены жалезнымі вагончыкамі на дзве сям’і без аніякіх бытавых зручнасцяў. Жыхары Ленінска (вайскоўцы і іх сем’і, службоўцы Савецкай Арміі) стадыён называлі “Санцьяга” – па аналогіі са стадыёнам у сталіцы Чылі, дзе ў 1973 годзе цягам двух месяцаў быў канцлагер для інтэрніраваных праціўнікаў ваеннага рэжыму Аугуста Піначэта. Зімой яшчэ так-сяк. А летам! Вагончыкі былі аднаслойныя. Жалеза так награвалася, што ўнутры была проста душагубка, у малых дзетак скура на твары лопалася ад перагравання. Такая была завядзёнка ў СССР. Найперш дбалі пра ракеты, а потым пра людзей.
– Ты трапіў у Афганістан добраахвотна, па ўласным жаданні?
– Мне сказалі, што адпраўляюць у Афганістан. Загад ёсць загад. Атрымаў абхадны лісток, разлічыўся з усімі службамі, і тады намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы папрасіў напісаць рапарт, што я хачу служыць ў Афганістане. Мне гэта не спадабалася. Нейкая няшчырасць, двудушнасць. Служыць там, куды пашлюць, гэта абавязак афіцэра, урэшце, работа наша такая. Навошта рапарт?! Ну, і жыцейскае разважанне было, забабон такі. Вернешся калекам? І што! Сваёй рукой на сябе бяду наклікаў… . Спачатку адмовіўся. Потым напісаў рапарт, бо нампаліт палка пажаліўся на сваю цяжкую долю, маўляў, напішаш рапарт ці не, усяроўна паедзеш у Афганістан, а мне непрыемнасці з-за цябе будуць.
Безумоўна, былі і тыя, хто па ўласнай ініцыятыве пісаў рапарты аб накіраванні ў Афганістан. Нехта з-за складу характару, а большасць такіх добраахвотнікаў былі сапраўдныя савецкія патрыёты ў харошым значэнні гэтага паняцця.
– Ці можна сказаць, што ты ўжо быў не зусім савецкім…?
– Не. На той час я быў савецкі чалавек і прававерны камуніст. Свядомым антысаветчыкам, назавём гэта так, я стаў пазней. Нагледзеўся так шмат адмоўнага ў Савецкай Арміі, ды і ўвогуле ў грамадстве, што ўрэшце да мяне дайшло: убачанае зло ёсць сутнасцю першай у свеце краіны Саветаў, сутнасцю ленінскай камуністычнай партыі, а не асобныя недахопы савецкага сацыялістычнага ладу жыцця. Прывяду прыклад якраз па тэме нашай гутаркі. У другой палове 1981 года 14 чалавек з маёй роты ўвесь навучальны перыяд працавалі ў Ашхабадзе на фабрыцы замест таго, каб у адпаведнасці з самым папулярным у Савецкай Арміі лозунгам У.І. Леніна “учиться военному делу настоящим образом”. Гэта дзікунства, злачынства – адпраўляць на вайну непадрыхтаваных юнакоў. Мне гэта вярэдзіла душу, псіхалагічна прыгнятала. Разумеў, што гэты бізнес “крышуе” камандаванне палка. У канцы навучальнага перыяду камандзір роты вылічыў з месячнага грашовага забеспячэння курсантаў і сяржантаў пэўную суму на бытавыя прыналежнасці, а закупіў на меншую суму, прысабечыў 130 рублёў. Тут ужо я не вагаўся, што і як рабіць. Але “крыша” злачыннага бізнэсу была яшчэ вышэй. Замест разбору са злачынцамі і злодзеямі, мяне адкамандзіравалі ў шпіталь, а праз два месяцы я быў у Афганістане.
30 год мне было, калі я, вобразна кажучы, за дрэвамі ўбачыў лес, уцяміў, што гэта сістэма такая, што сама савецкая ўлада злачынная.
– Якія клопаты і якія радасці жыцця сёння ў вайсковага пенсіянера, “афганца” Міхася Варанца?
– Турбуе сацыяльная і прававая неабароненасць нашых людзей…
– Радуе, што сёння Беларусь незалежная дзяржава?
– Абодва мае дзяды ў складзе Рускай імператарскай арміі ваявалі ў Першую сусветную вайну “за Веру, Царя и Отечество”. Тата ў складзе Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ваяваў у Другую сусветную вайну. Я ў складзе Савецкай Арміі выконваў “інтэрнацыянальны” абавязак у Афганістане, а ў 1989 годзе адмовіўся атрымліваць медаль “Ад удзячнага Афганскага народа”.
У 1991 годзе здзейснілася мара-заклік Максіма Багдановіча (1915 год):
“Досі ўжо, браты,
чужынцам мы служылі,
Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;
Не сваю – чужую долю баранілі,
Пад чужымі сцягамі ўміралі.”
Ужо 28 год Беларусь – незалежная дзяржава. Дзякуючы гэтаму мой сын быў прызваны на тэрміновую службу ў беларускую армію, прысягнуў на вернасць бtларускаму народу і служыў у Беларусі! Так мусіць быць і надалей. Таму 7 снежня мінулага года ў Менску я пратэставаў супраць аб’яднання Беларусі і Расіі ў адну краіну.
Гутарыў
Станіслаў Суднік.