Многія народы існавалі і існуюць у свеце, але не ўсе з іх дайшлі да высокай ступені нацыянальнай свядомасці і фарміравання ўласнай ідэнтычнасці, свайго светабачання, якое ў сістэматызаваным выглядзе паўстае праз універсальную энцыклапедыю.
І беларусы такі погляд маюць, ім ёсць за што змагацца і што бараніць. Яны могуць ганарыцца сваімі інтэлектуальнымі здабыткамі, адлюстраванымі ў энцыклапедыях.
Пра гэтыя кнігі можна даведацца на выставе “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект”, прысвечанай 50-годдзю стварэння першай беларускай універсальнай энцыклапедыі, у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі.
– Максім Танк сказаў: “Дзяржаўным народам можа лічыцца той народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар і энцыклапедыю. Уніфікаваныя, структураваныя звесткі пра ўвесь свет, сабраныя ў энцыклапедыі, пра краіны, народы і гарады, важны для грамадскіх і навуковых працэсаў. Здольнасць народа асэнсаваць свае месца і ролю ў свеце і свет вакол сябе, і ёсць разуменнем сваёй нацыянальнай вартасці і сталасці, – адзначыў, адкрываючы выставу, А.А. Суша.
Супрацоўніцы навукова-даследчага адзела кнігазнаўства Ксенія Суша і Таццяна Захарава распавялі гасцям пра прадстаўленыя на выставе старажытныя энцыклапедыі ад антычных часоў да сучаснасці, пачынаючы з “Натуральнай гісторыі” Плінія ў Ліёнскім выданні ХVI cтагоддзя, прадэманстравалі кніжны шэдэўр эпохі асветніцтва – французскую “Энцыклапедыю, ці Тлумачальны слоўнік мастацтваў і рамёстваў” Дэні Дзідро (1751 -1780), самую аўтарытэтную энцыклапедыю на англійскай мове “Брытаніку” (1875-1888 гадоў), нямецкую “Энцыклапедыю Бракгаўза” (Германія, 1882- 1887 гадоў), універсальныя энцыклапедыі Польшчы, Чэхіі, Расіі, Літвы і іншыя.
Гледачы з цікавасцю пачулі пра першыя спробы стварэння беларускай энцыклапедыі ў 20-30-я і ў 50-тыя гады. Па дакументах, фотаздымках, творчых і працоўных ма-тэрыялах яны даведаліся пра працу калектыва беларускіх энцыклапедыстаў пад кіраўніцтвам рэдактара Пятра Усцінавіча Броўкі над выданнем юбілейнай, першай у гісторыі Беларусі “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі” (1969 – 1975 гадоў) і нацыянальнай універсальнай энцыклапедыі суверэннай дзяржавы “Беларуская Энцыклапедыя” ў 18 тамах (1999 – 2004 гадоў.)
Успамінамі падзялілася адна са старэйшых супрацоўніц выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, Соф’я Пятроўна Самуэль:
– Я прыйшла ў рэдакцыю Беларускай Савецкай Энцыклапедыі ў 1969 годзе, калі ішла праца над першым томам. Сталая праца была добра арганізавана адукаваным калектывам на чале з Пятром Усцінавічам Броўкам. Ён быў добрым кіраўніком, умеў весці рэдакцыйны карабель са 150 чалавек, клапаціўся не толькі пра коскі і кропкі, але і пра дабрабыт супрацоўнікаў, пабудаваў для ўсіх нас пяціпавярховы дом.
Працаваць над артыкуламі і складаць слоўнікі было вельмі нялёгка! Дзяржава дала грошы на першыя тамы, а потым мы навучыліся зарабляць на навукова-папулярнай літаратуры, – успамінае С.П. Самуэль.
Мы звярнуліся да спецыяліста, які сёння займаецца вывучэннем шматлікіх даведачных тамоў.
– Па беларускіх універсальных энцыклапедыях я пішу кандыдацкую дысертацыю, – распавяла Ксенія Суша. – Энцыклапедыя ўспрымаецца як тэкст культуры, вывучаецца, як культура адлюстравалася ў гэтым тэксце, і як пасля энцыклапедыя ўплывала на культуру. Я разглядаю нацыянальны, ідэалагічны і каштоўнасны аспекты. Стараюся прасачыць, каб тэкст успрымаўся не толькі даведнікам, але і крыніцай светапогляду, які навукоўцы трансліравалі ў масы.
– Ксенія Віктараўна, скажыце, калі ласка, як праз дзейнасць бібліятэкі Вы папу-лярызуеце карыстанне энцыклапедыямі сярод старэйшых школьнікаў, студэнтаў, аспі-рантаў?
– Калі я толькі пачынала працаваць у аддзеле рэдкай кнігі і старадрукаў, мяне вучылі, калі прыходзіць чытач з запытам па пэўнай тэме, то трэба звярнуцца ў першую чаргу да энцыклапедыі. Энцыклапедыі карыстаюцца попытам, у наш век інтэрнэту яны не згубілі сваёй актуальнасці, але надышла пара нашы ўніверсальныя энцыклапедыі – савецкую і беларускую – адлічбаваць і выкласці ў інтэрнэт у зручным выглядзе.
– Вы ўдзельнічаеце ў выданні зборніка “Здабыткі: дакументальныя помнікі Беларусі”?
– Гэты зборнік прысвечаны кніжнай культуры Беларусі, і мы запрашаем аўтараў удзельнічаць, адкрываць нявядомыя старонкі нашай культуры і з вялікім задавальненнем публікуем цікавыя матэрыялы. Штогод мы праводзім Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, друкуем матэрыялы канферэнцыі.Там бывае шмат цікавых выступленняў і новых знаходак!
Эла Дзвінская,
фота аўтара.
На здымках: 1. Соф’я Пятроўна Самуэль. 2. Ксенія Суша.