Мінае год, які нясвіжскія талакоўцы пражылі з календаром “Невядомая Нясвіжчына”. Гэта пятнаццаты каляндар вядомай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” і пяты – цалкам нясвіжскай тэматыкі. Апошнія два – “Самадзейны мастак Хведар Вініцкі” (2018) і “Невядомая Нясвіжчына” (2019) – выдадзены на замову будучых карыстальнікаў, якія не толькі пажадалі мець каляндар (часам і не адзін), але крэдытавалі яго выданне.
Старонкі своеасаблівага “гадавога гадзінніка” мала што дзень за днём адлічвалі дні, святы і даты – яны шмат каго паклікалі ў вандроўку па яшчэ не пабачанай дагэтуль, незнаёмай Нясвіжчыне: пад маляўнічымі фота, апроч тэксту, падаваліся звесткі, як найлепей праехаць, а калі трэба, – дзе замовіць экскурсію.
Знайшлася сям’я, што цягам года наведала ўсе дванаццаць (!) малавядомых шырокай публіцы мясцін, якія словам і мастацкай фатаграфіяй папулярызавалі і раілі пабачыць стваральнікі выдання. Гэта Адам Скачко з Гарадзеі, яго дачка і зяць Вольга і Уладзімір Пасэнаны, якія жывуць і працуюць у Менску, але шмат падарожнічаюць, аддаючы перавагу далёкім і блізкім ваколіцам Нясвіжа.
Сярод дванаццаці каляндарных цікавостак былі і Свята-Міхальская гара, і забыты старасвецкі парк у Снове, і драўляная царква ў Кунасе, і зорны камень у Лявонавічах, але самым прыцягальным стаўся дуб Якуб каля вёскі Казлы.
“Патрыярхам зялёнай Нясвіжчыны” любавалася актыўная ўдзельніца каляндарнай талакі Алена Харлеман, калі разам з дачкой прыязджала ў летнія дні на радзіму з Германіі. Па яе словах, дрэў, незвычайных, адметных, ёй давялося пабачыць нямала дзе ў свеце, але такога, магутнага і моцнага ў камлі, сустракаць не выпадала.
Валянцін і Марыся Гладкія з Новых Навасёлак наведаліся ў госці да “дзеда Якуба” з унукам Жэнікам. І таксама з каляндарнай падказкі. На развітанне шасціга-довы хлопчык урачыста прамовіў дрэву словы-пажаданні, якія не прыйдуць у галаву і даросламу.
На поплаўцы каля Якуба зладзілі “пікнік па-беларуску” сябры дзвюх суполак ТБМ – Новага Свержаня і Карцэвіч. Краязнаўца Валянціна Холадава цытавала Якуба Коласа (яна бліжэй да радзімы песняра), а Уладзімір Бруй, пісьменнік і перакладчык, калі сабралі “на кружок”, захапляўся беларускім салам, прыгадваючы свае замежныя камандзіроўкі, асабліва на Блізкі Усход і ў гарачую Афрыку, дзе ён моцна сумаваў па родных прысмаках. А ўсе разам пад задуменны пошум вячыстага дуба вялі суладную размову пра імгненнае і вечнае, сваё і чужое, захаванае і страчанае.

Станіслава і Уладзімір Вальчыкі прыехалі да дуба з унучкай і не стамляліся паўтараць маленькай гарэзе вечныя словы Кузьмы Чорнага: “Прывыкай да гэтага дрэва…”

“Прывыкайце да роднага, свайго, дзядоўска-бацькоўскага. Спазнавайце па-сыноўняму глыбока і душэўна – ці то матчына мова, ці то нашы хрысціянскія святыні, ці гістарычныя асобы-постаці. Ці то дрэвы, кветкі і камяні, лясы і рачулкі – вечныя знакі Бацькаўшчыны…” – нібы да гэтага і клікала кожнай перагорнутай старонкай маляўнічае выданне.
Наталля Карчэўская,
Нясвіж.

