Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
100 гадоў з дня нараджэння першага старшыні Полацкага ТБМ

100 гадоў з дня нараджэння першага старшыні Полацкага ТБМ

24 снежня 2019, 08:18 ТБМ 47
100 гадоў з дня нараджэння першага старшыні Полацкага ТБМ

Усе ведаюць песню “Ручнікі” (“У суботу Янка ехаў ля ракі…”), хоць  многія лічаць яе фальклорным творам. Песня сапраўды стала народнай, настолькі прыжылася яна ў народзе, настолькі аказалася арганічнай і блізкай практычна ў кожнай беларускай сям’і. А між тым напісаў яе полацкі кампазітар Мікалай Пятрэнка на словы Веры Вярбы.

19 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння кампазітара і педагога Мікалая Макаравіча Пятрэнкі. Да гэтай даты Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку рыхтуе адмысловую выставу пад назвай “Па рацэ часу”.

Палачане лічаць гэтага чалавека сваім земляком, ганарацца сваім знаёмствам з ім, хоць нарадзіўся ён на Гомельшчыне, у вёсцы Барбароў Мазырскага раёна. Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1940). З 1946 года працаваў у розных установах народнай асветы: інспектарам Палескага аблана, намеснікам дырэктара Петрыкаўскага педвучылішча, выкладчыкам Лепельскага педвучылішча, старшым выхавальнікам Лепельскай школы-інтэрната, намеснікам дырэктара Ветрынскай школы-інтэрната. А з 1960 года Мікалай Пятрэнка звязаў свой лёс з Полацкім педагагічным вучылішчам, у якім і адпрацаваў больш за 30 гадоў, выкладаючы беларускую мову і літаратуру. Пры гэтым ён пераклаў на беларускую мову тры падручнікі для педвучылішчаў, склаў і выдаў дапаможнік па беларускай мове для настаўнікаў “Практыкаванні з выбарачным адказам”, з’яўляецца аўтарам шэрагу праграм па беларускай мове для педвучылішчаў. Менавіта Мікалай Макаравіч стаў першым старшынём Полацкай суполкі ТБМ.

Не менш вядомы ён і як самадзейны кампазітар. Першую песню М. Пятрэнка напісаў яшчэ ў 1955 годзе – гэта была “Мяцеліца” на вершы Алеся Ставера. Сапраўднае ж прызнанне прыйшло да маладога кампазітара пасля песні “Ой, старонка мая ты лясная” на словы Анатоля Астрэйкі. Яна загучала па радыё, яе пачалі выконваць мастацкія калектывы. Плённа супрацоўнічаў кампазітар з такімі вядомымі паэтамі, як Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Панізьнік, Навум Гальпяровіч, а таксама пісаў песні на словы полацкіх аўтараў Змітрака Куніцкага, Надзеі Ярмак, Віктара Леанені ды іншых. Усяго за гады творчасці напісаў ён больш за 250 песень. Больш за дваццаць гадоў музычныя фразы з яго твораў былі пазыўнымі Полацкага аб’яднанага радыёвяшчання.

Жыццё гэтага таленавітага чалавека не было простым. Варта ўзгадаць вайну, цяжкае раненне, палон. Але не абыходзілі яго і ўзнагароды. Яшчэ ў 1966 годзе Мікалай Пятрэнка атрымаў званне Заслужанага настаўніка Беларусі, а ў 1995 годзе ён стаў Ганаровым грамадзянінам горада Полацка.

У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка захоўваецца даволі вялікая калекцыя матэрыялаў, звязаных з асобай Мікалая Пятрэнкі – яго рукапісы, дакументы, асабістыя рэчы, а таксама частка кніжнага збору.

Што можа найлепей характарызаваць чалавека – тым больш чалавека творчага – як яго бібліятэка. Сярод выданняў, перададзеных у фонды самім Мікалаем Макаравічам, зборы твораў беларускіх пісьменнікаў (Івана Мележа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі і інш), шматлікія кнігі вершаў і прозы сучасных яму аўтараў, фальклорныя зборнікі, дзіцячая літаратура, а таксама мноства кніг па мовазнаўстве, разнастайныя слоўнікі і даведнікі, музычныя зборнікі. Калекцыя стала каштоўнай часткай нашага кніжнага збору.

На выставе, якая пачынае сваю працу ў дзень нараджэння Мікалая Пятрэнкі – 19 снежня 2019 года, можна будзе паглядзець тыя прадметы, якія найбольш ярка прадстаўляюць асобу таленавітага майстра.

Вера Ашуева,

вядучы навуковы супрацоўнік

Музея беларуск. кнігадрукавання.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5447
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

31 ліпеня 2020, 19:5417
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2616
Далучайцеся да нас