Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Міф пра баланс беларускай і расейскай моваў на афіцыйных дзяржаўных сайтах

Міф пра баланс беларускай і расейскай моваў на афіцыйных дзяржаўных сайтах

18 снежня 2019, 23:56 Мова 25
Міф пра баланс беларускай і расейскай моваў на афіцыйных дзяржаўных сайтах

Нядаўна ў краіне прайшоў перапіс 2019 г., і пытанне пра мову сярод насельніцтва вельмі актуальнае. Сітуацыя з беларускай мовай на сёння ў краіне – гэта пытанне не толькі нацыянальнага гонару, але пытанне стратэгічнае. Захаванне, падтрымка і развіццё беларускай мовы – стратэгічная задача захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Цікава,  якую ўвагу дзяржаўнай беларускай мове надаюць дзяржаўныя ўстановы і дзяржслужбоўцы? Як дзяржаўныя ўстановы паважаюць права свайго народа на карыстанне сваёй дзяржаўнай роднай мовай? Прапаную даведацца пра павагу да дзяржаўнай беларускай мовы, павагу да народа і да незалежнасці краіны  праз аналіз сайтаў беларускіх дзяржаўных установаў. Пачнём з міністэрскіх, а потым пройдземся па сайтах мясцовых выканкамаў.

 

I

 

Адзначым, што амаль усе міністэрствы Рэспублікі Беларусь маюць беларускамоўную версію. Шмат што перакладзена, шмат працы зроблена. Але, праглядаючы міністэрскія сайты, бачна, што колькасць інфармацыі на беларускай мове значна меншая, чым на расейскай. Пры пераключэнні мовы на беларускую знікаюць цэлыя раздзелы з сайтаў. Колькасць навінаў па-беларуску ў разы саступае колькасці расейскамоўных навінных падзей.

Уявіце сабе, што з 23 сайтаў міністэрстваў і 24-га сайту Савета Міністраў, толькі Міністэрства аховы здароўя (minzdrav.gov.by) і Міністэрства культуры (kultura.by) сустракае чытача па-беларуску.

Сайт Урада Рэспублікі Беларусь (government.by) мае беларускамоўную версію, але навінаў на беларускамоўнай старонцы ў разы менш, чым на расейскамоўнай. Як не парадаксальна, але ж банэр “Праграма дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гг.” з беларускага мае толькі назву. У беларускай версіі сайта Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва (mas.gov.by) у раздзеле “Афіцыйна” шэраг старонак мае паведамленне “Памылка 404. Такой старонкі не існуе”. Замест дзяржаўных супрацоўнікаў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі сайт (mjkx.gov.by) на беларускую мову перакладецца анлайн-сэрвісам.

Было прыкра пераключаць мовы на сайце Міністэрства сель-скай гаспадаркі і харчавання (mshp.gov.by). Адразу бачна, што для беларускамоўнага чытача ад усяго сайта застаецца ледзь не ягоны інфармацыйны шкілет. Падобнае ўражанне пакідае і сайт Міністэрства спорту і турызму (mst.by). Беларуская мова ёсць на сайце Міністэрства энергетыкі (minenergo.gov.by), але з беларускай мовай выпадае нямала старонак. Чытачы вымушаны атрымліваць інфармацыю толькі на расейскай мове.

Бывае, і на беларускамоўных старонках міністрэрстваў формы заяваў прапануюцца толькі на расейскай мове. Гэта можна пабачыць на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (mart.gov.by). Як прыклад, калі наведвальнік пераключыць мову на беларускаю, то ўсё адно форму заявы аб выдачы дакумента аб згодзе на здзяйсненне здзелкі з акцыямі сайт будзе прапаноўваць па-расейску.

Напэўна, па дзіўным выпадку лёсу  ці можа з-за нядаўніх перамоваў па стварэнні адзінага падатковага кодэксу ў межах інтэграцыйнага працэсу з Расеяй сайт Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (nalog.gov.by) не мае беларускамоўнай версіі.  Што, таварышы, уніфікацыя ўжо пачалася?

 

II

 

Зараз пройдземся па сайтах абласных і раённых выканаўчых камітэтаў. З боку інфармацыйнага забеспячэння на беларускай мове становішча на выканкамаўскіх сайтах значна горшае адносна міністэрскіх. Шмат выканкамаў не маюць беларускай мовы на сайтах. Шмат такіх, што не маюць беларускамоўнага зместу і карыстаюцца анлайн гугл-перакладчыкам. Ёсць і такія, дзе перакладзены толькі назвы раздзелаў сайта ці некалькі асобных старонак. Больш за 50 сайтаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, што я наведаў, сустрэлі мяне выключна па-расейску.

Няма беларускамоўнай версіі на сайце Берасцейскага гарвыканкама (ГВК) (city-brest. gov.by). На сайце Віцебскага ГВК (vitebsk.gov.by) ёсць беларуская мова, але, адчыняючы старонку пра гісторыю Віцебка, бачым “Старонка не знойдзена”. Няма традыцыйнага кутка для выбару моў на сайце Гомельскага ГВК (gorod.gomel.by): яны не напісалі матэрыял для беларускай версіі, а проста ў самым нізе вывелі спасылку на сэрвіс Гугл з выбарам моў. То бок, калі каму з беларусаў патрэбна будзе беларуская мова, то гомельскія чыноўнікі прапануюць звяртаюцца па дапамогу не да мясцовай ўлады, а да амерыканскага Google.

Няма кантэнту на беларускай мове на Магілёўскім ГВК (mogilev.gov.by), але ёсць кнопкі для моў і пры выбары беларускай анлайн-сэрвіс перакладае расейскамоўны змест старонак. Полацкі сайт (polotsk.vitebsk-region.gov. by) паўшоў па слядах Магілёўскага. Барысаўкія дзяржаўныя службоўцы (borisov.gov.by) знайшлі такое вырашэнне: на сайце ёсць кнопка, каб пераключаць мовы, але, калі ціскнеш на беларускую мову, то перакладаюцца толькі назвы раздзелаў, але не змест гэтых раздзелаў. Вілейскі раённы выканкам (vileyka.minsk-region.by) паўшоў шляхам барысаўскіх чыноўнікаў.

Супрацоўнікі Новаполацкага гарвыканкама (novopolotsk. gov.by), відаць, беларускую мову ведаюць не лепш за гомельскіх, таму прапануюць наведвальніку звяртацца па дапамогу да перакладу да Google. Тое ж і Жлобін, Бабруйск, Рэчыца. Івацэвіцкі раённы выканаўчы камітэт (ivacevichi.brest-region.gov.by) і ягоны брат-блізнюк – Кобрынскі (kobrin.brest-region.gov.by) – зрабілі сайты па-расейску і па-ангельску. Не ўдалося адшукаць беларускай мовы на Пінскім сайце (pinsk.gov.by).

Ліда (lida.gov.by) ведае сваю мясцовую гісторыю толькі па-расейску. Асіповіцкі (osipovichi.gov.by) райвыканкам на беларускамоўнай версіі старонкі пра гісторыю пакідае код 404 (старонкі не існуе). Пастаўскі сайт (postavy.vitebsk-region.gov. by) таксама не мае сваёй гісторыі на роднай мове.

На вялікі жаль, прыклады можна працягваць. З беларускай мовай у дзяржаўных установах бяда. Заўважце, як чыноўнікі замест таго, каб разважаць пра беларускую мову як падмурак беларускай незалежнасці, адметнасць нашага народа і гонар ды спадчыну нашых бацькоў, спрабуюць нас пераканаць, што гэта шырокія колы насельніцтва самі адмовіліся ад беларускай на карысць расейскай. Відавочна, гэта звычайнае невалоданне курсам гісторыі Беларусі дзяржаўнымі службоўцамі.

У адказ такім хачу прывесці думкі з блога Алесі Аўласевіч з гомельскага сайту “Сильные Новости” з нагоды перапісу 2019: “Мова, канешне, можа існаваць сама і без дзяржавы, але калі ўжо дзяржава ёсць, то хто яшчэ нясе адказнасць за захаванне мовы, як не дзяржава? Чыноўнікі не разумеюць, што такая катастрафічная статыстыка ахвочых навучаць дзяцей па-беларуску – гэта праблема не ТБМ ці гэтых людзей. Гэта праблема чыноўнікаў, якія не стварылі адпаведных умоў для развіцця дзяржаўнай мовы. Гэта пытанне да іх кваліфікацыі, адпаведнасць займаным пасадам, аплаты нарэшце. І гэта не аддзел адукацыі павінен спытаць у мяне, як старшыні Гомельскага ТБМ на прыёме: “Ну, дзе вашыя “беларускамоўныя”?”, а я ў іх: “Дзе ВАШЫЯ беларускамоўныя?”

Васіль Каваль.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас