Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні

XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні

27 лістапада 2019, 18:15 Культура, Навука 45
XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні

Можа, толькі не так часта, як хацелася б… І ўсё ж 25 кастрычніка (менавіта раз у два гады)  у Карэліцкай раённай бібліятэцы ладзіліся XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні на тэму “Мінулае і сучаснае Карэліцкага краю”. Тэма  адзіная, але даклады розныя, і краналіся яны амаль усёй гісторыі Карэліччыны.

Удзельнікі краязнаўчых чытанняў, а гэта бібліятэкары і музейныя спецыялісты, ідэалагічныя работнікі і настаўнікі мясцовых школ,  з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі змаглі пачуць цікавыя і змястоўныя выступленні 18 дакладчыкаў навукова-практычнай канферэнцыі.

Але  ўсё па-парадку. З прывітальным словам удзельнікаў сустрэла начальнік аддзела ідэалагіч-най работы, культуры і па справах моладзі  Іна Міхайлаўна Санчук, якая падкрэсліла важнасць мерапрыемства для раёна і пажадала ўсім плённай працы, а таксама ўручыла Ганаровую грамату калектыву Інстытута гісторыі НАН Беларусі, які сёлета адзначыў сваё 90-годдзе. Затым слова ўзяла Вольга Папко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, якая доўгі час працавала дырэктарам замкавага комплексу “МІР”, і тэма яе выступлення тычылася менавіта замка і мела назву  “Павел Бяляслаў Падчышынскі (1822-1876 і вувучэнне Мірскага замка”.

Пра Петрапаўлаўскую царкву ў Карэлічах і гісторыю яе будаўніцтва падрабязна распавёў Сяргей Сергачоў, прафесар БНТУ, доктар архітэктуры, прафесар,  а Аляксандр Доўнар, загадчык аддзела крыніцазнаўства і археалогіі інстытута гісторыі НАН Беларусі расказаў аб стане Карэлічаў у  XVII ст. спасылаючыся на  дакументы Галоўнага архіва старажытных актаў.

Пра розныя віды кафлі з фондаў замкавага комплекса “Мір” і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея вёў аповед краязнавец з Менска Пётр Русаў,  які, да слова, яшчэ займаецца і яе рэстаўрацыяй.

Зацікавілі слухачоў цікавыя і змястоўныя даведкі дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук Вольгі Гарбачовай, якія тычыліся менавіта нашага пачэснага земляка з вёскі Медзведка Ігнація Дамейкі і дацэнта Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдата педагагічных навук Алы Баранавай, якая з упэўненасцю канстатавала, што сёння Карэліччына паспяхова працягвае і рэалізуе асветніцкія ідэі, блізкія і для Ігнація Дамейкі.

smart

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ігар Шаладонаў таксама звярнуўся да творчай спадчыны яскравага прадстаўніка Карэліцкай зямлі – Янкі Брыля. Тэма яго даклада “Народная мудрасць жыцця ў аповесцях Я. Брыля”.

Прысутнічалі на чытаннях і нашы блізкія суседзі. Дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча ў Наваградку Мікалай Гайба ў дэталях і на картах раскрыў гісторыю вузкакалейнай чыгункі на Карэліччыне і Наваградчыне, а навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір” Юлія Бязносік падрабязна апавяла аб сельскагаспадарчым жыцці Карэліцкага раёна ў 50-60 гг. XX ст. на старонках газет. Ураджэнец аграгарадка Палужжа Карэліцкага раёна, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-за-паведніка “Нясвіж”, аспірант Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Аляксандр Яраш завітаў на малую радзіму з дакладам пра функцыянаванне Карэліцкага гарнізона прыватных войскаў роду Радзівілаў у XVIII стагоддзі.

Мясцовая краязнаўца, сябра Гарадзенскага абласнога аб’яднання ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Кошур на працягу 20 хвілін вяла цікавы  і змястоўны аповед пра ўраджэнца Карэліччыны Алеся Вільчыцкага – рэдактара газеты “Беларуская справа”. Вывучэннем гэтай  тэмы яна займалася поўныя 10 гадоў.

Не адставала ад сталых удзельнікаў канферэнцыі і моладзь. Малодшыя навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Таццяна Даўгач дасканальна расказала пра дзейнасць органаў сялянскага кіравання ў Карэліцкім краі пасля адмены прыгоннага права, Ягор Сурскі праз інвентар Мірскага графства 1671 года раскрыў  адметнасці побыту нашых продкаў. Кірыл Мядзведзеў ахапіў адразу дзве тэмы: “З гісторыі археалагічнага даследавання Карэліцкага краю” і “Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё мяшчан Карэліч у XVIII ст.”. Загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных запытаў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі пабудаваў сваё выступленне на прозвішчах знаёмых кожнаму мясцоваму жыхару, і амаль раптоўна ўсе прысутныя захацелі пачуць, ці адносіцца іх прозвішчы да таго мінулага часу.

Не абышлося на чытаннях і без выступленняў гаспадароў. Калісьці ў Карэліцкую раённую бібліятэку трапілі ранейшыя фотаздымкі Мірскага замка, якімі вельмі цікавяцца нашы паважаныя чытачы. З гэтых цудоўных фотакартак зладзіўся і працуе гістарычны фотапраект “Замак у аб’ектыве”, пра які расказала дырэктар ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” Лілея Арцюх. Таксама Лілея Канстанцінаўна расказала аб краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ў рамках раённай мэтавай праграмы “Край Карэліцкі мой” і паказала асабістую самастойную выдавецкую прадукцыю бібліятэкі. Завяршылася навукова-практычная канферэнцыя выступленнем загадчыка аддзела рамёстваў Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Юліі Баярэнка “Традыцыйны строй Карэліччыны” з паказам мадэляў касцюмаў як жаночага, так і мужчынскага канца XIX – пачатку XX ст.

У рамках мерапрыемства прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з арт-галерэяй “Гісторыя роднага краю”, краязнаўчымі матэрыяламі аддзела бібліятэчнага маркетынгу, фотавыставай краязнаўчых чытанняў мінулых гадоў, кніжнай выставай “Гонар зямлі Карэліцкай”,  а таксама з  сувенірнай прадукцыяй аддзела рамесніцкай дзейнасці дзяржаўнай установы “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Наталля Казарэз,

метадыст ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас