Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гарадзенцу Віталю Карнелюку – 50!

Гарадзенцу Віталю Карнелюку – 50!

27 лістапада 2019, 18:40 Навука, ТБМ 8
Гарадзенцу Віталю Карнелюку – 50!

Народжанаму ў Ленінградзе з берасцейскімі дзедаўскімі каранямі, а сёння ўжо гарадзенцу,   гісторыку і краязнаўцу, дацэнту факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, сябру абласной Рады ТБМ  Віталю Карнелюку 15 лістапада, напрыкан-цы залатой восені, споўнілася пяцьдзясят гадоў…

…Напачатку 90-х Віталь  прыйшоў  студэнтам на практыку ў школу-гімназію № 30, дзе адбылося нашае знаёмства, а потым і сяброўства, а пасля заканчэння ўніверсітэта там жа Віталь пачаў працаваць гісторыкам. Цікаўнасць да гісторыі, методыкі выкладання, краязнаўства, інавацыйныя педагагічныя практыкі пашыралі прафесійны і агульны круга-агляд маладога настаўніка. Сёння  школа-гімназія № 30 называецца гімназія №1 імя Яўхіма Карскага і  па паказчыках Міністэрства адукацыі стала лепшай сярэдняй навучальнай установай Беларусі за 2018 год. Той першы педагагічны калектыў сфармаваны на конкурснай аснове, і ён, пастаянна павышаючы свае кваліфікацыйныя веды, стаў моцным ядром для будучага адукацыйнага працэсу. Пераможцы дзясяткаў алімпіяд па шматлікіх прадметах і проста выпускнікі з шырокім кругаглядам – вынік працы педагогаў. Настаўнікі гісторыі з гімназіі  не толькі выйгравалі са сваімі вучнямі розныя алімпіяды, але змаглі перадаць сваю любоў да краязнаўства і гісторыі   дзясяткам вучняў. У гэтым  і велізарная заслуга Віталя Карнелюка, як добрага і гуманнага настаўніка і навукоўца, які ўзважана і прадумана падыходзіць да  папулярызацыі гісторыі і культуры, пастаянна знаходзіцца  ў краязнаўчым пошуку з дзецьмі, не парывае сувязяў з гімназіяй нават сёння. Працуючы ў Гарадзенскім універсітэце, ён мае некалькі гадзін у гімназіі, праводзіць краязнаўчыя заняткі, курыруе створаны іншымі настаўнікамі і вучнямі, а потым рэканструяваны з яго непасрэдным удзелам і кіраўніцтвам музей Я. Карскага. Завадатар шматлікіх ініцыятыў для дзяцей пры школьным музеі і харавым класе. Школьны музей  пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, якія знаходзіць і купляе  апантаны гэтай справай Віталь. Вядзе перапіску з нашчадкамі Яўхіма Карскага ў Санкт-Пецербурзе і ў далёкай Сібіры.

SONY DSC

Літаральна на днях з Сібіры атрымаў пасылку ад радні вучонага- арыгінальныя здымкі сям’і, родных  і самога акадэміка Яўхіма Карскага і падарунак ад праўнука Аляксандра Карскага  з Санкт-Пецербурга – двухтомнік пра біяграфію і навуковыя даследаванні  акадэміка Яўхіма Карскага, які нарэшце выйшаў у Беларусі тыражом у 1000 асобнікаў. Там шмат новых і цікавых  звестак, атрыманых з розных крыніц і ад даследчыкаў, але найперш ад самога праўнука. Праўда,  засталіся і нявысветленыя старонкі пра бацькоў Яўхіма Карскага…

Цікаўнасць і павага да роднай мовы, гісторыі  і культуры пачалася ў Віталя напрыканцы 80-90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пачалося новае культурнае беларускае адраджэнне. Матуля спадара Віталя выкладала па-беларуску ў пачатковай школе. Тата – вайсковы медык, таму давялося сям’і трохі павандраваць, але сям’ю цягнула на радзіму. Малодшы брат пайшоў бацькоўскім шляхам, а спадар Віталь матчынай дарогай. Віталь быў чалавек начытаны і моцна любіў кнігі, таму пасля першага знаёмства, асветніцтва стала агульнай справай. Тысячы кніг па гісторыі і культуры,  краязнаўству, найперш Беларусі разам прывозілі ў сумках і чыталі, праводзілі кніжныя выставы новых кніг у навучальных установах у Гародні. Запатрабаванасць у іх была неверагодная. Дырэктары гарадзенскіх кніжных крамаў прыслухоўваліся да нашых рэкамендацый па закупках  літаратуры. Каля дзясятка  настаўнікаў нашай навучальнай установы па рознаму ўключыліся  ў беларускі культурны працэс. Пачыналі з сябе. Хадзілі на курсы беларускай мовы, вы-пісвалі дзясяткі газет і часопісаў, каб вучыцца на мове лепш размаўляць. Потым пайшлі ініцыятывы. На педсавеце настаўніцкага калектыва большасць людзей прагаласавала за наданне імя школе-гімназіі нашага земляка з-пад Гародні Яўхіма Карскага (у канкурэнцыі з Пятром Машэравым). Тут мы атрымалі першую перамогу, бо імя вучонага да сёння не ўшанавана належным чынам на Гарадзеншчыне. На жаль, у першыя гады незалежнасці (1992 г.) быў зачынены ўладамі створаны Апанасам Цыхуном  школьны музей на радзіме Яўхіма Карскага ў Лашы, пасля закрыцця беларускай малакамплетнай школы.  Але, пры падтрымцы адміністрацыі школы-гімназіі № 30 (гімназія № 1)  і  Апанаса Цыхуна ў 1995годзе быў  адкрыты  новы  музей  Я. Карскага ў гімназіі, якая ўзяла сабе імя акадэміка.

Была ўведзена новая традыцыя – штогод лепшыя вучні гімназіі № 1 на тэматычнай дэкаце Я. Карскага  ўзнагароджваліся грашовымі падарункамі. Шчырая праца настаўнікаў і спрыяльная чалавечая атмасфера ў навучальнай установе садзейнічалі паступовай папулярызацыі беларушчыны. Ішла падрыхтоўка настаўнікамі гімназіі школьных экскурсаводаў па музеі, якія праводзяць на роднай мове экскурсіі для гасцей і ўсіх ахвочых. У рамках сустрэчы са знакамітымі асобамі навучальную ўстанову наведалі дзясяткі вядомых вучоных, паэтаў, пісьменнікаў, скульптараў, мастакоў з Беларусі і замежжа. Нашчадкі  акадэміка Карскага, міністры  адукацыі і кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, замежныя дэлегацыі – усе госці зафіксаваны ў музейнай кнізе ганаровых гасцей. Некаторыя мастакі, кавалі, паэты і пісьменнікі падаравалі свае працы і кнігі музею. У гэтым так-сама велізарная заслуга куратара музея спадара Віталя. Дзясяткі розных культурных мерапрыемстваў па папулярызацыі мовы, гісторыі, павагі да сваёй зямлі і навакольнага асяроддзя праводзяцца ў гімназіі, нягледзячы на іншую агульную атма-сферу пасля 1995 года. Сёння адным з важных накірункаў дзейнасці Віталя Рыгоравіча стала арганізацыя і правядзенне рэгіянальнай  навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах рэгіяналістыкі і краязнаўства  “Румлёўскія чытанні”, куды збіраюцца дзясяткі вядомых навукоўцаў і даследчыкаў гісторыі і прыроды, а пасля выдаюцца зборнікі матэрыялаў удзельнікаў канферэнцыі.

 Спадар Віталь праводзіць таксама для дзяцей Гарадзеншчыны і не толькі, навукова-практычную канферэнцыю “Край Гарадзенскі”, куды адбіраюцца дзясяткі лепшых працаў для ўдзелу дзяцей у гэтай канферэнцыі, якая звычайна праходзіць у гімназіі № 1 імя Я. Карскага і збірае пару соцень чалавек. Прымае Віталь актыўны ўдзел са сваім краязнаўчым гуртком у іншых агульнагарадскіх мерапрыемствах і часта займае там з дзецьмі прызавыя месцы. У 2010 годзе быў новы працяг па папулярызацыі імя Я. Карскага і мясцін на Гарадзеншчыне, дзе бываў і якія даследаваў акадэмік у турпраекце для дзяцей і дарослых “Прынёманскімі шляхамі акадэміка Яўхіма Карскага”. Музеем сумесна з абласным ТБМ былі выдадзены вялікія каляровыя плакаты турмаршруту. Віталь Рыгоравіч быў кіраўніком міжнароднага  праекта ад гарадзенскага ўніверсітэта па аднаўленні і рэстаўрацыі літаратурнага музея Алеся Белакоза ў Гудзевічах.

Гэта была цяжкая і працяглая праца. Сёння некалькі адрамантаваных пакояў музея маюць больш прывабны выгляд і тэхнічную бяспеку, падтрымліваецца супрацоўніцтва з гэтым музеем для папулярызацыі традыцыйная беларускай культуры і прывабнасці нашых вёсак і мястэчак у галіне турызму сярод студэнтаў, вучняў гімназіі і дарослых. Шмат  працы па папулярызацыі мовы праводзіць Віталь Рыгоравіч у сваім універсітэце, на факультэце. Чытаючы па-беларуску лекцыі, меў заўвагі  з боку факультэцкага кіраўніцтва ў праблеме разумення беларускай мовы  некаторымі туркменскімі студэнтамі. Быў адным з галоўных ініцыятараў і прымаў актыўны ўдзел у стварэнні  шыльдаў гістарычных назваў вуліц на беларускай мове ў Гародні. Стацыянарныя інфармацыйныя планшэты каля гістарычных тураб’ектаў Гародні таксама яго непасрэдная ініцыятыва разам з іншымі гісторыкамі і краязнаўцамі,  работнікамі культуры гарвыканкама і аблвыканкама. Сёння гэта пераймаюць іншыя вёскі і мястэчкі. Немагчыма ўсе культурна-гістарычныя ініцыятывы  ў нашым горадзе і раёне пералічыць, дзе б не прымаў удзел спадар Віталь. Ужо 5 гадоў трымае папулярнасць энцыклапедычны даведнік Віталя Карнелюка ў суаўтарстве з Янкам Трацяком  “Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны”, які дае звесткі пра велізарную беларускую культурную спадчыну і цудоўных людзей Гарадзеншчыны і Сувальшчыны. Я вельмі  ўдзячны сябру Віталю і яго студэнтам за навуковую і  фізічную дапамогу па ўсталяванні першага памятнага знака на п’едэстале ў Беларусі акадэміку Карскаму ў былым  маёнтку Мігова Гарадзенскага раёна, які быў урачыста адкрыты 30 кастрычніка 2019 года.

Спадар Віталь працягвае займацца навуковай дзейнасцю ў гарадзенскіх і замежных архівах. Піша доктарскую працу, праводзіць цікавыя і змястоўныя экскурсіі па Гародні і іншых гарадах і мястэчках нашай краіны, распрацоўвае новыя экскурсіі, плануе новыя канферэнцыі і метадычныя дапаможнікі, падтрымлівае здаровы лад жыцця, выхоўвае дваіх дзяцей.  Каб кожны гарадзенскі навуковец і настаўнік  у галіне нашай мовы і культуры зрабіў столькі, колькі Віталь, то ў нашых суседзяў не ўзнікала б  недарэчных пытанняў пра нашую мову,  культуру і гістарычную спадчыну.

З юбілеем, сябра!!! Здароўя і новых творчых праектаў па папулярызацыі нашай мовы і культуры!

Алесь Крой.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3416
Далучайцеся да нас