• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 17 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Цыкл лекцый, прысвечаных Адаму Бабарэку

Цыкл лекцый, прысвечаных Адаму Бабарэку

6 лістапада 2019, 20:16 Культура, Навука 11
Цыкл лекцый, прысвечаных Адаму Бабарэку

23 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з лекцыяй “Генерацыя творчай думкі, творчы дыяпазон А. Бабарэкі. Адметнасць яго літаратурнай спадчыны” выступіў кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль.

Гэта ўжо другая лекцыя ў рамках праекту “На  хвалі часу, у плыні жыцця”, арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Першую лекцыю падрыхтавала  педагог, даследчыца і пісьменніца Ганна Севярынец. Мерапрыемствы дазваляюць  пашырыць веды пра тое, якой багатай і разнастайнай, злучанай з еўрапейскім культурным працэсам, была беларуская літаратура, пакуль над ёй не ўзнялася сякера рэпрэсій.

Доўгі час пра А. Бабарэку можна было прачытаць у даведніках толькі некалькі абзацаў як пра крытыка.  В. Жыбуль паведаміў больш падрабязна пра факты з біяграфіі літаратара.

Адам Антонавіч Бабарэка нарадзіўся 14 кастрычніка 1899 года ў вёсцы Слабада-Кучынка Слуцкага павета ў сям’і беззямельнага селяніна. Ён вучыўся ў слуцкай школе, а затым – у Менскай духоўнай семінарыі, пасля заканчэння якой яму адкрываўся шлях у настаўнікі альбо ў святары. Некалькі гадоў ён настаўнічаў на Случчыне. У 1922 годзе ён паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь “.

У 1918 годзе А. Бабарэка напісаў свае першае апавяданне ў жанры ўтопіі. У 20-тыя гады  ён  складаў апавяданні, у якіх  адлюстроўваўся побыт  і жыццё тагачаснай вёскі, і алегарычныя навэлы, накшталт “Казак жыцця” Я. Коласа.

Стылістыка А. Бабарэкі пачала выкрышталізоўвацца, ён звяртаўся да філасофскіх мініяцюр, прыпавесцяў і імпрэсій. Апавяданні з цыклу “Няскончаныя характарыстыкі” адзначаліся імкненнем пранікнуць у глыбокі псіхалагічны свет чалавека.

– А. Бабарэка быў самапаглыбленым і самазасяроджаным чалавекам, праз меру аналітычным, – адзначыў В. Жыбуль. – Нават побытавыя дробязі выклікалі ў яго ланцугі філасофскіх разважанняў. Паглыблены псіхалагізм у прозе ён пакінуў свайму сябру К. Чорнаму, а сам шчыльна заняўся крытыкай. Крытык з яго атрымаўся выдатны, наватарскі. Яшчэ пры жыцці яго называлі беларускім Бялінскім.

У 20-тыя гады, калі ва ўмо-вах савецкай улады адбывалася палітыка беларусізацыі, скіраваная на ўздым беларускай культуры, А. Бабарэка вітаў рэвалюцыйную рамантыку. Адбываўся росквіт беларускай літаратуры, з’яўлялася больш беларускіх выданняў, літаратары мелі магчымасць выразна самавыяўляцца. А. Бабарэка праявіў сябе чалавекам сінтэзу, у яго працах заўважана шмат філасофскіх разважанняў, у дзённіках і нататніках адлюстраваны рысы філасофіі і літаратуразнаўства.

Ён прысвячаў свае старонкі творчасці Язэпа Пушчы, даследаваў паэзію Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Янкі Купалы і Якуба Коласа, даваў ацэнку творчасці Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны. Персаналіі беларускай літаратуры ён імкнуўся ўпісаць у своеасаблівую іерархію.

Яго хвалявалі ўзаемадачыненні паміж аўтарам, літаратурным творам  і чытачом, колазварот слова ў літаратурным працэсе. Ён задумваўся пра сутнасць паэта ў тагачасным грамадстве, і як гэта сутнасць пераасэнсоўвалася рознымі аўтарамі.

– Адам Бабарэка быў адным з рухавікоў тагачаснага літаратурнага працэсу, спараджаў тэорыю, якую ўвасаблялі ў жыццё яго больш экстравертныя сябры – У. Дубоўка, Я. Пушча, – падкрэсліў паэт і даследчык В. Жыбуль.

А. Бабарэка рабіў спробы раскласці вершы беларускіх паэтаў па нотных партытурах. На прыкладзе Я. Пушчы ён аналізаваў успрыняцце чытачом паэтычнага слова, успрыманне фанетычнага боку слова, разглядаў паэзію з боку музыкальнасці, меладычнасці, схіляўся да словатворчасці, шукаў патаемны сэнс словаў.

У 1923 годзе ён стаў адным з тэарэтыкаў і заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а праз некаторы час  і “Уз-вышша”. У 1925 годзе выйшла кніжка яго апавяданняў, крытычныя працы засталіся невыдадзенымі, яны захаваліся ў перыёдыцы і ў рукапісах у яго архіве. У 30-тыя гады сацыяльны падтэкст яго твораў набыў палітычнае гучаннне, пачаліся арышты членаў “Узвышша”, у тым лікі і А. Бабарэкі.

В. Жыбуль паведаміў пра лёс жонкі Адама Бабарэкі Ганны Іванаўны, якая была настаўніцай, і яго дзвюх дачок – Элеаноры і Алесі. Падчас лекцыі прагучалі ўрыўкі з апавяданняў і крытычных артыкулаў А. Бабарэкі.

Паэт і літаратуравец Віктар Жыбуль з’яўляецца ўкладальнікам збору твораў А. Бабарэкі. Матэрыялы з сямейнага архіва для двух тамоў прадаставіла ў 2010 годзе дачка пісьменніка Алеся Адамаўна. Наступная лекцыя В. Жыбуля, прысвечаная вядомаму крытыку, адбудзецца 30 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Слухачы даведаюцца пра рэпрэсіі, перажытыя пісьменнікам.

Адам Бабарэка быў арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 г. у Менску па справе “Саюза вызвалення Беларусі” і  быў асуджаны пазасудовым органам НКУС 10 красавіка 1931 як “чалец контррэвалюцыйнай арганізацыі” і за “антысавецкую агітацыю” да 5 гадоў ссылкі, год прабыў у менскай турме, ссылку адбываў у г.п. Слабадское Кіраўскай вобласці, з канца 1934 г. – у горадзе Вятцы. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны яму на 2 гады ў адміністрацыйным парадку.

Адам Бабарэка быў паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 года. Паводле пастановы “тройкі” па Кіраўскай вобласці ад 15 лютага 1938 г. ён атрымаў 10 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост Комі-АССР у Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы.

Э. Дзвінская, 

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Свята Дня Незалежнасці
Грамадства

Свята Дня Незалежнасці

18 жніўня 2019, 21:5222
Прыйшоў час беларускай сімволікі, прыйдзе час і беларускай мовы
Грамадства

Прыйшоў час беларускай сімволікі, прыйдзе час і беларускай мовы

10 лістапада 2020, 20:4921
"Такі вядомы і такі просты…"
Культура

"Такі вядомы і такі просты…"

4 студзеня 2021, 23:3520
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0620
Далучайцеся да нас