Далёка не кожнаму чалавеку выпадае лёс прысвяціць жыццё справе, якая будзе дарыць натхненне, радасць ды яшчэ і прыбытак нядрэнны прыносіць. Часцей сустракаецца падзел на любімае хобі і не вельмі любімую, але неабходную ў матэрыяльным плане работу. І рэдка хто рашаецца гэту раздвоенасць разарваць на карысць поклічу душы.
Мар’яна ЯНУШКЕВІЧА ў Валожыне ведаюць як спраўнага кіроўца. Шмат гадоў ён круціў “баранку” і быў упэўнены: шафёрыць яму аж да самай пенсіі. У дарозе, асабліва калі маршрут вядомы да драбніц, заўсёды добра думаецца. Мар’ян Францавіч і не прыкмеціў, як ператварыўся ў філосафа. Неяк раз адзначыў: кансерватыўны сельскі ўклад увачавідкі мяняецца, а людзі пазбаўляюцца даўнейшых прадметаў побыту самым дзікунскім спосабам – выкідаюць на смецце або спальваюць. Ад убачанага балюча сціснулася сэрца. Шкадаваў не толькі тыя старыя куфэркі ды посцілкі, але і маладое пакаленне, якое ніколі не пабачыць працу рук прадзядуляў і прабабуль. Так і ўзнікла ў Мар’яна Янушкевіча ідэя збіраць рарытэтныя вясковыя рэчы. Неўзабаве стаў падобным да апантанага грыбніка, які ў пошуках баравіка гатоў блукаць па лесе, не зважаючы на стому, забыўшыся пра сон і голад.
Усе маршруты ў Мар’яна цяпер вызначаюцца кароткімі адрэзкамі: ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты. Некаторыя людзі аддаюць бацькоўскую спачыну ахвотна і дарам, іншыя вымагаюць грошай. Мар’ян Францавіч пагаджаецца на любыя ўмовы. Асабліва шчодрыя на экспанаты тэрыторыі, якія да 1939 года належалі Польшчы. Колькасць назапашанага старажытнага дабра расла з дня ў дзень і ўпарта патрабавала прытулку.
Неяк запрыкмеціў шафёр Янушкевіч на памежжы Валожынскага і Стаўбцоўскага раёнаў вёску, утульную, ціхую. Набыў тут сядзібу, а каб аматары старажытнасці не блукалі, паставіў указальнік – “Музей пана Мар’яна”.
Тут пад адкрытым небам туляцца шматлікія сеялкі, веялкі, сячкарні, вырабленыя ў пачатку мінулага стагоддзя на заводах Заходняй Беларусі па ліцэнзіі англійскіх, нямецкіх, амерыканскіх прамыслоўцаў. Аўтэнтычныя вазкі, сані, брычкі для гужавога транспарту ўражваюць дасціпным выкананнем. Як расказаў гаспадар экспазіцыі, адзін з вазкоў больш за 70 гадоў прастаяў схаваным пад стогам струхлелага сена. Такім чынам селянін ратаваў сваю маёмасць ад бальшавіцкай экспрапры-яцыі. І гэта яму ўдалося. Магчыма, чалавек спадзяваўся, што яго ўнукі ці праўнукі запрагуць некалі коніка і ўспомняць яго добрым словам… А атрымалася, што той вазок цікавы цяпер толькі калекцыянерам ці кінематаграфістам. Дарэчы, пра музей пана Мар’яна ведаюць не толькі беларускія рэжысёры, але і расійскія. Для дэкарацыі гістарычных кінастужак у ход ідуць куфэркі і чамаданы, фарфоравыя статуэткі і гіпсавыя бюсты Сталіна, камуністычныя вымпелы і піянерская форма. Усё гэта ёсць у Янушкевіча і падтрымліваецца ў ідэальным стане. Эксклюзіўную мэблю, якая стагоддзе служыла людзям, аддае на рэстаўрацыю спецыялістам, а пра большасць экспанатаў клапоціцца сам.
Мяркую, што рэестравую колькасць калекцыі Мар’ян Францавіч і сам дакладна не ведае. Але затое арыентуецца ў ёй выдатна. Сярод дзясяткаў выкаваных уручную завесаў і цвікоў за хвіліну адшукае маленькае пяро да чарнільнай ручкі, ведае памер кожнай пары ялавых ботаў і беспамылкова ўкажа, з якой вёскі той сярпок ці гэблік.
Кожны знойдзены і даведзены да толку прадмет – гэта як яго дзіця. І яно павінна мець будучыню, а не валяцца недзе на сметніку. Хіба не знойдзецца пакупнік на ўнікальную мясарубку? Не бяда, што ёй не менш за сто гадоў. Яна вельмі стыльная, моцная, прыгожая, а вялікі памер дае ўяўленне пра колькасць мяса, якую можна закінуць за адзін раз. Фору дасць сваім сучасным электрычным паслядоўніцам! Латунныя ступкі, медныя тазы і швейныя машынкі, нягледзячы на паважаны ўзрост, гатовы верай і праўдай служыць гаспадыням. Чаго не скажаш пра драўляную саху, у якую калісь селянін запрагаў валоў і араў надзел. Гэта прылада працы – чыста музейны экспанат. Ён, бадай што, і самы “ўзроставы” ў калекцыі, з’явіўся на свет гадоў дзвесце таму, калі не раней…
Прадметамі “цяжкай” прамысловасці Мар’ян Францавіч не абмяжоўваецца. Ёсць у яго і “мануфактура”: саматканыя ходнікі, бурносы, посцілкі, ручнікі з карункамі і цэлыя сувоі палатна высокай якасці. Цяжка нават паверыць, што ўся гэта прыгажосць, і з суконных нітак, і з ільняных, стваралася ўручную.
Мар’ян Янушкевіч не толькі збірае экспанаты. Ён ведае пра іх усё і ахвотна расказвае, як яны з’явіліся, удасканальваліся, выкарыстоўваліся, чым замяняліся. Далёка не кожны спецыяліст па гісторыі ці фальклоры прачытае такую пазнавальную лекцыю ды яшчэ на беларускай мове.
Мар’ян Францавіч вельмі радуецца гасцям, асабліва дзецям і моладзі. А шматлікія пытанні з іх вуснаў сведчаць пра галоўнае: яго хобі патрэбнае і для грамадства.
Алена ЗБІРЭНКА, г. Валожын.