Паважаныя педагогі!
Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам – Днём настаўніка!
У гэты дзень самыя цёплыя словы хочацца сказаць настаўнікам і выхавальнікам, выкладчыкам і кіраўнікам педагагічных калектываў, усім, хто сёння забяспечвае арганізацыю вучэбнага і выхаваўчага працэсу, хто клапоціцца аб развіцці, здароўі і будучыні нашых дзяцей.
Ад вашай мабільнасці, з’яднанасці і перакананасці ў правільным выбары залежыць будучае. Ваша педагагічнае майстэрства, веды і інтэлект, імкненне да творчага пошуку, цярпенне і настойлівасць у многім вырашаюць шляхі фарміравання новай асобы, здольнай пастаянна павышаць свой адукацыйны і прафесійны ўзровень, плённа працаваць, эфектыўна і паспяхова весці справы, творча мысліць і прымаць адказныя рашэнні, садзейнічаць росквіту сваёй дзяржавы.
Выказваем вам словы ўдзячнасці за вернасць прафесіі, мудрасць і пастаянную гатоўнасць раскрыць сваю душу для кожнага дзіцяці.
Жадаем вам, стабільнасці ў жыцці, творчых поспехаў, натхнення, павагі калег, вучняў, выхаванцаў і іх бацькоў, нязгаснага жадання несці веды дзецям і самім спасцігаць новае. Няхай усведамленне важнасці і неабходнасці вашай працы для развіцця грамадства надае вам сілы ў выкананні высакароднай справы. Шчасця вам, здароўя, творчых здзяйсненняў, таленавітых і працавітых выхаванцаў, жыццёвага аптымізму, бадзёрасці і заўсёднага добрага настрою!
Настаўніку
Стаяць ля маладых гадоў,
Ля чалавечага дзяцінства —
Вялікі гонар, светлы доўг
Настаўніцтва і мацярынства.
Спачатку ў сэрцах прабудзі
Цягу і смагу да асветы,
Пасля — задуманых вядзі
Аж да крыніцы чыстай, светлай.
На ростані шляхоў-дарог,
Абвеяных паходным пылам,
Народ навекі нам збярог
Крыніцу мудрасці і сілы.
Ты чэрпаць навучы з глыбінь
Жывучую ваду рукою,
Каб наш народ і край любіць,
Мудрэць і харашэць душою.
Валянцін Таўлай.
Настаўніку
На роспач не маеш права,
Хаваеш слабасць і стому.
Твая нялёгкая справа
Жыццё адкрываць другому.
Любові навучыць адданай
Да роднай пявучай мовы,
Што з песні жытоў саткана,
Са звону гусляў вясновых.
Любові да роднага краю,
Да песень і казак матулі,
Сівых курганоў ля гаю,
Дзе мудрыя продкі паснулі.
У працы не маеш права:
На роспач,
на слабасць,
На стому.
Твая пачэсная справа —
Жыццё адкрываць другому.
Алена Руцкая.