Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Берасцейская Біблія і нашчадкі Радзівілаў

Берасцейская Біблія і нашчадкі Радзівілаў

25 верасня 2019, 22:19 Культура 74
Берасцейская Біблія і нашчадкі Радзівілаў

На святкаваннях 1000-годдзя Берасця гораду было перададзена факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі. Ёмісты фаліянт вагой 15 кілаграмаў у 1,5 тысячы старонак выклікаў шмат зацікаўленасці. Выданне пабачыла свет 4 верасня 1563 года. Яно выходзіла па загадзе і на сродкі берасцейскага старасты, канцлера ВКЛ  Мікалая Радзівіла Чорнага. Працэс рэдагавання і друкавання Берасцейскай Бібліі адбываўся пад кантролем беларускіх і польскіх асветнікаў і друкароў Ц. Базыліка  і С. Мурмэліюса. На працягу многіх стагоддзяў міжканфесійныя спрэчкі і атэістычныя трактоўкі не дазвалялі належным чынам ацаніць каштоўнасць выдання.

Вяртанне велічных кніжных помнікаў абуджае цікавасць да знакамітых асобаў мінуўшчыны, асэнсавання іх вычынаў. Застаецца шмат таямніц, святло на якія праліваюць навукоўцы.

– Чаму Мікалай Радзівіл Крыштаф Сіротка спаліў Біблію, якую друкаваў яго бацька, Мікалай Радзівіл Чорны? Якія рысы Берасцейскай Бібліі лічацца кальвінісцкімі? Гэтыя пытанні мы накіравалі спадару Алесю Сушу, каардынатару і навуковаму кіраўніку праекту па перавыданні, намесніку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. – У чым былі рысы кальвінізму і  Рэфармацыі ў Берасцейскай Бібліі?

– Сапраўды, Берасцейская Біблія была выканана ў кантэксце кальвінісцкіх плыняў у ВКЛ і ў Кароне Польскай.

Па-першае, сам зварот да Бібліі, як да галоўнай крыніцы веры – гэта рыса Рэфармацыі. Менавіта эпоха Рэфармацыі спарадзіла неабходнасць выдання Бібліі. Гэта кніга стала галоўным сведчаннем жыцця Хрыста і галоўнай крыніцай веры. Яна стала даступнай для хатняга чытання.

Другая рыса – пераклад на жывую нацыянальную мову. Мы бачым пераклады на нацыянальныя мовы, якія пачынаюць з’яў-ляцца ў ХVI-тым стагоддзі – гэта адказы на выклікі Рэфармацыі. У гэты ж час з’яўляецца пераклад Берасцейскай Бібліі на польскую мову, якая стала мовай рэфарматараў па Усходняй  і Цэнтральнай Еўропе ад Чэхіі да Масковіі.

Трэццяя рыса – зварот да першакрыніц. Берасцейскую Біблію перакладалі з арыгінальных моў – са старажытнагрэчаскай і старажытнагабрэйскай. Як мы заўважылі, аказалі ўплыў пераклады на англійскую і французскую мовы, выкананыя ў ХVI-тым стагоддзі. Рэфармацыйны рух спара-дзіў вельмі глыбокі аналіз старажытных тэкстаў, спробу спалу-чыць дакладнасць думкі і адпаведнасць арыгіналу, мастацкасць і прыгажосць арыгінальнага тэксту.

Чацвёртая рыса – некаторыя каментаванні і адсылачнасць. У Берасцейскай Бібліі багата каментароў, існуюць прадмовы, пасляслоўі, тэксты, напісаныя выдаўцамі, аўтарамі перакладу адмыслова для гэтага выдання. Спроба асэнсаваць, патлумачыць сваю пазіцыю, характэрна для эпохі Рэфармацыі. Яшчэ адна рыса, якая паказвае прыналежнасць да Рэфармацыйных тэндэнцый -індывідуальнасць. Біблію выдаўцы спрабавалі зрабіць даступнай для кожнага. Такая ідэя была рэалізавана.

Берасцейскае выданне раскрыла ўсе таямніцы, пачынаючы з каментароў і завяршаючы двума блокамі, якіх раней нідзе не было – гэта пералік чытанняў Старога Запавету і Псалмаў па днях года на кожны дзень кожнага месяца. Раней такімі ведамі валодаў выключна святар. Толькі ён і мог зачытаць гэтыя тэксты і ўжываць у казаннях у набажэнстве. Іншы аб’ект, які з’явіўся ўпершыню – гэта прадметны ўказальнік у канцы Берасцейскай Бібліі, ён дапамагаў знаходзіць неабходныя фрагменты ў Бібліі.

Што датычыцца Мікалая Крыштофа Радзівіла, я ўпэўнены, што спаленне Бібліі – гэта міф. Хутчэй за ўсё, гэта легенда, створаная ў пачатку ХIХ стагоддзя гісторыкамі эпохі рамантызму. Гэтую легенду мы бачым у Яўхіма Лелявеля, Уладзіслава Сыракомлі і іншых даследчыкаў-рамантыкаў ХIХ-га стагоддзя.  Для беларускай супольнасці не характэрна паліць Біблію. У нас ніколі не было рэлігійных во-йнаў. Нішчыць Біблію – гэта грэх.

Сыны Мікалая Радзівіла Чорнага мелі добрую рэлігійную адукацыю, паважалі Біблію. Юры Радзівіл быў кардыналам і біскупам Віленскім. Паліць Біблію было непрыстойна. Дакладных крыніц пра паленне Берасцейскай Бібліі няма. Асобнікаў яе арыгіналаў захавалася вельмі многа! Мы сёння маем каля 130 асобнікаў у свеце. Гэта фенаменальная з’ява, іншых берасцейскіх выданняў засталіся адзінкі. Такі факт пярэчыць магчымасці іх палення! Як бы ні мяняліся рэлігійныя погляды Радзівілаў, спадчыну папярэднікаў яны заўжды шанавалі, паважалі і захоўвалі. Мікалай Крыштоф Радзівіл Cіротка не знішчыў Берасцейскую друкарню, выкарыстоўваў яе сам, а пасля перадаў Віленскай калегіі.

На Беларусі іх захавалася пяць няпоўных асобнікаў выдання, адзін – у Акадэмічнай бібліятэцы ў Менску, адзін – у абласной Берасцейскай, тры – у руках прыватных уладальнікаў.

Захаванне Берасцейскай Бібліі Багуславам Радзівілам – чарговае пацверджанне  паважнага стаўлення Радзівілаў да спадчыны папярэднікаў. Багуслаў Радзівіл, унук Мікалая Радзівіла Чорнага, папрацаваў шмат, каб ушанаваць спадчыну свайго папярэдніка, ён перавыдаў Берасцейскую Біблію. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага здзейснена некалькі перавыданняў  – у Каралеўцы, у Торуні.  Багацейшая бібліятэка Багуслава Радзівіла ў Слуцку, у створанай ім новай рэзідэнцыі Радзівілаў – імпульс Новага часу ў культуры Беларусі, які выкарыстоўваў рэнесансныя і рэфармацыйныя павевы. Там жа захоўваўся Радзівілаўскі летапіс.

Берасцейская Біблія прэзентуе  нам эпоху Рэфармацыі і эпоху Адраджэння. Гэты помнік сведчыць, што нашы продкі былі не тымі, хто  ўспрымаў павевы звонку, але былі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага працэсу. Ідэя факсімільнага ўзнаўлення заключаецца ў тым, каб звярнуць увагу на значнасць артэфакта як сімвала велічы Берасця, Беларусі, беларускай культуры, бо гэта сапраўдны шэдэўр паліграфіі ХVI стагоддзя. Берасцейская Біблія сведчыць пра актыўныя інтэлектуальныя працэсы паміж Берасцем і Жэневай, Берасцем і Кракавам, Берасцем і Вільняй.

Берасцейскую Біблію добра вычыталі і адрэдагавалі, хаця перакладчыкі былі самыя розныя. Працавалі над перакладам знаўцы грэчаскай і габрэйскай моваў, лаціны, прадстаўнікі розных краін, з ВКЛ, Францыі, Італіі, Германіі. Прадстаўнікі ўсёй Еўропы рупіліся над гэтым выданнем. Жан Кальвін падтрымліваў сувязі з перакладчыкамі і з Мікалаем Радзівілам Чорным. У кнізе ёсць прадмова-прысвячэнне, напісаная Мікалаем Радзівілам Чорным да караля Жыгімонта Аўгуста, якая тлумачыць аўтарскую ідэю. У прадмове М. Радзівіл заклікае Жыгімонта Аўгуста да духоўнага абнаўлення, да шукання сапраўднага Слова Божага.

Наспеў час для шматаспектнай ацэнкі Берасцейскай Бібліі ў кантэксце нацыянальнай і агульначалавечай культуры як помніка сусветнай значнасці.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.

На здымках:

  1. А.А. Суша з асобнікам факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі;
  2. Мікалай Радзівіл Чорны;

3 Экслібрыс Б. Радзівіла;

  1. Навуковае даследванне “Асэнсаванне шэдэўра”.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Далучайцеся да нас