13 верасня споўнілася 82 гады з дня нараджэння літаратурнага даследчыка, былога сябра Рады ТБМ Уладзіміра Ілліча Содаля.
Доўгачаканая новая кніга апошніх нататкаў Уладзіміра Содаля і ўспамінаў яго сяброў і паплечнікаў “Буйніцы і драбніцы” выйшла ў выдавецтве “Лімарыюс”. Пра падзею паведаміла ўдава пісьменніка Клара Барысаўна Содаль. Кніга атрымалася ёмістай, на 560 старонак. У том увайшлі ўспаміны, моўныя абразкі, артыкулы, лісты. У кнізе чытач знойдзе безліч цікавых гісторый з жыцця даваеннага Менска – пра двор пана Русецкага, дзе кватараваў Якуб Колас з сям’ёй, пра ваколіцы Старажоўскага тупіка, пра гасцяванне Ванды Лявіцкай-Лёсік у Купаліхі (Уладзіславы Францаўны), пра аўтограф Макміма Багдановіча, захаваны Зоськай Верас.
Чатыры гады таму доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч выказаў прапанову стварыць збор успамінаў пра рупліўца беларушчыны, былога вядоўцу студыі “Роднае слова” на тэлевізіі, захавальніка Багушэвічавай спадчыны – Уладзіміра Содаля.
У кнігу, якую ўклаў і пракаментаваў Міхась Скобла, увайшлі ўспаміны Васіля Жуковіча, Алеся Жамойціна, Уладзіміра Ліпскага, Міколы Купавы, Анатоля Варавы і родных пісьменніка – Марата Содаля і Аксаны Чылікінай, а таксама назіранні, нарысы, нататкі самога літаратуразнаўцы і даследчыка.
– Уладзімір Ілліч цікавіўся ўсім, што датычылася Беларусі, – успамінае Клара Барысаўна Содаль.- Ён распытваў суседзяў, сваякоў, знаёмых пра іх родныя мясціны, радаводы. – Ён меў талент заўважаць і занатоўваць самыя маленькія, але цікавыя драбніцы з паўсядзённага жыцця людзей. Нават на полі ён заўважаў незвычайныя каменьчыкі і прыносіў іх дадому. Адзін з такіх камянёў быў падобны на хлеб.
“Уладзімір Ілліч меў фенаменальны філалагічны слых. Моўная назіральнасць дапамагала яму рабіць цэлыя адкрыцці ў літаратуразнаўстве”, – пазначыў у прадмове Міхась Скобла.
“Першую палову 90-ых сп. Содаль лічыў найбольш спрыяльным і адпаведна найбольш плённым для сябе часам. За гэтыя пяць гадоў яму ўдалося выдаць пяць новых кніжак: “Кушлянскі кут”, ” Сцежкамі Мацея Бурачка”, ” Жупранская старонка”, “Тут бачу свой край”, “Свіранскія крэскі”, а ў 1997 годзе выйшаў грунтоўны фотаальбом “Вінцэнт Дунін- Марцінкевіч”. Запомнілася прэзентацыя альбома ў Доме літаратара. Атмасфера свята. Поўная зала людзей, літаратары, навукоўцы”, – узгадвае Святлана Багданкевіч.
“Ён, як мала хто, патрапляў услухацца ў таемныя галасы разло-жыстай нівы беларускай, пачуць сведчанні слаўных і сціплых творцаў беларушчыны, пакінуўшы па сабе ладнаваты стосік літаратурна-краязнаўчых нарысаў, замалёвак, успамінаў. Гэта ж Уладзімір Содаль, нястомна-праніклівы наш падарожнік, уваскрасіў, сагрэў цяпельцам нятускнай памяці, чалавечага чуцця Люцынку Дуніна-Марцінкевіча, Свіраны і Кушляны Багушэвіча, Вязынку, Бараўцы і Акопы Купалы, Карпілаўку Ядві-гіна Ш., Мігаўку Аляксандра Уласава. Гэта ж ён прыпомніў няўцям-ным менчукам ці мала першасных, пазней перайначаных на савецкі капыл, вулічных назваў іхняга стольнага горада”, – занатаваў Аляксей Каўка.
“Карпілаўка Уладзіміра Содаля – гэта цэлы майстар-клас, як трэба пісаць пра кожны куточак Беларусі, гэта ўрок сардэчнай любові да прыроды, да знакавых постацяў, гэта прыклад для вандроўнікаў і даследчыцкай працы нашай гісторыі, гэта ўрэшце, наталенне, любоцце мастацкім словам”, – напісаў Уладзімір Ліпскі.
“Добры быў чалавек! Самаадданы, шчыры, ласкавы, энцыклапедычна адукаваны, высакародны, збіральнік беларушчыны, вандроўнік, руплівец, патрыёт, добры сем’янін, мэтанакіраваны, самахвярны, чалавекалюбны, апантаны, ашчадны, разважлівы, гаспадарлівы, кемлівы, дасціпны, успрымальны, зацікаўлены, рознабаковы, пераканальны, шматстайны… Такім мне запомніўся Уладзімір Ілліч”, – напісаў Анатоль Каляда. Вось некалькі ўрыўкаў з нататкаў пісьменніка апошніх гадоў, якія ўвайшлі ў раздзелы новай кнігі “Магія мовы”, “Мая вышыванка”, “Радаводнае дрэва”.
Водар хлеба і слова
Не так даўно вядомы сталічны хлебны магазін, што на Плошчы Перамогі, атрымаў новае найменне. Цяпер ён мае назву: “Каравай”. Але не назва мяне зацікавіла, а падслуханы ля касы дыялог.
– Мне “Старажытны”, – кажа адзін.
– А мне “Траецкі”, – просіць другі.
– А мне “Чабаровы”, – гаво-рыць трэці.
А ёсць яшчэ хлеб “Беларускі”, “Нарачанскі”, “Раўбіцкі”…І гэтакі водар ідзе ад назваў! Слухаючы, як вымаўляюцца ля касы назвы розных гатункаў хлеба, падумаў: вось і нікога змушаць не трэба. У хлебнай краме ўсе гавораць па-беларуску. Сама практыка жыцця вымагае нешта рабіць.Так што не такая ўжо дробязь – найменне тавараў па-беларуску. Чым больш гэтых назваў, тым часцей будзе гучаць наша мова. Хай сабе хлебная крама “Каравай” – яшчэ і не моўны аазіс, але прыемна, што тут цэлы дзень, няспынна, ні на хвілінку не сці-хаючы, гучаць родныя назвы. І не абы якога тавару, а хлеба, нашага надзённага. Хлеб і слова заўсёды павінны быць побач. Абодва яны – вытокі нашага жыцця. У хлеба і слова – адзін водар!
Мая вышыванка
Упершыню я апрануў вышыванку ў 1961 годзе, паўстагоддзя таму. Гэта быў падарунак мне на вяселле. Пазней я даведаўся, якой ахвярай дасталася мне тая вышываная кашуля. Мая стрыечная сястра Люся вучылася тады ў Гомельскім універсітэце. З грашыма было скупа, ведама, студэнтка. І яна мусіла здаваць кроў, каб зрабіць такі каштоўны і незабыўны дарунак. Досыць часта я апранаў прыгожую вышыванку, асабліва ўлетку. Яна і напраўду, як казаў Сяргей Панізнік, халадзіць цела. Другое, вышыванка – гэта заўсёды настрой, свята, урачыстасць, годна вылучае цябе з шэрай масы. Наш трынаццацігадовы ўнук Сяржук распавёў: “Дарагую вышываначку падаравалі мне бабуля Клара з дзядулем Уладзем. Вышыванка – нацыянальная беларуская вопратка. Даўней кожны беларус меў сваю вышываначку. Яе апраналі на святы. Вышыўка на кашулі – не толькі ўкраса. Гэта яшчэ і абярэг. На грудзях маёй кашулі – дзве беечкі з арнаментам. Яны аберагаюць маю душу, даюць натхненне, а воку – аслоду і радасць.
Мой Мормаль
Сёлета сорак гадоў, як не жыву ў сваім родным мястэчку Мормаль. Жахліва падумаць: сорак гадоў маё мястэчка жыве без мяне, а я без яго. Ці думаў я, ці гадаў калісь, што так будзе, так станецца. Папраўдзе, я ніколі не збіраўся пакідаць свой Мормаль. Пасля школы адразу ж кінуўся ў вір вясковага жыцця, не разважаючы шмат, касіў сена, вазіў бульбу, працаваў на камбайне, здаваў нарыхтоўку дзяржаве. Быў загадчыкам клуба, бібліятэкі, любіў пісаць. Пісаў дзённікі, нататкі ў “Гомельскую пра-ўду”. Не раз турбаваў і менскія газеты. Пісаў і вершы. І вось, улюбёны ў сваю родную вёску, у яе будучыню, восенню 1956 года пакідаю яе, еду аж у далёкі Мурманск. З тае пары я ў Мормалі быў толькі наездамі, пераважна ўлетку. І вось сёлета, праз шэсць гадоў пасля апошняй пабыўкі, я зноў амаль усёй сям’ёй з унукамі, наведаў сваю радзіму. Калі ўбачыў былую школу на свае вочы, ногі падкасіліся – яна была ўся ў руінах, без вокнаў, з прабітымі сценамі, нібы па ёй з гарматаў стралялі. Такой мы ўбачылі яе ў 1944 годзе. Такой я яе ўбачыў у 1996-ым. Зашчымела сэрца… Як жыць людзям, кожны дзень бачачы тыя руіны? Якую аўру ствараюць яны ў Мормалі?
Чаму ў мяне так шчыміць сэрца за лёс рачулкі майго маленства? Нядаўна мне мама расказвала: калі я быў маленькі, хварэў на коклюш. Хвароба паволі забівала мяне. І тады маме падказалі занесці мяне да рэчкі, пасядзець над вадой, і кашаль адхлы-не. І яна насіла, і неяк разам з рэчкай выхадзіла мяне. То як жа мне быць абыякавым да рачулкі, якая мяне паратавала? Бруіла тысячы гадоў і раптам сканала на нашых вачах, на вачах тысячы мормальцаў…Сорак гадоў я не жыву ў Мормалі, столькі ж Мор-маль жыве без мяне. Дзеці і ўнукі мае нарадзіліся ўжо ў Менску. Але ім карціць ведаць, што гэта за Мормаль такі, пра які мы часта згадваем, сабраўшыся разам. Ён ім спадабаўся. Ім не так шчымела сэрца, як мне…
Эла Дзвінская,
На фота аўтара: у працоўным пакоі пісьменніка.