Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сонечнае і шчырае свята ў Слоніме

Сонечнае і шчырае свята ў Слоніме

9 верасня 2019, 21:23 Культура 22
Сонечнае і шчырае свята ў Слоніме

Свята беларускага пісьменства стала неад’емнай часткай духоўна-культурнай прасторы Беларусі. Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты і часопіса.

Сёлета свята беларускага пісьменства прымаў Слонім Гарадзенскай вобласці – адзін з самых старажытных гарадоў на беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця. Пачаліся ўрачыстасці 31 жніўня з адкрыцця ў г. Слоніме кнігарні “Санет”.

Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.

У рамках Дня беларускага пісьменства адбылася навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Дабрадатным агнём ад Труны Гасподняй. У рамках экспедыцыі 31 жніўня ў аграгарадку Жыровічы прашоў Крыжовы ход да Свята-Успенскага сабора. Пасля Крыжовага ходу адбылося адкрыццё капліцы ў гонар святых Пятра і Феўронні на вул. Чырвонаармейскай.

Міжнародны круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго” традыцыйна аб’яднаў беларускіх і замежных літаратараў.

У межах Дня беларускага пісьменства 31 жніўня прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні”. З прывітальным словам у адрас удзельнікаў і гасцей канферэнцыі выступілі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі і культуры, Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

 Сярод дакладаў былі агучаны такія тэмы, як “Роднае слова ў прасторы мастацкай культуры”, “Штрыхі да ўрбананімнага партрэта Слоніма” і іншыя цікавыя і актуальныя гіста-рычна-асветніцкія праблемныя палі.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі прадстаўнікі розных даследчыцкіх устаноў, Нацыянальнай акадэміі навук, ВНУ краіны, а таксама настаўнікі агульнаадукацыйных школ.

У Слонімскім драматычным тэатры адбыўся фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі i 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта штогадовы сумесны праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі і тэлекампаніі “Сталічнае тэлебачанне”, накіраваны на пошук і падтрымку таленавітай моладзі. За гады правядзення конкурс выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. Яго пераможцаў узнагароджваюць напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

У 2019 годзе ў фінал выйшлі 15 удзельнікаў у трох узроставых групах, у кожнай з якіх журы вызначыць пераможцаў. Фіналісты прачыталі творы Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Анатоля Грачанікава, Васіля Віткі і іншых вядомых літаратараў.

1 верасня першай падзеяй святочнага дня стала Боская літургія ў Свята-Троіцкім саборы.

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылася афіцыйная цырымонія ўрачыстага адкрыцця XXVІ Дня беларускага пісьменства, а таксама ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Героі тэатралізаванай пастаноўкі перанесліся разам з гледачамі ў мінуўшчыну і сустрэліся з князем Аляксандрам Солтанам, Львом Сапегам, Міхалам Казімірам Агінскім.У падарожжа па часе гасцей заваблівалі маладыя акторы Вікторыя Кадрава і Максім Шышко з Менска.

 

Адной з цэнтральных падзей свята стаў Фестываль кнігі і прэсы. Тут былі прадстаўлены кнігі-пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, кнігі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Году малой радзімы, кнігі пісьменнікаў-юбіляраў, разгорнуты тэматычныя выстаўкі, а таксама экспазіцыі вядучых рэспубліканскіх перыядычных выданняў і “СМІ Гродзеншчыны”, быў арганізаваны святочны гандаль кнігай.

У Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі было ўпершыню прадэманстравана наведвальнікам факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі. Яе разам з  іншымі рарытэтамі прывезлі ў Слонім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На выставе можна было пазнаёміцца з творамі С. Чыгрына  і іншых аўтараў, прысвечанымі Слоніму.

У рамках Дня беларускага пісьменства прайшла гістарычная квэст-праграма “Код Сапегі”.

На працягу ўсяго свята праходзілі святочныя мерапрыемствы, канцэрты, гульні на Дзіцячай пляцоўцы ў парку, свята народнага мастацтва ў Горадзе майстроў. На розных пляцоўках адбыліся майстар-класы па народным ткацтве, ганчарстве, кавальстве, лозапляценні, традыцыйнай выцінанцы і сучасных тэхніках працы з паперай.

– Мне найбольш спадабалася, што людзі пранікліся атмасферай свята, дабрыні, атмасферай беларускай мовы, няхай бы так яна гучала ў нас штодня ў крамах, у кавярнях, на вуліцах, у дзяржаўных установах, – адзначыла старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.

Адметнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала ўрачыстае адкрыццё пад гукі валынкі помніка славутаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, дыпламату і мысліцелю – Льву Іванавічу Сапегу.

Увечары на галоўнай сцэне прайшла цырымонія ўрачыстага закрыцця свята, перадача эстафеты – сімвалічнага вымпела гораду-сталіцы будучага свята (г. Бялынічы Магілёўскай вобласці) і канцэрт майстроў мастацтваў “Льецца песня па-над Шчарай”.

Э. Дзвінская.

На здымках:

  1. Помнік Льву Сапегу ў Сло-німе; 2. Адкрыццё кнігарні “Санет”; 3, 4. Тэатралізаваная пастаноўка з гістарычнымі асобамі; 5. Памятная шыльда ў гонар Міхала Казіміра Агінскага; 6. Старшыня ТБМ Алена Анісім на свяце.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У роднай школе
літаратура

У роднай школе

17 мая 2026, 09:4615
Дажынкі ў Бераставіцы
Грамадства

Дажынкі ў Бераставіцы

11 кастрычніка 2022, 16:2015
Дом, які ацалеў дзякуючы Багдановічу. Новае падарожжа Зьмітра Бартосіка — у расейскі Яраслаўль
Грамадства

Дом, які ацалеў дзякуючы Багдановічу. Новае падарожжа Зьмітра Бартосіка — у расейскі Яраслаўль

10 снежня 2018, 09:0314
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1114
Далучайцеся да нас