З 23 па 25 ліпеня 2019 года група ў складзе дзятлаўчан: трох Петрыкевічаў – Валерыя, Аляксея, Міхася і Дзмітрыя Ёды ды двух гарадзенцаў – Уладзіміра Хільмановіча і Віктара Парфёненкі на байдарках прайшлі па правым прытоку р. Нёман рацэ Бярэзіне. Падарожжа пачалі ад вёскі Бакшты, што ў Іўеўскім раёне. Тут на ўскрайку Налібоцкай пушчы кучна размясціліся вёскі: Барысаўка, Астраўцы, Пацавічы, Забярэзь, Ягадзень і непасрэдна Бакшты, нібыта сталіца гэтага краю. У Бакштах некалькі вуліц, звыш 500 жыхароў, сельсавет, лясніцтва, ФАП, школа, магазін. Берагі Берэзіны тут балоцістыя, парослыя чаротам і кустоўем, толькі там-сям да вады вядуць вузенькія сцежкі з масткамі, на 2-3 метры ўторкнутымі ў раку. Найлепшае і амаль адзінае месца для спуску сродкаў сплаву на ваду гэта на ўчастку “Лазня”. Праўда, уваход на яго тэрыторыю – толькі з дазволу гаспадара. Трава тут пакошаная, берагія тупкія, каля будынка стол, на якім можна з камфортам перакусіць перад сплавам. Шырыня ракі – 12-15 м, глыбіня каля – 1 м, вада вельмі чыстая.
З канца 19-га і да сярэдзіны 20-га стагоддзя ў Бакштах была прыстань. Па Бярэзіне ў высокую ваду невялікія буксіры цягнулі павязаныя ў плыты хвойкі з навакольных лясоў. Шлях быў да Нёмана і далей па ім у г. Гародню, Літву і Прусію. Сёння пра карабляходства памятаюць лічаныя старажылы, а калісьці ў лесанарыхтоўцы, тралёўцы да вады, вязанні плытоў, былі занятыя амаль усе дарослыя мужчыны навакольных вёсак.
На загрузку байдарак і перакус затрацілі гадзіну часу. Плынь ракі даволі хуткая, у русле ніякіх перашкод, толькі дзе-нідзе ў прыбярэжным чароце то з’яўляліся, то знікалі “масткі” і прышвартаваныя лодкі жыхароў Заберазі, Бакштаў, Ягадзеня. За апошняй вёскай Бярэзіна прымае воды свайго найвялікшага і вельмі папулярнага ў турыстаў-воднікаў левага прытока р. Іслач. Яна бярэ пачатак на схілах Менскага ўзвышша, побач са сталіцай Беларусі і вызначаецца крынічнай халоднай і вельмі чыстай вадой. Да сённяшняга дня ў Іслачы водзіцца чырвонакніжная стронга.
Злучыўшыся з Іслаччу Бя-рэзіна становіцца значна шырэйшай і глыбейшай. Неўзабаве мож-на ўбачыць пару хатаў хутара Пя-тухова, а прыкладна праз гадзіну ходу вясковыя пабудовы віднеюцца на абодвух берагах ракі. Назва гэтага ўрочышча і пасялення – Паташня.
Паташ (па-галандску – potasch, гаршчковы попел) – шчолачная соль (вуглекіслы калій К2СО3), атрыманая з расліннага попелу. Выкарыстоўваўся для вырабу шкла, мыла, фаянсавай палівы, мыцця воўны, ачысткі сукна, адбельвання і фарбавання тканінаў, у кандытарскай вытворчасці, фармацэўтычнай справе і інш.
Паводле гістарычных крыніц вытворчасць паташу ў Еўропе пачалася ў 12-13 стагоддзях, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі на пару стагоддзяў пазней. На заходніх рынках беларускі паташ лічыўся адным з лепшых па якасці і карыстаўся вялікім попытам. Сва-йго росквіту паташныя промыслы дасягнулі ў 18 стагоддзі.
Паташні (буды) дзейнічалі пераважна ў Магілёўскай і Менскай губернях і належалі князям Радзівілам, Любамірскім, графам Патоцкаму і Салагубу, абшарнікам Горвату і Славінскаму ды многім іншым.
На пачатку 19 стагоддзя толькі ў Менскай губерні штогод выраблялася 50-60 тысяч пудоў паташу. Пра геаграфічнае пашырэнне паташнага промыслу сведчылі звесткі тапанімікі: шэраг вёсак меў назвы Буда, Буда Паташовая ці проста Паташня, як на нёманскай Бярэзіне. Сыравінай для вытворчасці паташу служыў драўляны попел хваёвых і лісцевых пародаў дрэваў, зрэдку травяны (з папаратніку, асакі). Усяго гэтага хапала на берагах Бярэзіны. Пасля некалькіх стагоддзяў вытворчасці ў раёне сучаснай Паташні лес “адышоў” ад берагоў ракі на значныя адлегласці.
Таварны паташ быў вельмі гіграскапічны, таму яго зашпунтоўвалі і перавозілі ў бочках. Па якасці быў двух гатункаў: лепшы – ардаш, перлаш і горшы – вайдаш, смальчуг.
З развіццём фабрычнай вытворчасці і змяншэння колькасці лясоў, паташная вытворчасць паступова заняпала. У Беларусі, у прыватнасці на Бярэзіне, паташны промысел знік толькі ў пачатку ХХ стагоддзя.
Рабочыя на паташнях падзяляліся на некалькі прафесіяў, з іх асноная папеляры (выпальвалі попел у ямах, кучах), клёпачнікі – нарыхтоўвалі клёпкі для бочак, карытнікі (вышчалочвалі попел у карытах, чанах), палівачы (выпарвалі шчолач (луг) у печы-гарцы) і дапаможныя – возчыкі, конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі. Існавала і агульная назва рабочых на паташнях – буднікі. Для некаторых беларусаў гэтая назва ператварылася ў прозвішчы.
Гатовую прадукцыю з бярэзінскай Паташні зручна было дастаўляць па Бярэзіне і Нёмане ў Прусію, дзе яе ахвотна скуплялі еўрапейскія купцы.
Хутка за Паташняй лес шчыльнай сцяной падступае да самай вады. Амаль на 90 адсоткаў гэта дрэвы лісцевых пародаў. Векавыя клёны, ліпы, бярозы, вязы, ясчені, вольхі месцамі схіляюцца да самай вады. Мы толькі шкадавалі, што ліпа тыдні тры як адцвіла, а так мелі б асалоду дыхаць водарам ліпавага цвету, фантазіравалі, як прыгожа будзе выглядаць рака ў кастрычніку, “залатой” восенню, нават марылі пра падарожжа ў гэтую пару года.
Задумаўшыся, амаль не праскочылі пратоку, якая злучае левы бераг ракі са старыцай. Яна называецца Чорным возерам. Даўжыня яго звыш кіламетра, шырыня – 40-50 метраў, даволі глыбокае з чыстай вадой, багатае рыбай, сухія, высокія берагі, калісьці аблюбаваныя партызанамі, а ў наш час рыбакамі і турыстамі воднікамі. Яшчэ адна адметнасць возера – гэта сотні найпрыгажэйшых, беласнежных, вялікіх чырвонакніжных гарлачыкаў. Нажаль, усе лепшыя месцы для бівака былі ўжо занятыя, і мы, налюбаваўшыся дзівоснымі белымі кветкамі, сплавіліся яшчэ на некалькі кіламетраў ніжэй. Спыніліся на высокім левым беразе каля часовай турысцкай лазні. Гэта канструкцыя з арэшын, выгнутых дугой, абцягнутых поліэтыленавай плёнкай. Месца прыгожае, абжытае, прасторнае, з абсталяваным вогнішчам і вялікім запасам дроў. Лазняй мы не карысталіся. Пасля вячэры, пры вогнішчы абмяркоўвалі вынікі першага дня, слухалі і спявалі песні пад гітару. Тон задавалі Зміцер Ёда і Уладзімір Хільмановіч. Спаць леглі позна, але сон быў валатоўскі.
Другі дзень сплаву пачаўся з водных працэдураў і сняданку. Рака прадоўжыла радаваць найцудоўнейшымі краявідамі, якія непаўторна мяняліся за кожным паваротам. Дзень выдаўся цёплы і сонечны. Пасля вусця правага прытока р. Чапунькі Бярэзіна робіць дзве вялізныя пятлі. Праплыўшы 2-3 км вярталіся туды, дзе былі паўгадзіны таму назад. Такую пятлю можна абмінуць, калі прайсці пешшу і перанесці байдаркі праз лес метраў 100, але ж мы – турысты-воднікі, і навошта нам той “волак”.
Населеных пунктаў на рацэ мала, але калі на берагах з’яўля-юцца прывязаныя лодкі, то гэта значыць, што за дрэвамі прытаіліся хаты невялікіх вёсачак: спачатку Малой Чапунькі, а пасля – Мільвы-Бярэзіны. За мостам у гэтай Мільве, на правым беразе, віднеецца аграсядзіба, ад яе да возера пабудаваны драўляны памост-прыстань, напагатове на стэлажах захоўваюцца каякі і байдаркі, якія, напэўна, можна арандаваць.
Апошняя вёска на маршруце – Наберажная, на левым беразе ракі прыкладна 3 км да яе вусця. Гэта ўжо Наваградскі раён. У вёсцы шмат дачнікаў. Два разы на тыдзень ходзіць аўталаўка.
На другі начлег спыніліся на высокім правым беразе, перад самым упадзеннем Бярэзіны ў Нёман, каля навеса са сталом і лаўкамі, вогнішчам і прыбіральняй. Дзякуй леснікам! Тут раздолле і для рыбакоў. Нашы “штатныя” аматары гэтай справы Зміцер Ёда і юны Міхась Петрыкевіч амаль голымі рукамі злавілі пару дзясяткаў язёў, плотак, акунёў, забяспечыўшы наварыстую юшку. Пры вогнішчы зноў спявалі песні, дзяліліся ўражаннямі, будавалі планы.
У апошні, трэці дзень, спалі доўга, але не ўсе. Рыбакоў пацягнула да сваёй справы і зноў паспяхова. Позна паснедаўшы і ўдоваль накупаўшыся, выправіліся ў апошні кароткі пераход, але ўжо па Нёмане і супраць плыні. Сутока Бярэзіны і Нёмана – месца вельмі прыгожае, абедзве ракі амаль аднолькавай шырыні, толькі нёманская вада значна мутнейшая. Адразу паварочваем налева і прыціскаемся да берага. Тут плынь слабейшая. Да канцавога пункта нашага маршруту, в. Дзяляцічы, прыкладна 4 км. Працуем вёсламі актыўна, “сушыць” іх не выпадае. Каб перадыхнуць, трэба абавязкова зачальвацца да берага. Праўда, любавацца асабліва няма чым. Лес адступіў на пару кіламетраў ад ракі. Нёман нясе свае воды па шырокай лугавой пойме, па берагах чарот, асака, кустоўе, зрэдку дзе-нідзе купка алешніку. Больш за гадзіну актыўнай працы, і мы ў Дзяляцічах. Гэта вёска вялікая, калісьці была шматлюдная, мае некалькі вуліц, царкву, магазіны, летам у ёй шмат дачнікаў.
Прасушылі рыштунак, зрабілі экскурсію ў цэнтр Дзяляціч, пагутарылі з вяскоўцамі і дачнікамі і на падышоўшым аўтатранспарце рушылі ў старажытную Любчу, былы раённы цэнтр. У сярэднявеччы Любча мела Магдэбургскае права, свой герб, мураваны замак, які цяпер аднаўляецца на-раджэнцам гэтых мясцін спадаром Пячынскім.
Менавіта каля сцен гэтай цытадэлі мы і спыніліся, агледзелі яе, палюбаваліся краявідамі, якія адкрываюцца з замкавай гары на р. Нёман і Налібоцкую пушчу.
У Любчанскай школе ёсць і цудоўны краязнаўчы музей, створаны апантаным краязнаўцам Міхаілам Карповічам, які па колькасці і вартасці экспанатаў не ўступае многім раённым музеям Беларусі, экспазіцыя яго займае некалькі пакояў. У нас, нажаль, не хапіла на яго часу.
Тры дні на маршруце праляцелі імгненна, палюбаваліся прыгажосцю родных краявідаў, паглыбілі веды па гісторыі і тапаніміцы, убачылі расліны з Чырвонай кнігі, пераканаліся, што ў нашых рэках ёсць яшчэ рыба і што ўсё гэта трэба берагчы для нашчадкаў, загартаваліся фізічна, прыйшлі да высновы: каб адпачыць, зусім не абавязковы той бераг турэцкі ці Канары.
Валеры Петрыкевіч, турыст-воднік з паўвекавым стажам, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.
P.S. З шасці ўдзельнікаў вандроўкі чацвёра – сябры ТБМ. Паход прысвяцілі Дню беларускага пісьменства ў г. Слоніме.