Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Іркуцкі беларускі клуб “Крывічы” ў Магілёве

Іркуцкі беларускі клуб “Крывічы” ў Магілёве

26 жніўня 2019, 20:58 Культура 20
Іркуцкі беларускі  клуб “Крывічы” ў Магілёве

Цудоўная вечарына пры чынным удзеле Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ прайшла ў магілёўскім мастацкім музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі 31 ліпеня. Беларусы з Іркуцка – Алег Рудакоў і Вольга Галанава з этнаклуба “Крывічы” прадставілі праграму “Песні і танцы беларусаў Іркуцкай вобласці”.

Унікальны творчы калектыў, гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, заснаваны ў 2009 годзе з ініцыятывы вядомага лідара беларусаў Іркуцкай вобласці Алега Рудакова і Вольгі Галанавай, якая і стала натхняльніцай і кіраўніком гурта.

Раней у Прыбайкаллі беларуская песня гучала ў шматлікіх вёсках, заснаваных перасяленцамі. Цяпер “старую” песню пачуць можна толькі зрэдку. Удзельнікі гурта вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам, якія выконваюць у старажытнай манеры спеву продкаў-беларусаў. Матэрыял быў запісаны падчас этнаграфічных вандровак па вёсках Прыбайкалля, заснаваных беларускімі перасяленцамі ў пачатку ХХ стагоддзя (1902-1912 гг.).

Усе дзяўчаты – удзельніцы гурта “Крывічы” нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні. Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, у тым ліку на фестывалі мастацтваў беларусаў свету.

Алег вельмі цікава і падрабязна распавёў гісторыю свайго шляху да беларускасці, пра стварэнне суполкі беларусаў у Іркуцку, пра этнаграфічныя экспедыцыі па ўнікальных беларускіх вёсках Сібіры. Аказваецца, у сібірскіх вёсках дасюль гавораць на добрай беларускай трасянцы і захоўваюць у куфрах традыцыйныя строі.

Дзякуючы дзейнасці гэтага чалавека беларускае жыццё ў далёкім Прыбайкальскім краі віруе напоўніцу. Іркуцкае таварыства беларускай культуры існуе ўжо болей за 13 год. Арганізацыя працуе па 20-ці розных напрамках, у тым ліку займаецца правядзеннем нацыянальных абрадавых святаў, рэканструкцыяй нацыянальных старажытных беларускіх строяў, адраджэннем беларускіх рамёстваў, вывучэннем беларускіх бытавых танцаў, праводзіць этнаграфічныя вандроўкі па прыбайкальскіх вёсках. Таварыствам створана 11 аддзяленняў па розных гарадах Іркуцкай вобласці. Нездарма ў мясцовых сродках масавай інфармацыі пачалі гаварыць пра тое, што ў Іркуцку вядзецца нейкая “экспансія” беларускай культуры.

Ну а майстар-клас па танцах увогуле быў неверагодны – магілёўскія аматары патанчыць развучылі некалькі новых вясёлых танцаў, якія захавалі беларусы за шэсць тысяч кіламетраў ад сваёй Радзімы.

Вялікі дзякуй музею Бялыніцкага-Бірулі і асабіста яго дырэктарцы Святлане Строгінай за цёплы прыём і дапамогу ў правядзенні вечарыны!

Н.М. Шэмянкова,

   г. Магілёў.

Фота: Алесь Сабалеўскі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Далучайцеся да нас