• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 18 мая 2022
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Да 30-годдзя ТБМ. ДАРОГУ АДОЛЕЕ ТОЙ, ХТО ІДЗЕ

Да 30-годдзя ТБМ. ДАРОГУ АДОЛЕЕ ТОЙ, ХТО ІДЗЕ

26 жніўня 2019, 20:41 ТБМ 12
Да 30-годдзя ТБМ. ДАРОГУ АДОЛЕЕ  ТОЙ, ХТО ІДЗЕ

ГАЗЕТУ “НАША СЛОВА” ЧЫТАЮ ПАСТАЯННА. А ВОСЬ НАПІСАЦЬ, ПАДЗЯЛІЦЦА ІНФАРМАЦЫЯЙ ПРА ДЗЕЙНАСЦЬ НАШАЙ, УШАЦКАЙ РАЁННАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ, ВЫРАШЫЛА ТОЛЬКІ ЦЯПЕР. ДАТА Ж САПРАЎДЫ АДМЕТНАЯ -30 ГОД.

 

Яшчэ, калі  ў 70-х гадах пачала працаваць ва Ушацкай раённай  газеце, узяла сабе за правіла кожны матэрыял пісаць толькі па-беларуску, хаця на старонках нашага “Патрыёта” ў той час вольна гулялі рускамоўныя лозунгавыя артыкулы і пастановы, а напалову і карэспандэнцыі. Мае калегі Пётр Пратасевіч і Мікалай Лісічонак, якія прыстойна пісалі па-беларуску, у хуткім часе памянялі месца жыхарства. Прыходзілі новыя супрацоўнікі, якія таксама паступова пераходзілі на родную мову. А з-за таго, што ў нас у далейшым, як нідзе, рэдактары мяняліся кожныя пяць гадоў, то ім не выпадала  ўводзіць свае парадкі, перацягваць крэн у бок рускай мовы. Так і атрымлівалася развіццё роднага слова: пакрокава, паслоўна. 

З утварэннем нашай  Ушацкай раённай арганізацыі  ГА “ТБМ” на самым пачатку дзейнасці  мне прыйшлося ўзначаліць яе. У склад таго спісу ўдзельнікаў увайшлі, канешне, перш за ўсё настаўнікі роднай мовы, а таксама культработнікі, з якімі ў мяне былі ўжо знаёмствы. Як і ўсюды, у той час, адчувалася  дапамога работнікаў райвыканкама. Асабліва з боку кіраўніка справамі выканаўчага камітэта  з дыпломам настаўніка нямецкай мовы  Яўгена Гарановіча ды інспектара РАНА, па адукацыі – настаўніцы беларускай мовы і літаратуры,  Галіны Басак… 

Я вяла тады ў рэдакцыі аддзел пісьмаў і работы з аўтарскім актывам. Калі наладжвала пасяджэнні грамадскіх карэспандэнтаў, то прыцягвала і актыўных аматараў роднай мовы. Та-му такія нашы сустрэчы ператвараліся ў размову як пра селькораўскі рух, так і пра развіццё роднага слова ў друку…

Свой глыбінны ўнёсак у справу адраджэння нацыянальнай самасвядомасці зрабілі раённыя, а часам і абласныя святы літаратуры і мастацтва, якія доўгі час штогод наладжваліся ва Ушачах. Як толькі наступала лета, дык загадчыца аддзела культуры райвыканкама Таццяна Малак тэлефанавала са словамі:

– Давай сустрэнемся, абмяркуем сцэнар і  дамовімся, каго будзеш запрашаць з пісьменнікаў.

Запрашала перш за ўсё сваіх сяброў-літаратараў з суседніх раёнаў. Спачатку іх прыязджала больш, а потым пачалі гаварыць прама: маўляў, няма за што і ехаць. Але хто гарэў жаданнем данесці да слухачоў роднае слова, сваю паэзію, той знаходзіў магчымасць. Як, напрыклад, Алесь Жыгуноў з Глыбокага. Транспартныя зносіны паміж нашымі раёнамі былі такімі, што даводзілася дабірацца праз Полацк. Дык вось мой тадышні сябрук (датуль, пакуль нас не раз’яднаў невядома каму патрэбны падзел пісьменніцкага Саюза), ён прызвычаіўся прыязджаць на сваім ровары. Апранае спартыўны касцюм – і дзясяткі кіламетраў па пыльнай дарозе. У нас пераапранецца –  і на імправізаваную  сцэну ў скверы. Яго і праз гады прыгадваюць ушачане як годнага паэта. Памятаю, як на такое свята трапіў мой брат, вайсковы падпалкоўнік, які шмат гадоў жыве ўдалечыні ад Радзімы, а час ад часу наведваецца дадому. Калі Алесь чытаў верш пра Беларусь, – заўважыла, як Дзмітры змахнуў скупую мужчынскую  слязу: зашчыміла сэрца…  

 

НАШЫ  “РАДАЎЦЫ”

 

Памятаю, як жыла сваім прадметам настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жарскай васьмігодкі, сябра нашай раённай рады Вольга Маёрга. І вельмі шкада было пазней, што яна ад’язджала на Радзіму мужа: яе чакала незнаёмае Коста-Рыка. Праўда, калі наведвалася раз-пораз летам на Ушаччыну, то заходзіла ў рэдакцыю, расказвала, як уладкавалася. І мне прыемна было паведамляць нашым актывістам ТБМ аб усім гэтым. А, між іншым, там, у чужым краі, дзе, па яе словах, у грамадскім транспарце нават невядомаму ўсміхаюцца проста так, каб стварыць яму настрой, дзе ў дамах няма ніякіх дываноў на сценах (а ў нас тады яны  былі галоўнай прыкметай дабрабыту), дзе за малым выключэннем жанчыны займаліся адно толькі выхаваннем дзяцей і стварэннем атмасферы ўтульнасці ў доме, а мужчыны дбалі пра матэрыяльнае… У тым краі, дзе дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры быў, канешне, незапатрабаваны, наша зямлячка ўсё роўна была шчаслівая ад сваёй прыналежнасці  да   кагорты заўзятых беларусістаў, да любай Радзімы.

Галоўны аграном саўгаса “Глыбачаны” Яўген Аксяновіч быў тады таксама сябрам раённай рады. Бывала, зробіць немагчымае: прыедзе нават і ў разгар сельгасработ на наша паседжанне  за сорак кіламетраў, каб пабыць у атмасферы нацыянальнага духу, роднага слова. І на доўгія гады захоўвае прагу “чыркануць” нешта ў газету. Не толькі аб сельскагаспадарчым, але і літаратурным: то пра новую кнігу знаёмага беларускага літаратара, то нават пра канкрэтны цікавы  верш вядомага пісьменніка. І заўсёды – на сакавітай роднай мове.

Настаўніца, а пазней намесніца дырэктара Ільюшынскай школы  Ірына Казачонак таксама актыўна далучылася да нашай ТБМ-аўскай суполкі, была абрана ў раённую раду. А пазней – і дэлегатам 2-га  з’езда ТБМ. Перада мной – пажоўклая “Выпіска  з пратакола рэгіянальнай канферэнцыі Таварыства беларускай мовы” ад 4 чэрвеня 1991 года, якая сведчыць аб гэтым. Тады мы і накіраваліся з Ірынай Сяргееўнай у Менск. Колькі ў яе было ўражанняў ад той паездкі, колькі прагі яшчэ лепш служыць роднаму беларускаму слову. А пазней яна прымала ў сябе ў школе на мерапрыемстве да дня нараджэння Е. Лось нас з дачкой, якая спявала беларускія песні, а я расказвала пра тое цікавае, што ведала аб вядомай паэтэсе ад яе родных. І гэта была не апошняя такая сустрэча.

Немалую лепту ў адраджэнцкую дзейнасць унеслі  культработніцы Ірына Урбан, Зінаіда Жарнасек, Соф’я Тарасеня, Галіна Жаланкоўская, Людміла Прасвет.

ІНФАРМАВАННЕ  –  ВАЖНЫ АСПЕКТ

 

Яшчэ калі не ўтваралася ТБМ,  мне даводзілася наладжваць выпускі літаратурнага аб’яднання пры нашай “раёнцы”. Перыядычна старонка  “Неруш” змяшчала  навіны пра поспехі  творцаў-землякоў, а таксама спробы пяра жыхароў раёна, якія такім чынам удасканальваліся ў сваім захапленні прыгожым пісьменствам. Гэтыя літаратурныя выпускі карысталіся  (карыстаюцца і цяпер) папулярнасцю ў жыхароў нашага раёна. Са стварэннем раённай арганізацыі ТБМ падалося мэтазгодным “Неруш” назваць старонкай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы і літаратурнага аб’яднання. Я тут змяшчала інфармацыю аб дзейнасці грамадскага аб’яднання ў Менску, Віцебску (была тады сябрам абласной рады ТБМ) і, канешне, нашага раёна. А больш за ўсё ўдзяляла ўвагу  жывым матэрыялам з месцаў, якія ўзвышалі  роднае слова, пераконвалі  ў неабходнасці  не губляць гэты нацыянальны скарб.

Захаваліся некалькі экзэмп-ляраў газеты 1999 года з выпускам “Нерушы”. На  красавіцкай старонцы інфармуецца, што ў Менску ў Доме літаратара адбыўся 6-ы з’езд ТБМ.  “Вялася зацікаўленая размова пра тое, што наша родная беларуская мова нават ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя знаходзіцца ў загоне ў параўнанні з рускай”. Тэзісна прыводзіцца сутнасць прынятай на з’ездзе Заявы “Аб адносінах ТБМ да выканання “Закона аб мовах”.

Тут жа ў  матэрыяле “…І на роднай мове” – пра паседжанне дзіцячай літаратурнай гасцёўні “Кры-нічка” раённага аб’яднання пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі, весці якую на грамадскай аснове мяне тады папрасілі. Цікава самой чытаць некалі напісанае:

“Люда Свідзінская са Старасельскай СШ раней пісала на рускай мове. Цяпер у яе атрымаўся шчыры верш на беларускай і пра беларускую мову… Аня Выдрына ўсяго чатыры гады як вучыцца ў Глыбачанскай СШ, прыехала з Расіі. Але яна прачытала свой вершык на беларускай мове. Вельмі добра… Так. Трэба любіць Пушкіна. Але несці з сабой і павагу да мовы сваёй зямлі, свайго краю”.

На гэтай жа старонцы – здымак прыгожай дзяўчыны Рыты Сляпухі з сельскай школы і подпіс пра тое, што   яна любіць розныя прадметы, у тым ліку і беларускую мову, якую выкладае Тамара Чумакова. Дарэчы, былая школьніца пазней стала афі-цэрам міліцэйскай сферы, а любоў да роднага слова нясе па жыцці і сёння.

Лістападаўскі выпуск “Не-рушы” таго ж, 1999 года, пачынаецца  матэрыялам “Жыццё трагічнае, кароткае” пра паэта  Сяргея Ракіту, дзядзьку С. Законнікава. Не памятаю ўжо, адкуль набыла столькі падрабязных звестак пра героя свайго аповеду…

Прыгадваю ў выпусках старонкі “Нерушы” тых гадоў  карэспандэнцыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама аповеды пра іх. Памятаю сваю замалёўку на паўстаронкі пра яркую выканаўцу  беларускіх прыпевак Варвару Бучынскую, карэспандэнцыі пра дзейнасць  выкладчыцы курсаў роднай мовы ў міліцыі Наталлі Корань, кіраўніка літаратурна-краязнаўчага гуртка “Дэбют” у Касарскай школе Алену Тарасевіч. Некалькі разоў акцэнтавала ўвагу на Зінаідзе Гуськовай з Дубраўскай школы, якая вяла ў сябе літаратурны гурток на роднай мове. У  хуткім часе яна стала дырэктарам гэтай установы, працягвала  прывозіць на абласныя і раённыя літаратурныя святы ва Ушачы  дзяцей, аўтараў вершаў.

У 2004-м нашы чытачы даведаліся пра 15-годдзе ТБМ, выхад газеты “Новы час”,  выдадзены  “Вушацкі словазбор” Р. Барадуліна, шырокае святкаванне 80-годдзя В. Быкава, новыя вершы паэтаў-землякоў Міхася Мірановіча і Генадзя Аўласенкі, пра дзейнасць філіяла Літаратурнага музея П. Броўкі ў Пуцілкавічах…

У 2008 годзе старонка “Неруш” у нашай  газеце была яшчэ су-меснай: ТБМ і літаратурнага аб’яднання, а ў наступным – ужо толькі  літаратурнай…

Але дзейнасць раённай арганізацыі ТБМ працягвалася. Кожны з актывістаў настойліва і пераканана нёс па жыцці, перадаваў маладзейшым  гарачую прыхільнасць да роднага слова. Сваю лепту ўносілі педагогі. І  літаратурная творчасць ушачынцаў развівалася ў беларускім напрамку. Раённая газета па-ранейшаму высока несла, нясе і цяпер хараство роднага слова нашым чытачам.

Сёлета, як і раней, Віцебская абласная арганізацыя ТБМ, на гэты раз – праз грунтоўны, на высокім прафесійным узроўні разгляд пытання  яе кіраўніком, педагогам і навукоўцам Юрасём Бабічам, – падвяла вынікі агляду-конкурсу мясцовага парыядычнага друку адносна ўжывання беларускай мовы. У ліку трох раённых рэдакцый – наша ўшацкая заняла першае месца, бо амаль стопрацэнтна – беларускамоўная. Роскід выкарыстання роднага слова ў перыёдыцы, аказваецца, значны. І гэта праблема, лічу, можа быць папраўлена як ідэалагічнымі службамі, так і канкрэтнымі журналістамі ў кожнай кан-крэтнай газеце, сапраўднымі аматарамі беларускасці. Калі такія, канешне, знойдуцца. Абыякавасць “знізу” нічога не зрушыць з месца. І наадварот.

Прывяду такі прыклад. Некалькі гадоў назад да нас у рэдакцыйны калектыў прыйшоў працаваць Дзмі-тры Раманоўскі – пасля скарачэння штату ў райвыканкаме. І адразу стаў пісаць карэспандэнцыі на добрым узроўні, прычым, толькі на роднай мове. Пазней быў прызначаны га-лоўным рэдактарам нашай раённай газеты. Мы, вопытныя, не нарадуемся. Годны пераемнік…

А што некаторыя рэдактары раённых і абласных газет больш хінуцца да рускай мовы – гэта таму, што лічаць: такім чынам прыцягваюць чытача. Але ж наш “Патрыёт”на працягу доўгіх гадоў  – адзін з лепшых у краіне па падпісцы.

 

НОВЫМ  СКЛАДАМ

 

Час ідзе, усё мяняецца. Наспела неабходнасць  у нашай раённай арганізацыі ТБМ перагледзець спіс. І якраз год назад, у ліпені 2018-га гэта адбылося. На  сходзе пераабралі кіраўнічы склад. Касцяком сталі даўнія сябры-аматары літаратурнай творчасці, людзі розных прафесій. А галоўнае – аўтарытэтныя ва Ушачах людзі. Мне зноў даверылі кіраўніцтва раённай арганізацыі. У дапамогу намеснікам старшыні была абрана Ніна Цімафеева, урач па прафесіі, даўняя аматарка роднага слова. Пра многія навінкі беларускай літаратуры даведваемся ад яе. Калі бывае ў Менску, то не абыходзіцца без наведання кніжных магазінаў. І тады чытаем набытыя ёю навінкі, абмяркоўваем, узбагачаемся. Ніна Фёўдараўна -чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Яшчэ сябрам рады стаў Сяр-гей Каранеўскі, спецыяліст  па тэхніцы бяспекі, аматар паэзіі.

На працягу многіх год  без яго беларускіх экспромт-пасвячэнняў не абыходзілася ні адно свята, ні адзін юбілей хлебаробаў сельгаспрадпрыемства “Ільюшынскае”. А як ведае літаратуру  старшыня рэвізійнай камісіі нашай раённай арганізацыі Генадзь Ларчанка! Праблема са зрокам не перашкаджае яму шмат  чытаць, аналізаваць, дзяліцца не толькі развагамі пра творы, але і наконт нашага паўсядзённага жыцця.

У свае шэрагі прынялі і ўрача Аляксандра Праніка, які некаторы час працаваў ва Ушачах, а цяпер раз-пораз наведваецца, каб аднавіць бацькоўскую хату.  Як ён спявае беларускія песні пад гітару! Радаваў ушачан на маёй вечарыне, на літаратурнай імпрэзе Міхася Мірановіча, на малой радзіме фізіка і лірыка Генадзя Броўкі ў пасёлку Мірны…

Больш за дваццаць гадоў, пакуль я працавала (спачатку – па сумяшчальніцтву) кіраўніком народнага клуба творчых сустрэч “Му-за”, які стварыла пры РДК (пазней – раённы цэнтр культуры і народнай творчасці), гэтыя мае сябры ўдзельнічалі ў самых  розных мерапрыемствах. Неслі ўшачанам і жыхарам іншых месцаў  любоў да ўсяго роднага, непахіснага, вечнага. А найперш-да беларускага слова. Менавіта на  сваёй мове пісаліся сцэнарыі, гучалі вершы і песні.

І цяпер гэтую справу пра-цягваем.  

Нядаўна наша раённая арганізацыя ТБМ  наладзіла сустрэчу з земляком, кіраўніком грамадскага аб’яднання “Садружнасць ветэранаў-ракетчыкаў” са Слуцка – Паўлам Пугачом. Ён – даўні аўтар раённай газеты, піша пра цікавыя аспекты сваёй былой ваеннай службы,  удзел ва ўвекавечанні  яркіх прадстаўнікоў касманаўтыкі, якія жылі ў іх горадзе, пра сваю любоў да малой радзімы. І  сустрэча была цікавай ды пазнавальнай. Пасля гэтага наш госць заспяшаўся разам з сынам па родных месцах, перш за ўсё – па вёсках Рагазіна, Адворыца, Капцы. А мне замовіў тры экзэмпляры новай кнігі “Тапчу зямное каблучком”. Раней набыў пяць зборнікаў “Не спужайце снегіра…” Калі спытала, навошта, адказаў: “Буду дарыць сваім сябрам-ракетчыкам. Хоць яны ў асноўным служылі ў Расіі, але няхай прывучаюцца да беларускай літаратуры”…

У лютым мы правялі конкурс вершаў і кароткай прозы да Міжнароднага дня роднай мовы. Адзначылі перш за ўсё свайго сябра Пятра Гарадзецкага, слесара па прафесіі, за абразок, які хочацца прывесці на заканчэнне:

“ЧАЛАВЕЧАЕ – ПРАЗ МОВУ

Пасля таго як мая маці пайшла з жыцця, доўгі час адчуваў, што нечага мне не хапае. Аднойчы на прыпынку аўтобуса я пачуў выраз:”Чаго глядзіш, нібы сабака на пасеі?”Маё сэрца страпянулася, бо гэты выраз я неаднойчы чуў ад мамы, яна ж растлумачыла мне яго сэнс. Маўляў, гэта азначае: ой, колькі яшчэ чакаць, столькі часу пройдзе, і то яшчэ можа нічога не будзе, чаго чакаеш… Я гатовы быў кінуцца з пацалункамі да бабулі, якая гэта вымавіла, бо ў імгненне зразумеў, што мне не хапае матулінай мовы. Не хапае срэбразвоннай крынічкі, якую я чуў з маленства, праз якую знаёміўся са светам, у якім з’явіўся.

Да мяне раптам прыйшло разуменне, што ўсё чалавечае, што ёсць у кожным, з’яўляецца  да нас праз мову.

Пётр Гарадзецкі,

аграгарадок Арэхаўна”.

Галіна Варатынская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Актывісты ААСБМ імя Ф. Багушэвіча выступілі ў навучальных установах
Мова

Актывісты ААСБМ імя Ф. Багушэвіча выступілі ў навучальных установах

11 сакавіка 2022, 21:4320
Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый  Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў
Грамадства

Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў

17 студзеня 2022, 21:5820
Народны паэт будзе ўшанаваны ў нацыянальнай скарбніцы
Навука

Народны паэт будзе ўшанаваны ў нацыянальнай скарбніцы

17 лютага 2022, 13:4619
“Наша слова” на паперы выйдзе не скора
Грамадства

“Наша слова” на паперы выйдзе не скора

11 мая 2022, 18:4519
Далучайцеся да нас