Home
ТБМ

СЛОЎКА ДА СЛОЎКА, ЯК НІТКА ДА НІТКІ

СЛОЎКА ДА СЛОЎКА, ЯК НІТКА ДА НІТКІ

У нясвіжскім дзіцячым садку “Караблік дзяцінства” запрацаваў міні-музей ткацтва. Гэта азначае, што ў дадатак да беларускамоўнай групы і гуртка “Роднае слоўка” тут з’явіўся  яшчэ адзін асяродак выхавання на роднай мове. “НС” разам з сябрамі мясцовай арганізацыі ТБМ шчыра вітае пачынанне і мае намер інфармаваць, як добрая ідэя “працуе”на карысць дзяцей і іх бацькоў, а найперш – роднага слова  ды прафесійна натхняее супрацоўнікаў ус-тановы.

Акуратная, выкладзеная пліткай дарожка вядзе выхаванцаў і гасцей   садка  да невялічкага доміка, дзе размясціўся музей “Сінявокі лянок”. Злева пры дарожцы – льняныя міні-палеткі. Сінявокі даўгунец ужо адцвіў, і зялёныя галоўкі прыветна схіляюцца перад наведвальнікамі музея, гасцінна запрашаючы дакрануцца да  матэрыяльнай і духоўнай культуры  продкаў. У цэнтры музея, заняўшы сваё пачэснае месца, стаяць кросны – ткацкі станок, тое, без чаго не маглі з’явіцца  ручнікі і посцілкі, спадніцы і кашулі, абрусы і коўдры ды іншыя рэчы з ільну. Утульна размясціўшыся на крэселцах, выхаванцы адразу здагадаліся, што размова пойдзе пра ручнікі і фартушкі, бо гэтыя рэчы размяшчаліся на куфры і прыцягвалі  іх позіркі  яркімі фарбамі вышыванак.

Пераканаўшыся, што ўсім гледачам зручна і ўтульна, Станіслава Георгіеўна Вальчык – кіраўнік гуртка “Роднае слоўка” і экскурсавод  музея – з вялікай пашанай па чарзе брала ў рукі ручнікі і расказвала пра іх гісторыю.  Вёўся аповед пра  ролю ручніка ў жыцці чалавека ад яго нараджэння і да апошняга дня. Дакрануўшыся тварыкамі да ручніка, дзеці змаглі адчуць цеплыню і мяккасць тканіны, якою ўхутвала бабка-павітуха народжанае  немаўлятка, даведаліся, што ручнік вымяраўся не ў метрах, а ў локцях і павінен быць даўжынёй 3-4 локці. Цікаўныя паспрабавалі нават памераць яго даўжыню.

Ручнік дапамагаў гадаванцу рабіць першыя крокі, а свавольнік, пасля пакарання мокрым ручніком доўга пачухваў задняе месца.

Маладыя дзяўчаты  рыхтавалі сабе пасаг, не менш як дваццаць сатканых і вышытых ручнікоў. Калі дзяўчына не жадала выходзіць замуж за хлопца, які прыслаў сватоў, то давала адмову схітрыўшы, што яшчэ не нарыхтавала 20 ручнікоў. Адзін з выхаванцаў выканаў ролю жаніха: яму павязалі ручнік – знак згоды дзяўчыны стаць ягонай жонкай.

Апошні жыццёвы шлях чалавека таксама не абыходзіўся без ручніка: праз акно дома ён апавяшчаў, што ў хаце памерлы, ручнік абавязкова клалі ў  труну, на ручніках апускалі дамавіну ў магілу.

Не менш цікавай была гісторыя пра святочны фартушок, якому, па словах Станіславы Георгіеўны, сто гадоў. Гэта сапраўдны шэдэўр! Яркія ўзоры так зачарвалі сваёй прыгажосцю дзяцей,  што ім захацелася дакрануцца да  чырвоных руж і спелых вішанькаў. Яшчэ з большай пашанай і замілаваннем дзеці разглядалі той фартушок, калі даведаліся, што гаспадыня вышывала яго ў перапынках паміж работай па гаспадарцы ці ў полі, а найчасцей вечарамі, пры святле газоўкі, ціхенька спяваючы калыханку маленькай дачушцы.

Экскурсія завяршаецца. А колькі яшчэ трэба  расказаць  гэтым маленькім уважлівым экскурсантам, колькі слоў прыгадаць, каб  памяталі, шанавалі, ганарыліся!

Анюта Юрэвіч. Нясвіж.

Previous article «Траціну ўсіх дуд я зрабіў за мяжу». Музычны майстар распавёў пра сваю працу
Next article Да 30-годдзя ТБМ. Моладзь хоча пачуць харызматычных цікавых выступоўцаў

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202515