“Нікому нічога не будзьце віннымі
Апроч узаемнай любові” ,
“Ксты” Р.Б.
9 ліпеня адзначыла 80-годдзе ўдава народнага паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна – Валянціна Міхайлаўна. Калегі, родныя і сябры сардэчна павіншавалі яе з юбілеем. Ціхі лагодны вечар яна правяла разам з унучкай Дамінікай, яе мужам Аляксеем і праўнукам Раманам і пачула словы ўдзячнасці, пажаданні здароўя і доўгіх гадоў. Пасля вячэры госці разам праглядалі сямейныя фотаздымкі, размешчаныя на сайце www. baradulin.by. А назаўтра службовы выканаўца энергазбыту адключыў у яе кватэры электрычнасць, а ў паштовай скрынцы яна знайшла паведамленне аб вялікай запазычанасці за святло…
Яе фота ўвайшлі ва ўсе зборы твораў народнага паэта. Яна натхняла яго на стварэнне жаночых вобразаў у лірыцы, сімвалаў кахання і мацярынства.
” Мне б вякоў не хапіла
Слухаць вочы твае”,–
пісаў паэт у адным з вершаў.
53 гады спадарыня Валянціна падтрымлівала класіка беларускай літаратуры, клапацілася пра яго, гатавала яму супы і смачныя піражкі, без якіх не нараджаліся б геніяльныя вершы. Даглядала ў лякарнях, падстаўляла плячо і была апорай у апошнія гады жыцця. Яна загортвала яго ў кодру і цягнула, каб аддаць дактарам адвезці ў рэанімацыю…
У 2014 годзе, калі Рыгора Іванавіча не стала, у яе апусціліся рукі. Ёй не хацелася нават гатаваць ежу, бо не было для каго. Замест таго, каб падтрымаць пажылую жанчыну ў яе смутку, так званая лечкамісія, дзе яна раней магла паправіць здароўе, адмовіла ёй у паслугах і выкрасліла са сваіх спісаў. Ісці да незнаёмага лекара і сядзець у чарзе ў паліклініцы не было сіл. Яна засталася адна ў яго кабінеце з успамінамі, думкамі, смуткам. Лавіла сябе на думцы, што хоча яму нешта сказаць, падзяліцца, а яго няма…
Яе маці Таццяна Харламп’еўна была жанчынай з далікатнай фігурай і выдатным голасам, яна іграла на фартэпіяна і спявала ў хоры, а бацька Міхаіл Манасзон быў скрыпачом. Яны разам выступалі ў Гарадзенскім тэатры, і на пачатку вайны знаходзіліся на гастролях у Берасці. Бацька загінуў у першыя дні фашысцкай навалы. Валя запомніла артылерыйскі абстрэл і кавалкі тынкоўкі, якія падалі на чырвоную дзіцячую коўдру. Малодшая сястрычка Валянціны не перажыла першага года вайны.
– Мама доўга спадзявалася, што бацька жывы, і чакала яго, – успамінала Валянціна Міхайлаўна. – Адна жанчына сказала, што бачыла ў Адэсе падобнага чалавека ў аркестры. Мама сабрала ўсе фотаздымкі і адаслала ў Адэсу. Ніхто не адказаў, але канешне, гэта была памылка, падобны чалавек. У 1941 годзе габрэю цяжка было выжыць. Таму мама гадавала мяне на свае сціплыя капейкі, і пенсію за бацьку ніколі не атрымлівала. Яны выдатна шыла і вязала, сваімі рукамі вымоджвала для мяне сукенкі. Калі мама з хорам Рыгора Шырмы ездзіла на гастролі, я заставалася ў чужых людзей. Часам гэта дрэнна адбівалася на вучобе. Я вельмі любіла музыку, а паэзіяй захапілася толькі ў 8 класе. Слухаючы музыку, магла плакаць, але не цярпела фальшывых гукаў. Наведвала музычную школу і грала на скрыпцы. Прафесар Іван Матвеевіч Сагайдачны ўгаворваў працягваць займацца музыкай у Менску.
Праз прозвішча бацькі ў мяне былі непрыемнасці ў школе і пры паступленні. Я атрымала сярэбраны мядаль. На экзамене ва ўніверсітэт задавалі шмат дадатковых пытанняў, дапытваліся датошна. Адзін з экзаменатараў спытаў: Чаму паэма Якуба Коласа называецца “Рыбакова хата?”
На першым курсе ўсе паехалі на бульбу, а мяне запісалі ў аркестр народных інструментаў, і мы засталіся рыхтаваць канцэрт для старшакурснікаў. Кіраўнік аркестра народных інструментаў пазнаёміў з Рыгорам. Ён мне спачатку не падабаўся. Але я яму прыглянулася, і ён мяне ахоўваў. Толькі на 4 курсе згадзілася за яго пайсці. Мама перажывала, каб я не кінула вучобу.
Наша вяселле адбывался больш паўвека таму, гэта было 23 лютага 1961 года, на мае імяніны, ў дзень святой Валянціны. На вяселле прыехалі нашыя матулі, Акуліна Андрэеўна і мая маці, гасцей было вельмі шмат, выпускнікі і студэнты філфаку БДУ, сябры па вучобе. Рыгор Іванавіч у той час ужо зарабляў, таму застолле было значнае, пачастунку шмат…
Аднойчы я вырашыла даказаць свякрыві, што ўмею шыць, і пашыла сукенку з каўнерам… Я ўдзячная ёй, што яна не адставіла мяне ад печы.
“Як добрая вестка-
у хату нявестка,
Ёй маці павінна
аддаць свайго сына”,
– пісаў паэт.
Валянціна Міхайлаўна доўгі час працавала ў рэдакцыі Беларускай энцыклапедыі разам з гісторыкамі і этнографамі, сярод якіх быў навуковец Анатоль Валахановіч, адзін з сяброў сям’і. Даводзілася збіраць інфармацыю пра герояў Савецкага Саюза, якія праявілі сябе пры вызваленні Беларусі. Даследчыкі пісалі лісты ў розныя гарады Савецкага Саюза, і адшуквалі герояў. Адзін з такіх лістоў патрапіў у Адэсу, герой і яго сям’я былі ўдзячныя, што пра іх не забылі на Беларусі.
…І вось давялося першы дзень дзевятага дзесятка сустрэць без святла. І не толькі дзень, а і тыдзень. Маўчыць тэлевізар, чытаць ужо не дазваляе зрок, увечары прыходзіцца запальваць свечку. Стары руды коцік Рысік ласціцца пад рукой.
Спрацоўніца энергазбыта Савецкага раёна старанна выконвае інструкцыі па забеспячэнні ўнясення грамадзянамі аплаты за электрычнасць. Яе не цікавіць беларуская літаратура і вершы нацыянальнага генія, які чэрпаў натхненне з Бібліі і быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію. Яго жонка, імя якой засталося назаўсёды ў вершах і прысвячэннях паэта, значыцца ў яе як Абанент № 451…
Яна не ведае пра тое, што вельмі рэдка спадарыня Валянціна выходзіць на вуліцу, а прадукты прыносіць ёй спагадлівая жанчына альбо замаўляе ў Еўраопце ўнучка. Ёй няма справы да пашанотнага юбілею ўдавы паэта.
– У нашай базе няма датаў нараджэння абанентаў, – холадна адказвае супрацоўніца.
І не прабачыць яна таго, што маладзенькая нявопытная мама Дамініка, якая клапоціцца найперш пра свайго малога, забылася чарговы раз унесці аплату. (Не ўсе дзяўчаты, якія развіваюцца ў моладзевай субкультуры, своечасова адчуваюць сваю адказнасць.) Пры жыцці Рыгор Іванавіч займаўся такімі пытаннямі сам, і не прымушаў турбавацца пра камунальныя паслугі жанчын у сваёй сям’і.
Наша дзяржава нічога нікому не прабачае і не даруе. Не цэніць заслуг і дасягненняў, абыякава выкрэслівае і адключае…
Але тое, што робіць грамадскасць па ўшанаванні памяці народнага паэта, трымаецца на вышэйшым узроўні. На мемарыяльнай шыльдзе на доме па вул. Мележа, 4 квітнеюць ружы і развіваецца бела-чырвоная стужачка. Ля помніка ў Вушачах ўрачыста, як у храме, гараць знічы, стаяць кветкі. Прыйшоў час грамадскасці падтрымаць Валянціну Міхайлаўну, не пакідаць яе ў самоце.
І беларусы падтрымалі. Пасля размяшчэння постаў у Фэйсбуку сябры адгукнуліся, і за 2 дні было пералічана на рахунак 1004 рублі, якія пакрылі запазычанасць.
Дзякуем усім за падтрымку! Валянціне Міхайлаўне яшчэ спатрэбіцца дапамога, і мы пра гэта паведамім.
Эла Дзвінская.
Фота з архіва сям’і Барадуліных і Глеба Лабадзенкі.