У краіне працягваюцца культурныя мерапрыемствы да юбілею родапачынальніка беларускай і польскай опер Станіслава Манюшкі.
У мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва па вул. Рэвалюцыйнай, 10 у Менску адбылася выстава твораў жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння слыннага кампазітара .
Уражваюць велічныя алейныя партрэты кампазітара, выкананыя Святланай Урублеўскай і Віктарам Варанкевічам, графічны партрэт класіка, створаны Алесем Марай, трыпціх Рыгора Таболіча.
Разнастайнаць экспазіцыі дадаюць акварэльныя выявы сядзібы сям’і кампазітара ў Убелі пэндзля Міколы Купавы, графічная выява касцёла святой Ганны ў Вільні, створаная Рыгорам Сітніцам, інсталяцыя Аляксея Фралова “Смілавічы. Камяні, якія гучаць”. Свае працы прадставілі Марта Шматава і Валянціна Шоба, Кацярына Сумарава і іншыя.
Нечаканай і прыемнай стала сустрэча на выставе з вядомым скульптарам Львом Мікалаевічам Гумілеўскім, лаўрэатам дзяржаўнай прэміі БССР, аўтарам бронзавага бюста Станіслава Манюшкі.
Леў Мікалаевіч – аўтар шматлікіх помнікаў дзеячам культуры Беларусі. Некалькі гадоў таму Леў Гумілеўскі і яго сын Сяргей выйгралі конкурс на права стварэння помніка Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Верхнім горадзе, і ён быў адкрыты ў 2016 годзе. Помнік сёння карыстаецца вялікай пашанай мянчукоў.
– Помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу быў пастаўлены побач з ратушай,- распавёў Леў Гумілеўскі. – Ён жыў з сям’ёй непадалёку ад плошчы Свабоды, а ў будынку ратушы знаходзілася музычная школа, якую ён наведваў.
Я ўжо шмат гадоў працую над вобразамі нашых вядомых літаратараў, класікаў. У 1972 годзе па нашым сумесным з Анатолем Анікейчыкам праекце быў створаны помнік Янку Купалу ў скверы ля яго дома-музея. Працаваў я над вобразам Кірылы Тураўскага, які паўстаў у Гомелі.
Шмат маіх скульптур упрыгожваюць Нясвіж – выявы Юрыя Нясвіжскага, Мікалая Радзівіла Сіроткі, Яна Марыі Бернардоні і іншых. Справа ў тым, што пасля вайны мне з бацькамі давялося жыць у замку ў Нясвіжы. Міхась Канстанцінавіч Сеўрук, у якога я займаўся ў студыі, далучыў мяне да мастацтва на ўсё жыццё!
Па маёй задуме і з дапамогай майго сына Сяргея Францішак Багушэвіч паўстаў у Смаргоні, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – у Бабруйску, Вацлаў Ластоўскі – у Глыбокім, кампазіцыя “Балет” з’явілася паблізу Вялікага опернага тэатра ў Менску. Для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі я выканаў трыпціх “Сказанне пра Нясвіж”. Зараз працую над вобразам Ларысы Геніюш.
Эла Дзвінская,