Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Міністр ЖКГ Аляксандр ЦЕРАХАЎ дэкларуе світанне для беларускай мовы! А ці развіднее?

Міністр ЖКГ Аляксандр ЦЕРАХАЎ дэкларуе світанне для беларускай мовы! А ці развіднее?

22 ліпеня 2019, 20:40 Мова 8
Міністр ЖКГ Аляксандр ЦЕРАХАЎ дэкларуе світанне для беларускай мовы! А ці развіднее?

У мінулым месяцы “Наша слова” ў матэрыяле “Пераклады дакументаў на беларускую мову маюць тую ж юрыдычную сілу, што і дакументы на рускай мове” (“НС” № 25, 19.06.2019) надрукавала пісьмо МІНЖЫЛКАМГАС-а слонімцу Міхасю ВАРАНЦУ. Пра гісторыю з’яўлення пісьма і пра тое, ці сапраўды кожны спажывец жыллёва-камунальных паслуг нашай краіны цяпер мае магчымасць падпісаць тыпавыя дамовы на беларускай мове, распавядае сябар ТБМ, маёр запасу Міхась ВАРАНЕЦ.

 

26 кастрычніка 2018 года газета “Народная Воля”надрукавала матэрыял пра тое, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менска не паставіў у пашпарт кіраўніка грамадскай дырэкцыі мемарыяла “Курапаты”, адказнага сакратара ўправы сойму КХП-БНФ Алеся Чахольскага штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства. Прычына – няма штампа на беларускай мове. Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў штамп зацверджаны толькі на рускай мове. Ад рускамоўнага штампа Чахольскі адмовіўся.

5 лістапада 2018 года Слонімскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адмовіла мне ў праве падпісаць беларускамоўныя тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя па-слугі. Прычына тая ж самая – няма бланкаў на нашай мове. Пастановай Урада бланкі зацверджаны толькі на рускай мове. Шчыра кажучы, ужо аскома ад такога назойлівага сэрвісу. Здаецца, нашы міністры гатовы не толькі ў пашпарт, а і ў пасцель да чалавека залезці з пастановай, каб і там беларусы карысталіся толькі рускай мовай. Абрыдла ўсё гэта, што называецца, “перакармілі”, перабор! Па прыкладзе Алеся Чахольскага, я адмовіўся падпісаць рускамоўныя тыпавыя дамовы і пачаў патрабаваць, каб Урад зацвердзіў беларускамоўныя бланкі.

Праз тры месяцы Слонімскае ГУП ЖКГ, па даручэнні Міністэрства ЖКГ, пераклала тыпавыя дамовы на беларускую мову, і 1 сакавіка 2019 года я падпісаў іх з агаворкай, што яны не зацверджаны ўрадам, а ў лісце на адрас Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Румаса назваў гэтыя слонімскія саматужныя дамовы “фількавымі граматамі”, падрыхтаванымі ў адным экзэмпляры эксклюзіўна для Міхася Варанца.

Ва ўрадзе не пагадзіліся з такою маёй ацэнкай “нарматыўнай прававой” дзейнасці слонімскіх камунальнікаў і іхніх начальнікаў з Мінжылкамгаса.   

Па даручэнні намесніка прэм’ер-міністра, міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў  у пісьме ад 10 траўня 2019 года паведаміў мне наступнае:

“Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.01. 2009 № 99 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (далей – паста-нова № 99) зацверджаны на рускай мове тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі…

Разам з тым, пераклад дагавора на адну з дзяржаўных моў не можа разглядацца як змяненне істотных умоў дагавора, змешчаных у зацверджанай тыпавой форме. Такое ж меркаванне таксама было выказана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь…

У сувязі з гэтым, перакладзеныя Слонімскім гарадскім унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, якія аказваюцца гэтым прадпрыемствам, без змянення істотных умоў гэтых дагавораў, маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджаныя на рускай мове пастановай № 99″.

Цікавая навіна! З пісьма Церахава лагічна вынікае, што мясцовыя дзяржаўныя органы смела могуць саматужна перакладаць на беларускую мову нарматыўныя прававыя акты, зацверджаныя ўрадам і міністэрствамі! Карыстаючыся магчымасцю, праз газету “Наша слова” перадаю гэтую радасную вестку шаноўнаму Алесю Чахольскаму:

– Спадар Алесь, пэўна, у  аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менска ўжо ведаюць такую пазіцыю нашага ўрада (і “такое ж меркаванне” Міністэрства юстыцыі) і борздзенька пераклалі тыпавы штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на беларускую мову! А калі яшчэ не пераклалі, то хай шыбуюць у Слонім, да мясцовых спецыялістаў. Так больш надзейна! Штамп, перакладзены ў Слоніме, дакладна будзе мець такую ж юрыдычную моц, як і рускамоўны арыгінал… .

Без аніякай іроніі адзначаю, што пісьмо А. Церахава сапраўды і цікавае і аптымістычнае, бо раней было па-іншаму:

– яшчэ зусім нядаўна (5 ліс-тапада 2018 года) слонімскія камунальнікі на поўным сур’ёзе сказалі мне, што могуць падаць на мяне ў суд за адмову падпісаць рускамоўную тыпавую дамову, праўда, агаварыліся, што, хутчэй за ўсё не будуць рабіць гэтага, маўляў, вы, Міхась Адамавіч, і без дамовы добрасумленны плацельшчык.

– і заўжды было па-іншаму. Неяк гамяльчанін Сяргей Сямёнаў на беларуска-ўкраінскай мяжы адмовіўся запоўніць рускамоўную дэкларацыю. Нават не зусім адмовіўся. Гэты Сямёнаў пагаджаўся запоўніць рускамоўную дэкларацыю праз перакладчыка. Але, замест дэкларацыі на роднай мове ці перакладчыка, атрымаў позву ў суд і штраф у памеры 30 базавых велічыняў.

І вось цяпер замест суда і штрафу – беларускамоўны штамп табе ў пашпарт і беларускамоўную дамову ў рукі, здранцвелыя ад такога раптоўнага шчасця!

Хочацца верыць міністру Церахаву, што пытанне з беларускамоўнымі бланкамі тыпавых дамоваў вырашаецца так проста і лёгка! Але! Ёсць пытанні,  адказаў на якія ў пісьме няма.

Ажно 27 студзеня 2009 года ўрад Сяргея Сідорскага пастановай № 99 зацвердзіў на рускай мове тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі! Але ў пісьме Церахава не сказана, чаму ўрад і па сягоння не зацвердзіў беларускамоўныя бланкі тыпавых дамоваў, хоць, відавочна, гэта прасцей і лягчэй, чым даваць “філалагічныя” даручэнні мясцовым прадпрыемствам ЖКГ. Хай, урад не зацвердзіў! А чаму само міністэрства тады ж, у 2009 годзе, не пераклала тыпавыя дамовы на беларускую мову і не даслала іх кожнаму прадпрыемству ЖКГ Беларусі з растлумачэннем, што гэтыя дамовы “маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджаныя на рускай мове пастановай № 99”? Чаму толькі ў лютым 2019 года, праз 10 год і 1 месяц пасля зацвярджэння ўрадам бланкаў тыпавых дамоваў, слонімскі дырэктар ЖКГ Алег Конан даведаўся, што мае права і мусіць саматужна перакладаць на беларускую мову гэтыя дамовы і забяспечваць імі сваіх кліентаў, спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг? 

Сваё пісьмо міністр ЖКГ скончыў фразай: “Мінжылкамгасам падрыхтаваны змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”, якімі прадугледжана магчымасць спажыўцом самастойна выбраць, на якой мове заключаць дагавор”.

Добра! Названыя змяненні мо і зробяцца нормай закона… некалі, потым… .

Галоўнае, калі верыць папярэднім фразам з пісьма А. Церахава, ужо цяпер кожны спажывец жыллёва-камунальных паслуг нашай краіны мае магчымасць выбраць, якія тыпавыя дамовы яму падпісваць – альбо на рускай мове, зацверджаныя пастановай № 99, альбо на беларускай, у перакладзе мясцовага прадпрыемства ЖКГ!

На жаль, А. Церахаў не раскрыў механізм рэалізацыі вышэйна-званага выбару. Мо спажыўцу Брагінскага раёна (там я нарадзіўся і вырас), які хоча падпісаць тыпавыя дамовы на беларускай мове, давядзецца паўтарыць мой шлях – напісаць кіраўніку дзяржавы, каб ён прапанаваў Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасці Канстытуцыі пастановы № 99, потым месяцамі перапісвацца з урадам, каб урэшце Мінжылкамгас дало даручэнне брагінскаму прадпрыемству ЖКГ саматужна перакласці гэтыя дамовы на беларускую мову?

Зазначу, у 2017-ым годзе жыхар Баранавічаў Сяргей Гоўша таксама дабіўся падпісання саматужных беларускамоўных дамоваў на беларускай мове. Але і па сягоння ў Баранавічах, як і ў Слоніме і ва ўсёй Беларусі, прадпрыемства ЖКГ не сустракае спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг пытаннем: “Вам бланк якой дамовы? Тыпавой па-руску ці саматужнай па-беларуску?”.

Аднак жа, рэагуючы на звароты, урад Беларусі пісьмом А. Церахава нібыта дэкларуе надыход світання. А ці развіднее?

Я, Міхась Варанец, упэўнены – развіднее! Развіднее, дзякуючы намаганням кожнага з нас. Хтосьці, хто мае час і дастатковыя юрыдычныя веды, пісьмова запатрабуе ад урада ці міністэрства адмяніць пастанову, якая дыскрэдытуе беларускую мову, хтосьці ў якасьці аргументу спашлецца на пісьмо Церахава, хтосьці проста не дазволіць паставіць у свой пашпарт рускамоўны штамп альбо адмовіцца падпісаць рускамоўную дамову.

Разам нас багата! Разам мы прымусім і ўрад, і міністэрствы за-бяспечыць нам магчымасць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права карыстацца роднай мовай!

Міхась ВАРАНЕЦ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Даследаваў мову нашых продкаў
Мова

Даследаваў мову нашых продкаў

7 жніўня 2024, 09:5215
Далучайцеся да нас