Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Скідзельская суполка ТБМ на ўздыме

Скідзельская суполка ТБМ на ўздыме

16 ліпеня 2019, 08:15 ТБМ 25
Скідзельская  суполка ТБМ на ўздыме

Стварэнне ў Скідзелі суполкі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны не было выпадковым.

Тут здаўна, яшчэ ў 20 – 30-я гады мінулага стагоддзя, існаваў моцны беларускі нацыянальны рух, плённа і паспяхова працаваў шматлікі гурток Таварыства беларускай школы і карыстаўся падтрымкай жыхароў, ішло змаганне за беларускамоўную адукацыю. Тут заўсёды  было многа шчырых прыхільнікаў беларускай справы, беларускага адраджэння.   

Таму пасля стварэння ў краіне ў 1989 годзе Таварыства беларускай мовы гэты невынішчальны дух прывёў да ўзнікнення ў Скідзелі некалькіх суполак Таварыства, пераходу школ горада на беларускую мову навучання. Аднак антыбеларускі рэферэндум 1995 года, з горыччу ўспрыняты беларускім дэмакратычным грамадствам, прывёў да абмежавання дзейнасці першасных суполак Таварыства. А наступным рэпрэсіўным крокам было закрыццё мясцовымі ўладамі ў 2005 годзе Гарадзенскай раённай арганізацыі ТБМ. Трэба прызнаць, што гэтыя неразумныя меры ўладаў не дэмаралізавалі прыхільнікаў беларускага адраджэння, і яны прадаўжалі сваю справу. 

У выніку  амаль пяць гадоў назад гэтыя актыўныя, неабыякавыя людзі аб’ядналіся ў Скідзельскую рэгіянальную суполку Таварыства беларускай мовы, у якую ўваходзяць настаўнікі школ, работнікі культуры, грамадскія актывісты, пенсіянеры горада і навакольных вёсак. Шмат карысных спраў на яе рахунку. Душой суполкі,   нястомным арганізатарам і ініцыятарам многіх спраў з’яўляецца Таццяна Анатольеўна Савянкова.

Сябры суполкі настойліва і плённа працуюць над ушанаваннем памяці выдатных дзеячоў беларускай культуры. Іх намаганнямі, асабліва Алены Міхайлаўны Салей, створаны і працуе ў сельскагаспадарчым ліцэі музей Міхася Васілька. А ў вёсцы Баброўня, адкуль родам вядомыя паэты Макар Краўцоў і Міхась Васілёк, сябры Таварыства ўстанавілі ў іх гонар памятны знак і рэгулярна ладзяць розныя культурніцкія імпрэзы.

У вёсцы Мількаўшчына, дзе нарадзілася і працяглы час жыла Эліза Ажэшка, спадарыня Таццяна кіруе музеем, прысвечаным пісьменніцы, праводзіць частыя экскурсіі па месцах, звязаных з яе жыццём, апякуе месца былой сядзібы бацькі яе – Бенядзікта Паўлоўскага. Музей з’яўляецца сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця вёскі і работы з моладдзю. Як шчырая патрыётка свайго краю Таццяна Анатольеўна з трывогай перажывае за лёс беларускай мовы і беларускамоўнага навучання і таму ідзе ў скідзельскія школы, сустракаецца з дзецьмі і настаўнікамі, каб сумесна раскрыць прыгажосць свайго, роднага слова, фарміраваць павагу і любоў да яго.

Спадарыня Таццяна, поўная сіл, энергіі і творчых планаў, набліжаецца да свайго юбілею. І рада Гарадзенскай абласной арганізацыі  Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны віншуе яе з гэтай датай і жадае ёй здароўя, поспехаў і новых дасягненняў.

І. Буднік,

сябар абласной рады.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2617
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін
Выданні

Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін

24 лютага 2020, 15:5615
Далучайцеся да нас