Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ОХ І СЕЯЛА ІВАНАЎНА ЛЯНОК…

ОХ І СЕЯЛА ІВАНАЎНА ЛЯНОК…

16 ліпеня 2019, 09:06 ТБМ 37
ОХ І СЕЯЛА ІВАНАЎНА ЛЯНОК…

Як пяецца ў песні, так і зрабілі ў дзіцячым садку № 4 г. Нясвіжа – пасеялі лянок. Так-так! У двары садка падрыхтавалі добрую градку і ў адпаведны тэхналогіі час пасеялі лён. Задума простая  і геніяльная (яна належыць загадчыцы садка Вользе Іванаўне Пуляк) – назіраць ад пачатку да канца ва ўсёй лагічнай паслядоўнасці шлях зернетка-насення да зернетка ўраджаю, да спрадзенай ніткі, сатканага палатна.

А пакуль лён узыходзіць ды расце, пачалі збіраць прыклады-ўзоры беларускага прадзіва і ткацтва: ручнікі і посцілкі, сурвэткі і дарожкі… Расквечаныя вышыўкай, яны здзіўлялі даўнім умельствам беларускіх жанчын. Каб было  навідавоку тое багацце ды радавала штодня, размясцілі сабранае ў мураванай альтанцы: тут і паветра свежае, і схоў надзейны. Прадоўжылі напаўненне той альтанкі прыладамі для апрацоўкі лёну, прадзіва і ткацтва.

Цяжэй за ўсё было знайсці сапраўдны ткацкі станок (кросны). Тут і прыйшлі на дапамогу нясвіжскія сябры ТБМ, краязнаўцы. Добрую падказку атрымалі ад цікаўнай і памятлівай жанчыны Ірыны Абрамовіч з Быхаўшчыны.  Па яе парадзе пачулі расповед ураджэнкі гэтай жа вёскі, а цяпер ужо жыхаркі Ліды Людмілы Язэпчык:

– Мая мама ткала і сабе, і людзям. Вельмі ж хутка і спраўна ў яе ўсё рабілася. А прылады амаль усе, нават ткацкі станок, зрабіў тата. Я даўно  ўжо  жыву ў Лідзе. Бацькі памерлі, але ў родную хату еду ды еду. І вось жа ўсё перажываю, што кросны і шмат што іншае, такое дарагое і неабходнае некалі, цяпер прападае, без аніякай патрэбы ляжыць на гарышчы. Таму буду вельмі радая перадаць усё дзеткам, іх выхавацелям. Хай паслужыць добрай справе.

А добрая справа ў садку “Караблік дзяцінства” шырылася. Агульнымі намаганнямі сабралі больш сямі дзясяткаў экспанатаў. Утварыўся міні-музей ткацтва “Сінявокі ляночак”. Кросны з Быхаўшчыны занялі ў ім годнае месца. Дзень адкрыцця музея стаўся сапраўдным святам – з гасцямі, з падарункамі-экспанатамі, з казкай маленькай праснічкі і пазнаваўчай гульнёй пра слуцкія паясы. А ў мове маленькіх экскурсаводаў цешылі слых прака-ветныя беларускія слоўкі, на якія ўжо забыліся іх бацькі: сувой, уток, сукала, кудзеля, тканіна.

Мо менавіта яны, гэтыя выхаванцы добрага садка, якім зараз па пяць-шэсць гадкоў, дапамогуць дарослым, сваім бацькам, дзядулям ды бабулям  падчас перапісу беларускую мову  назваць роднай мовай.

Наталля Плакса,

Нясвіж.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0033
З Ражством праваслаўных вернікаў!
Грамадства

З Ражством праваслаўных вернікаў!

7 студзеня 2020, 18:2229
Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВАЯ  ГРАФІКА
літаратура

Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВАЯ ГРАФІКА

29 студзеня 2026, 22:5027
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0926
Далучайцеся да нас