Калі ўважліва адсочваць некаторыя падзеі ці біяграфіі людзей, заўважаеш іх нейкую паралельную падобнасць.
Кніга Я. Гінзбург, назва якой вынесена ў загаловак, нашым вядомым пісьменнікам Васілём Быкавым, які напісаў уступ да яе вызначана так – “Гэта не раман і не нейкі з распаўсюджаных жанраў літаратуры, гэта – насычанае болем рэха нашага мінулага, якое тым не менш, не можа не адазвацца ў чалавечай душы паўзабытым страхам..”
Вось гэтак жа ў і лёсе Алеся Бяляцкага, падзеі жыцця якога -гэта падзеі жыцця нашай краіны, груп людзей, якія спрычыніліся да лесавызначальных гадоў станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Карл Гершман, прэзідэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі з ЗША ў кнізе В. Каліноўскага “Справа Бяляцкага” так напісаў пра яго: “У шырокіх рухах за дэмакратыю і свабоду чалавека заўсёды бывае так, што пэўныя асобы становяцца лідарамі пераменаў… Бяляцкі – дзеяч па-рэнесанснаму рознабаковы: ён служыў справе свабоды як палітычны дысідэнт і культурнік, як навуковец, пісьменнік і інтэлектуал, як лідар палітычнай партыі і абраны дэпутат Менскага гарсавета, і, перадусім, як прызнаны ва ўсім свеце абаронца правоў чалавека”.
На крутых жыццёвых маршрутах Алеся Бяляцкага арыштоўвалі больш за 20 разоў. Апошні раз – 4 жніўня 2011 года, калі ён быў асуджаны на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Яшчэ на пачатку 80-х А. Бяляцкі прымае ўдзел у моладзевых суполках, якія ставілі мэтай змаганне за незалежнасць Беларусі, затым быў збор подпісаў супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС ў 1987 годзе.Тады гэта праблема закранала і інтарэсы нашага горада. Вучоба ва ўвніверсітэце была звязана з грамадскай і літаратуразнаўчай дзейнасцю і менавіта ў маладыя гады А. Бяляцкі шмат пісаў пра тых, хто прайшоў праз рэпрасаванне і зняволенне, ён першым распавёў пра Ф. Аляхновіча, пісьменніка, які расказаў усю праўду пра савецкія канцлагеры. І адзін з самых масавых мітынгаў адбыўся ў памінальны дзень продкаў на “Дзяды” ў 1988 годзе, арганіза-тарам якога стала Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, старшынём якога з’яўляўся А. Бяляцкі, ён быў затрыманы і атрымаў штраф у 200 рублёў, які, да-рэчы, дапамаглі аплаціць сябры-студэнты і нават выкладчыкі.
– Ці можа быць такое зараз? – задаём пытанне Алесю, якога ўжо амаль гадзіну зацікаўлена слухаюць удзельнікі сустрэчы, што арганізавала Верхнядзвінская суполка ТБМ. І самі ведаем адказ.
За амаль 10 год кіраўніцтва Літаратурным музеем Максіма Багдановіча А. Бяляцкі не толькі імкнуўся захоўваць мінулае, багатую спадчыну, але і ствараць новае: за гэты час паўсталі новыя філіі музея, а ў Менску з’явілася вуліца імя М. Багдановіча.
У сваей кнізе “Асвечаны беларушчынай”, якую сп.Алесь прэзентаваў на сустрэчы ў Верхнядзвінску, ён напісаў: “У снежні 1993 года … правялі канферэнцыю “Лёс нацыянальнай культуры на паваротах гісторыі”, назва якой аказалася прарочай”.
Як і лёс самаго сп. Бяляцкага на чарговым крутым жыццёвым павароце: у Беларусі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым, з’явіліся палітзняволеныя, якіх А. Бяляцкі абараняў з вясны 1996 года, а праз дваццаць з лішнім гадоў і сам апынуўся за кратамі.
На сустрэчы з актывістамі Алесь Бяляцкі распавёў пра сваю крымінальную справу, пра знаходжанне ў турме, пра тое, наколькі важнай была для яго падтрымка з боку беларусаў:
– Мне аднаму прыходзіла больш пісьмаў, чым ўсім зняволеным. Канешне, каб напісаў просьбу аб памілаванні, выйшаў бы з-за кратаў значна раней. Але я вінаватым сябе не лічыў. Пасадзілі па сваёй волі, па сваёй волі і выпусцілі.
Паліна Сцепаненка, укладальніца кнігі “Асвечаны беларушчынай” узгадвае словы Віктара Сазонава, праваабаронцы, пісьменніка, які так дакладна вызначыў тое, што рабіў і робіць Алесь Бяляцкі: “Запаліўшы свечку, як напісана ў Бібліі, не хаваюць ў шуфлядку, а ставяць на высокае месца, каб агонь ад гэтай свечкі быў бачны. Дзейнасць Алеся Бяляцкага з’яўляецца такой свечкай!”
Валянціна Болбат.
ТБМ, Верхнядзвінск.