У гэтыя дні спаўняецца трыццаць гадоў ад заснавання Беларускага народнага фронту і Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны.
Абедзве гэтыя арганізацыі сталіся яскравымі гістарычнымі з’явамі, адыграўшы значную ролю ў аднаўленьні незалежнасці Беларусі і ў абароне беларушчыны ў вельмі неспрыяльныя часы.
Беларускі народны фронт – агульнанацыянальны дэмакратычны беларускі рух, які ў познесавецкі час стаўся выразнікам волі беларускага народу да свабоды, дэмакратыі і незалежнасці, абаронцам чалавечай і нацыянальнай годнасці беларусаў. Уголас агучыўшы праўду пра Курапаты і Чарнобыльскую катастрофу, БНФ паставіў пытанне пра аднаўленне справядлівасці і належную ацэнку палітыцы савецкага рэжыму да беларусаў.
Дэпутаты БНФ у Вярхоўным савеце Беларусі ў лёсавызначальны для нашай краіны час сталі рухавіком дэмакратычных пераўтварэнняў і ўрэшце аднаўлення незалежнасці Беларусі пасля дзесяцігоддзяў іншаземнай акупацыі. Дзякуючы Беларускаму народнаму фронту, Беларусь вось ужо амаль трыццаць гадоў ёсць паўнапраўнай сувэрэннай дзяржавай, што заняла “свой пачэсны пасад між народамі”.
Многія яскравыя і адважныя палітыкі сучаснай Беларусі, што цяпер прадстаўляюць розныя дэмакратычныя сілы, пачыналі свой шлях у Беларускім народным фронце.
Таварыства беларускай мовы – адна з галоўных арганізацыяў, што рупяцца пра прасоўванне беларускае мовы і абарону правоў яе носьбітаў у сучаснай Беларусі. Ва ўмовах абыякавасці ці нават варожасці афіцыйных постсавецкіх уладаў у адносінах да роднае мовы беларускага народу, абарона мовы і моўных правоў сталася задачай простых людзей, шырокае грамадзянскае супольнасці. ТБМ імя Ф. Скарыны ёсць авангардам гэтага руху і шматгадовым сымбалем таго, як грамадзянская супольнасць самастойна бароніць беларускую мову.
Беларускі народны фронт і Таварыства беларускае мовы – гэта выбітныя і паспяховыя прыклады грамадзянскай самаарганізацыі беларусаў, абароны самім народам сваіх правоў перад апаратам недобрасумленнай аўтарытарнай улады.
Рада БНР шчыра віншуе ўсіх цяперашніх і былых удзельнікаў #БНФ і #ТБМ. Няхай гэтыя арганізацыі будуць прыкладам і натхненнем для многіх пакаленьняў беларускіх грамадзянаў.
Крыніца: ФБ: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – Рада БНР