14 траўня дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны адхілілі ўсе пастановы пра адмену прынята-га закона пра функцыянаванне ўкраінскай мовы як дзяржаўнай.
Адразу ж пасля гэтага спікер парламента Андрэй Парубій гэты закон падпісаў.
Прэзідэнт Пётр Парашэнка падпісаў закон неадкладна, пакуль яшчэ знаходзіўся на пасту прэзідэнта.
Нагадаем, 25 красавіка Рада прыняла моўны закон. Дэпутаты набралі 278 галасоў за прыняцце закона пры неабходных 226 галасах.
Аўтарамі законапраекта сталі 33 дэпутаты з розных фракцый. Ён прадугледжвае адмену закона “Пра асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі”, а замест яго прапануе ўвядзенне абавязковага выкарыстання ўкраінскай мовы практычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Мы разабраліся, у чым сутнасць закона пра ўкраінскую мову, каго ён кране і наколькі гатовыя службоўцы і супрацоўнікі сферы абслугоўвання да новаўвядзення.
Каго кране
Закон прадугледжвае, што ўкраінская мова павінна выкарыстоўвацца ў дзяржслужбе, афіцыйных дакументах, адукацыйнай і медыцынскай сферах, кінатэатрах і тэатрах, фэстах, пры абслугоўванні спажыўцоў, у працоўных адносінах, публічных мерапрыемствах, рэкламе, СМІ, інтэрнэце і тэлебачанні.
Дзеянне закона не распаўсюджваецца на сферу прыватных зносін і здзяйсненне рэлігійных абрадаў.
За парушэнне закона прадугледжаны штрафы. А публічнае зневажэнне ці грэбаванне ўкраінскай мовай будзе нават падставай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Службоўцы і медыкі падрыхтаваліся
Кіеўскія службоўцы кажуць, што не дасведчаных украінскі калегаў у сталіцы практычна не засталося.
– Яшчэ некалькі гадоў назад з’явілася новаўвядзенне, што без дакумента пра атэстацыю па мове на пасаду дзяржслужбоўца не возьмуць. Гэта абавязковая ўмова, і ўсе службоўцы даўно здалі гэтыя іспыты. Таму такой праблемы для дзяржслужбы, прынамсі ў Кіеве, даўно не існуе, – распавёў нам адзін са службоўцаў.
У медыцынскай сферы, запэўніваюць лекары, таксама ніякіх праблем няма.
– Я заканчваў медінстытут на рускай, ведаю ўкраінскую. Таму з пацыентамі магу вольна гаварыць на любой мове. Бо ёсць людзі, якія прынцыпова не жадаюць пераходзіць на іншую, і я ў гэтым ніякай праблемы не бачу, – сказаў нам кіеўскі педыятр Мікалай Фірсаў.
У кінатэатрах расійскія фільмы практычна не паказваюць, а замежныя даўно дублююць на ўкраінскай.
Афіцыянтаў пашлюць на курсы пасля штрафаў
Што да рэстаранаў, то ўладальнікі пакуль не гатовыя масава адпраўляць сваіх супрацоўнікаў на курсы па ўкраінскай.
– Адзінкі праводзяць курсы па ангельскай і ўкраінскай са сваімі супрацоўнікамі. Гэта звязана з вялікай цякучкай кадраў. Адсоткаў 50 афіцыянтаў месяц працуюць, а потым звальняюцца. Таму курсы немэтазгодныя. Што да абслугоўвання, то на нарадах персаналу раяць, што пажадана размаўляць з кліентамі на ўкраінскай. Хоць бы першы раз. А далей усё будзе залежаць ад таго, на якой мове адкажа кліент. Але ў рэальнасці мала хто так робіць. Калі паводле новага закона будуць за рускую мову караць штрафамі, то, вядома, яны адправяць супрацоўнікаў на курсы. Калі ніякай адказнасці не прадбачыцца, то ўсё пакінуць, як ёсць. Дапускаю, што сачыць за выкарыстаннем украінскай мовы будуць толькі тыя рэстаратары, якія захочуць пазбегнуць скандалаў. Бо часам трапляюцца наведвальнікі, якія “шыхтуюць” персанал за тое, што іх не так абслужылі”, – распавяла нам прэзідэнт кампаніі Рэстаранны кансалтынг Вольга Насонава.
Чакалі 150 гадоў
Культуролаг і літаратуразнавец Вадзім Скуратоўскі нагадвае – украінская мова была забаронены ў 1876 годзе. Тады расійскі цар Аляксандр II выдаў так званы Эмскі указ, які ўводзіў цвёрдыя абмежаванні на выкарыстанне ўкраінскай мовы ў Расійскай імперыі.
– Указ забараніў усе вусныя і друка-ваныя варыянты ўкраінскай мовы на тэрыторыі Наддняпроўскай Украіны. З таго часу пачалася абсалютная атака супраць украінскай мовы і працягвалася да сённяшняга дня. І толькі цяпер, праз паўтара стагоддзі, спынілася гэтая атака, – кажа Скуратоўскі.
Па яго словах, цяпер у краіне ладзяцца дыверсіі супраць украінскай мовы. Але з-за закона яны сыдуць на нішто.
– Увесь гэты час некаторыя дэпутаты на суржыку палохаюць, што ўсё дрэнна ў гэтым законе, ад “А” да “Я”. Іншыя палохаюць канфліктамі з Польшчай і Вугоршчынай, да якіх нібы прывядзе прыняцце закона. Гэта і ёсць дыверсіі. На вялікі жаль, за апошнія паўстагоддзя ўкраінцаў прывучылі не паважаць родную мову. Гэта ўсё не знікне за адзін дзень, але зараз будзе натыкацца на юрыдычныя бар’еры, – упэўнены культуролаг.
Сыдуць гады і стагоддзі
Па словах палітычнага аналітыка, экс-дэпутата і кіраўніка мастацкага аб’яд-нання Апошняя барыкада Алеся Донія, важнасць закона ў тым, што менавіта ўсве-дамленне сябе ўкраінцам пачалося з выкарыстання новай літаратурнай мовы.
– Спачатку гэта быў Іван Катлярэўскі, потым харкаўскія і кіеўскія інтэлігенты. Менавіта з украінскай мовы пачаўся рэнесанс украінскай культуры. І ўвесь гэты час працягвалася барацьба за права яе выкарыстання. За апошняе стагоддзе мова разві-валася нераўнамерна. Украінцы, якія жылі ў Аўстра-Вугоршчыне, пераходзілі на нямецкую, у Расійскай імперыі – на рускую. І з таго часу ва Украіне супярэчнасці, якія ўсюды ёсць паміж горадам і вёскай, ператварыліся ў супярэчнасці паміж рускамоўным горадам і ўкраінамоўнай вёскай. І гэта наш крыж, які трэба было змяняць, – кажа Доній.
Па яго словах, змены ў лепшаю бок, адбываліся не пасля Майданаў, а ў канцы 80-ых гадоў.
– Першы прарыўны закон пра ўкраінскую мову быў прыняты ў 1989-ым, яшчэ пры УССР. Як карэнны кіяўлянін, магу сцвярджаць, што паступовы працэс пачаўся яшчэ тады. І я ўвесь час кажу, што на гэты працэс патрэбныя калі не дзесяцігоддзі, то стагоддзі. Ён не адбудзецца аднамомантава. Але ён ні ў якім разе не павінен быць гвалтоўным, – удакладніў эксперт.
Пугай і пернікам
Пакуль жа ўкраінцы саматугам адстойваюць правы на дзяржаўную мову. Адны ідуць у суды, якія абавязваюць рускамоўных пры абслугоўванні пераходзіць на ўкраінскую.
Напрыклад, Лычакаўскі суд Львова прызнаў, што супрацоўнікі “Украінскай чыгункі” неправамерна адмовіліся абслугоўваць пасажыра на ўкраінскай. Мужчына пажаліўся, што ў цягніку “Чарнаўцы-Адэса” праваднікі размаўлялі з ім на рускай, прычым груба і непаважліва. Таму пасажыр спачатку напісаў водгук у “Кнізе скаргаў”, а потым яшчэ і звярнуўся ў суд.
Іншыя – за мірны план. Алесь Доній з’яўляецца заснавальнікам бясплатных курсаў украінскай мовы. Цяпер іх праводзяць у 25 гарадах краіны.
– Я ініцыяваў, а зараз ужо дзеці самастойна іх праводзяць. Але гэта добраахвотніцкі праект, які, што паказальна, праводзіцца высілкамі актывістаў, а не дзяржавы. Галоўны дэвіз курсаў: “Навучы сябра размаўляць на ўкраінскай”. Гэта кажа пра тое, што кожны чалавек, які размаўляе на рускай ці іншай мове, але жадае вывучыць украінскую, ужо з’яўляецца сябрам. Гэта значыць, ні ў якім разе не павінна быць прымусу, а падахвочванне і рука сябра. Гэта вельмі важная рэч, таму што любыя іншыя спробы могуць прывесці да процілеглых наступстваў. І дзяржава павінна паказаць сістэмнасць і паслядоўнасць. А ўкраінскае грамадства павінна садзейнічаць, але рабіць гэта ў прыязнай манеры. Тады не будзе магчымасці дзейнічаць варожай прапагандзе, а ў грамадстве не будзе расколу.
Рэсурс “Галоўрэд”.