У менскім выдавецтве МАЭН выйшла кніга Валера Санько “Прыкмета і прырода – сябры назаўсёды”.
У кнізе найболей поўна прадстаўлена тая багатая плынь беларускага фальклору, якую многія людзі ўжываюць паўсядзённа – прыкметы.
Прыкметы падзелены на 88 груп і падгруп. Дарослыя і моладзь даведаюцца, як прадбачыць, а значыць і прадказаць надвор’е, ураджай і г.д. па зменах неба, ветру, паводзінах жывёл, птушак, насякомых, жаб, рыб, чарвякоў, вужоў, раслін. Для масавага чытача.
У прадмове да кнігі аўтар піша:
“Жыць – прыкмету вучыць
Прырода акружае кожнага з нас. Яна аздараўляе і лечыць усё жывое. Болей таго, мы ўсе – часцінкі яе вялікасці Прыроды.
Яна навучае чалавека прадбачыць будучыню, ведаць заўтрашні дзень ужо сёння. Дасягаецца гэта ўменнем разбірацца ў прыкметах.
Неба, воблакі, вецер, ягады, грыбы, травы, рыбы, звяры, птушкі, паўзуны – добрыя арыенціры. Яны прадказваюць надвор’е на бліжэйшыя дні, праз месяц, квартал. Цікавіць гэта селяніна і рабочага, вучня і настаўніка, садавода, турыста, паляўнічага, грыбніка, ягадніка, вайскоўца.
Без прыкметы не дойдзеш да мэты, гаворыць вядомая беларуская прымаўка. Асабліва важна ведаць і карыстацца прыкметамі школьнікам.
Аўтар многія прыкметы і прымаўкі запісаў у розных раёнах Беларусі, многія вычытаў у даўнейшых і цяперашніх рукапісах.
Лёгка заўважыць, што воблакі на небе, захад сонца, паводзіны звяроў, птушак, раслін розныя ўзімку і ўвесну, улетку і ўвосень. Таму кожны раздзел з прыкметамі падзелены на поры года.
Беларускі народ у сваіх трапных і мудрых прыкметах даўно заўважыў, што яны бываюць доўгатэрміновыя і каротка-тэрміновыя. Доўгатэрміновыя (Д) прыкметы тыя, якія ўзімку або ўвесну прадказваюць, якое будзе лета ці восень. Карот-катэрміновыя (К) тыя, якія вяшчуюць, якія змены ў зіме, напрыклад, будуць праз дзень, два, тыдзень.
Многія чытачы справядліва заўважаюць, улічвалі 2-3 прыкметы, а прагноз так і не спраўдзіўся. Калі ўзбунтаванае дымам заводаў, самалётаў, узрывамі снарадаў і ракетаў надвор’е яшчэ больш не будзе спраўджваць надзеі, чалавек зусім заблытаецца. З пенаю памылковых і няўдалых прыкметаў адрыне і найвялікшай каштоўнасці ракі багатага метэаралагічнага народнага календара.
Назапашанае сотнямі пакаленняў продкаў не адкінь нашчадак! Бо яны, мёртвыя толькі для глухіх і сляпых, адчуюць тваю няўвагу і не памогуць табе ў радасці, тым болей у бядзе-горы. Праблема не ўсвядоміць вартасць паняццяў і веры, звычаяў і прымхаў, а своечасова іх усвядоміць. Калі ты пры розуме, сіле і жаданнях. Няшчасце многіх старых людзей у тым, што яны позна вучыліся. Спазнавалі ісціны продкаў няўмела і несвоечасова. Такія веды для іх бескарысныя.
Вучыце прыкметы своечасова!
Усе прыведзеныя прыкметы важныя і каштоўныя з матэрыяльнага боку, прыкметавага, але не ўсе групы аднолькавыя з колькаснага боку (аднолькавыя па колькасці). Да прыкладу, паўзуны і ракі прадстаўлены зусім слаба. Гэта тлумачыцца тым, што вывучыць паводзіны ракаў надзвычай цяжка. Тое ж тычыцца і паўзуноў. Назіраць за імі ўзімку зусім немагчыма.
Змены ў ваколлі нельга дакладна прадказаць па адной ці дзвюх прыкметах. Пры карыстанні імі важна ўлічваць комплекс прыкметаў.
Трэба заўважыць, што ў асобных “ячэйках” прыкметаў мала ці зусім няма. Напрыклад, няма прыкметаў аб паводзінах рыбаў ці чарвякоў, каб устанавіць, якой будзе бліжэйшая пара года ці надвор’е на бліжэйшыя дні.
Асобныя прыкметы паўтараюцца. Без гэтага не абысціся. Адна прыкмета (дым ідзе ўгору з коміна, кошка ліжа лапы) дзейнічае ў розныя поры года.
Прыведзеныя прымаўкі, прыказкі, выслоўі, максімы запісаны аўтарам у розныя гады ў Слуцкім раёне з 1955 года да сённяшняга дня. Многія, асабліва максімы, дасюль амаль нідзе не друкаваліся.
Аўтар доўга працаваў у рэспубліканскіх газетах і часопісах, быў загадчыкам рэдакцый у розных выдавецтвах. Сам выдаў ці мала кніжкаў, у якіх пісаў “кніг, ступеней, прыкмет”, а не “кніжкаў, ступеняў, прыкметаў” і г.д.
Чаму ж цяпер, насуперак школьнай граматыцы і ўласнай практыцы (творам), ён часам піша ненармаванаю моваю? Чаму супярэчыць тэарэтыкам, рэцэнзентам, рэдакцыйным супрацоўнікам?
Прыкмета і прырода – сябры назаўсёды
Адказ просты, як усход Сонца. Усё жыццё я не прызнаваў глумлення над роднаю моваю. У “Чырвонцы” і “Звяздзе” пісаў згодна са школьнай паваеннай граматыкай, па якой вучыўся на радзімай Случчыне. Што пры партыйна-шавіністычным дабраслаўленні і прымусе беларускія мовазнаўцы здрадзілі мове народа, змянілі правапіс – не віна аўтара.
Нарэшце, пішу вольна і незалежна, некалькавана, пішу так, наколькі моцы і змогі даў Бог.
Безумоўна, дасціпны чытач заўважыць недахопы, промахі, а то і проста пропускі. У іхняй вёсцы і горадзе існуе такая прыкмета, а тут не падаецца. Просьба пра гэта паведаміць. За ўсе крытычныя заўвагі і парады аўтар зараней удзячны.
Народ пра прыкметы:
Алкаголік і лайдак з прыкметаю пакутуюць, без прыкметы – таксама.
Без прыкметы ні ў чым удачы не бывае.
Без прыкметы, як без крэўных (родных), не пражывеш.
Дзецям пакідай не грошы, а любасць да прыкметы, шкадобу да лесу і ракі, добры характар.
Дзяржава – спярша прыкмета і народ, а тады – звычай і закон.
Жыць – прыкмету вучыць.
Звычай – хата, прыкмета – памяць.
I добры без прыкметы неразумны.
Лайдак прыкмету ўчуе і не працуе, бедаком памірае.
Мудраца без прыкметаў, селяніна без недахопаў, а паляўнічага без промахаў не бывае.
На прыкмеце і звычаі народ жыве.
Народ свой звычай і прыкмету, а сабака будку і гаспадара ведаюць.
Настаўнік без прыкметы, як вучань без настаўніка, дзіця без маці.
На тое Бог і галаву даў, каб прыкмету ты засвоіў.
На тое і гаспадар, каб з прыкметаю жыць (прыкметаю біць).
Не ведаеш прыкметы і свайго лесу – не можаш быць паляўнічым.
Не верыш прыкметам, не будзе і абеду.
Пакуль прыкметы не засвоіш, шчасця не займееш.
Прыкмета і звычай старэй за закон.
Народнымі прыкметамі кіравацца проста і няпроста. Прыкметы стварае пані Прырода, а ўбачыць, правільна растлумачыць і выкарыстаць іх на сваю карысць – справа Homo Sapiens.” (З кнігі.)
Апошнія паўгода Валер Санько быў цяжка хворы, але пісьменнік ёсць пісьменнік – хворы, а выдаў сваю 22-ю кнігу.
Дай жа, Божа, яму здароўя і натхнення на новыя кнігі.
Яраслаў Грынкевіч.