Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Алена Анісім ініцыюе закон аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы

Алена Анісім ініцыюе закон аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы

29 красавіка 2019, 19:40 Мова, ТБМ 10
Алена Анісім ініцыюе закон аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы

 Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім прапануе ўключыць у план разгляду законапраектаў на 2020 год праект закона “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. Адпаведны зварот яна накіравала 18 красавіка ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД). Як паведаміла парламентарый БелаПАН, пытанне аб уключэнні законапраекта ў план на наступны год знаходзіцца ў кампетэнцыі менавіта гэтага цэнтра. Акрамя НЦЗПД копіі праекта закона Анісім накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Міністэрства юстыцыі “для вывучэння і кампетэнтнай ацэнкі”. Пры гэтым яна патлумачыла, што Саўмін мае паўнамоцтвы, каб падключыць да абмеркавання яе прапановы іншыя кампетэнтныя органы. У суправаджальных лістах, якія змяшчаюць абгрунтаванне неабходнасці разгляду і прыняцця гэтага законапраекта, яна зрабіла акцэнт на пунктах Кодэкса аб культуры і Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, якія падкрэсліваюць важнасць беларускай мовы.

– У мяне як у дэпутата ёсць паўнамоцтвы для таго, каб ініцыяваць разгляд такіх законапраектаў, гэта маё права заканадаўчай ініцыятывы, – адзначыла дэпутат. – На разгляд прапановы дзяржорганам адводзіцца максімум 30 дзён, але я спадзяюся, што атрымаю адказы раней. <… > Калі праект закона будзе прыняты да разгляду, дык пазней трэба будзе стварыць рабочую групу ў Палаце прадстаўнікоў, якая зоймецца удасканаленнем і ўдакладненнем праекта закона для таго, каб яго прыняць. У гэтым выпадку, вядома, хтосьці будзе накіраваны ў склад групы з адпаведных ведамстваў. …Я па натуры, вядома, аптымістка, але без ружовых акуляраў. Надзея [на станоўчы адказ з боку дзяржорганаў] у мяне слабая, але тым не менш я думаю, што ў выніку гэтага і ўсіх наступных крокаў, штодзённай працы змены ў стаўленні да беларускай мовы будуць адбывацца.

Раней парламентарый заяўляла БелаПАН аб намеры дамагацца, каб у бюджэт краіны на 2020 год было закладзена фінансаванне ў рамках распрацаванага ТБМ праекта закона, які прадугледжвае меры па дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Тэкст законапраекта “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” ТБМ апублікавала ў газеце “Наша слова” і на сваіх сайтах у лістападзе мінулага года. У дакуменце замацаваны абавязак дзяржавы спрыяць павышэнню моўнай культуры грамадзян, ствараць умовы для захавання дыялектаў, помнікаў пісьменства беларускага народа, забяспечваць фармаванне і развіццё беларускай тэрміналогіі для ўсіх галін навукі, сфер дзяржаўнай дзейнасці і гаспадаркі. Апрача таго, на дзяржаву ўскладзена адказнасць за падтрымку на прыярытэтнай аснове галін навукі, якія займаюцца даследаваннем беларускай мовы, а таксама за падтрымку выдання навуковых і папулярных прац у пытаннях беларускай мовы. Прэзідэнт, згодна з дакументам, мусіць дасканала валодаць беларускай мовай, ставіцца да яе, як да “нацыянальнай святыні і дзяржаўнай каштоўнасці”, карыстацца ёю не менш чым рускай, а ўсе ягоныя ўказы павінны выдавацца на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Законапраект таксама ўтрымлівае нормы па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы Нацыянальным сходам, Саветам міністраў, Нацыянальнай акадэміяй навук, шэрагам міністэрстваў:  адукацыі, культуры, інфармацыі, працы, спорту і турызму, гандлю, транспарту, абароны, унутраных спраў, юстыцыі, а таксама пагранічным і мытным камітэтамі, Камітэтам дзяржбяспекі, Белтэлерадыёкампаніяй ды іншымі дзяржаўнымі структурамі. Шэраг абавязкаў па падтрымцы і пашырэнні ўжывання беларускай мовы ўскладзеныя на органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі, палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Кантраляваць выкананне гэтага закона прапануецца дэпартаменту беларускай мовы пры прэзідэнце, які мусіць быць адмыслова створаны для гэтай мэты.

belapan.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Збіральнік скарбаў зямлі беларускай
Навука

Збіральнік скарбаў зямлі беларускай

14 верасня 2023, 22:5319
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0517
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4716
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0715
Далучайцеся да нас